Занадта кароткія хвалі

або “Шалёныя слухачы, пішыце нам на адрас…”

У Вільні я слухаю радыётрансьлятар “Балтыйскія хвалі”. Але вось узяў і памяняў чысты этэр радыйных хваляў на рэальны плюскат хваляў Балтыйскага мора. Тут, у Паланзе, частаты 612 кГц не чуваць, таму спрабаваў слухаць наша радыё на кароткіх хвалях. О, гэта незабыўнае ўражаньне! Тут немагчыма проста ўключыць прымач, а самому займацца нейкай іншай справай. Тут трэба ўвесь час сядзець каля яго, а яшчэ лепш – трымаць у руках і лавіць хвалю, як рыбак ловіць рыбку ў моры. Бывае, пашанцуе.

Навакольным людзям адкрываецца ў гэты час дзіўнае відовішча. Ты – як шаман, робіш рукамі якіясьці магічныя жэсты. На тваім твары адбіваюцца розныя эмоцыі, а чорная рагатая скрынка выдае якіясьці няўцямныя гукі. Тады твае бліжнія вырашаюць, што табе тэрмінова патрэбная дапамога і прыходзяць ратаваць цябе прыемнай размовай.

Але нават у гэтых экстрэмальных курортных умовах мне ўдавалася краем вуха сёе-тое пачуць. Пасьля 11-й вечара і рана раніцай, калі ў этэры ня цесна і станцыі адна на адну не напаўзаюць, а ўсе бліжнія ціхамірна сьпяць, можна было даволі прыстойна слухаць і Свабоду, і Рацыю.

Звычайна я зьвяртаю ўвагу на тое, што кажуць журналісты. А цяпер скажу пра нас, слухачоў. Слухач, які слухае радыё на кароткіх хвалях, павінен падключыць фантазію, каб расшыфраваць гукі, што даносяцца з прымача. І вось аднойчы замест фразы “Шаноўныя слухачы, пішыце нам на адрас…” мне пачулася – “Шалёныя слухачы…”

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.