“АРЫЕНЦІРОЎКА” НА ЖУРНАЛІСТКУ
Жонку Лукашэнкі прыраўнялі да арабскіх шэйхаў
Хату, у якой жыве Галіна Лукашэнка, забаронена здымаць. Пра гэта стала вядома пасьля таго, як у Рыжкавічах затрымалі карэспандэнтку інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Алену Якжык.
Мэтай яе камандзіроўкі быў пасёлак Маладзёжны, дзе будуецца буйное прадпрыемства па вытворчасьці паперы. Але калі спадарожніцы паказалі на хату Галіны Лукашэнкі — “першай лэдзі” — журналістка, натуральна, вырашыла на хвілінку спыніцца й сфатаграфаваць “гістарычны” будынак.
Неўзабаве да Якжык падбег міліцыянт і загадаў штосьці кшталту “Пройдёмте, гражданка”. Як ён патлумачыў, здымаць гэты дом забаронена. Чаму? Адказу не было, роўна як і шыльдачкі, што папярэджвала б пра незвычайную забарону.
Нават удвох міліцыянты ня здольныя былі вырашыць, што рабіць з затрыманай журналісткай. Урэшце па дапамогу зьвярнуліся ў вышэйшую інстанцыю: «Звони в комитет».
«Комитетчики» зьявіліся хвілін праз 20 і пачалі апрацоўваць Якжык: “Чаго вы сюды прыехалі? Навошта здымалі?” Нарэшце журналістку адпусьцілі, папярэдне запатрабаваўшы, каб забароненыя кадры былі выдаленыя з фотаапарату.
Але гэтым справа ня скончылася. У той дзень Якжык затрымлівалі яшчэ двойчы. Прычым апошні раз міліцыянт паведаміў, што па раёне распаўсюджаная арыенціроўка (!) пра знаходжаньне журналісткі, якая незаконна (!) здымала хату Галіны Лукашэнкі.
Падобна, што каб на Шклоўшчыну завітаў нейкі Чыкаціла, яму б надалі менш увагі, чым Якжык. З аднаго боку, сьмех, а зь іншага…
Сапраўды, у чым справа? Хіба дом жонкі прэзыдэнта – гэта сакрэтны вайсковы аб’ект, ракетная база? Навошта ўчыняць такі пярэпалах з-за таго, што нехта сфатаграфаваў гэты сьціплы будынак?
Я быў у шэрагу краінаў сьвету, і амаль нідзе няма такой бязглузьдзіцы. У Эўропе практычна паўсюль пры наяўнасьці жаданьня можна нават наведаць рэзыдэнцыі кіраўнікоў дзяржаваў. Натуральна, што ў пакоі да іх вас, хутчэй за ўсё, не дапусьцяць. Але праблемаў з-за таго, што вы сфатаграфавалі будынак звонку, дакладна ня будзе.
І ўсё-ткі я прыгадаў адзін цікавы выпадак. Гадоў 12 таму давялося наведаць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Падчас экскурсіі гід паказаў на шыкоўны замак, які патанаў у зеляніне дрэваў дзесьці ў кілямэтры ад дарогі й заявіў: гэта палац шэйха, яго здымаць нельга.
Паколькі большасьць экскурсантаў была не з законапаслухмянай Нямеччыны, а з краёў, блізкіх да нашых, гэтая забарона падзейнічала на іх, нібы чырвоная ануча на быка. Кожны другі шчоўкнуў сваёй “мыльніцай” праз вакно аўтобуса. І ўявіце сабе: арабскі гід не пачаў клікаць паліцыю, а проста працягнуў расповед пра сваю краіну. І пільныя сэк’юрыці не ламіліся ў аўтобус, каб выдаліць забароненыя кадры. І нікому ў галаву не прыйшло распаўсюджваць у эміраце Дубай арыенціроўку на турыстаў, якія злосна здымалі “сакрэтны аб’ект”.
Такім чынам, атрымліваецца, што жонку Лукашэнкі прыраўнялі да арабскіх шэйхаў. Толькі ў нас больш жорсткі рэжым, чым у ААЭ.
Выпадак з журналісткай яскрава ілюструе бессэнсоўную сакрэтнасьць, што ў апошнія гады распаўсюджваецца ўсё шырэй. Згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам, права на грыф “сакрэтна” цяпер маюць ня толькі КДБ ды МУС, але й яшчэ некалькі дзясяткаў установаў. Паступова чыноўнікі адгароджваюцца сьцяной ня толькі ад сродкаў масавай інфармацыі, але й ад простых выбаршчыкаў: “Вам этого знать не положено”. А што “положено”, распавядуць па БТ.
Таму, калі раптам вы апынецеся ў Рыжкавічах, барані Божа, нічога не фатаграфуйце. Хто ведае, што яшчэ засакрэчана на “малой зямлі” Аляксандра Лукашэнкі.