Як правільна адзначаць Купальле?

Алесь Пушкін, мастак:
“ТРЭБА БЫЦЬ ЦЬВЯРОЗЫМ І НЕАГРЭСІЎНЫМ”
Сам я, уважаючы на традыцыі нашай мясцовасьці, сьвяткую яго ў ноч з 6-га на 7-га ліпеня. Паколькі ў нас спрадвеку гэта было, дык і ня трэба гэтага рушыць. Я зь дзяцінства памятаю вогнішча, як бульбу пяклі, як гукалі й танчылі. Купальле трэба адзначаць цьвярозым, неагрэсіўным. Чакаць каханьня. Мэта Купальскага сьвята – каб было больш дзяцей. Каб нашы абшары поўніліся дзецьмі. І спрадвеку ў гэтую ноч дазвалялася мужчыну й жанчыне вольнае каханьне. Мне прыемна, што ў мінулае Купальле мы выбралі самых прыгожых хлопца і дзяўчыну. І яны сёлета ажаніліся і ў кастрычніку чакаюць дзіця. Яны правільна адзначылі Купальле… Ужываць можна малочную ежу, праснакі і сыр. Неад’емныя рэчы – ачышчэньне агнём, вадою й ранішняй расою. Па-другое, пусканьне вянкоў і варажба на гэтых вянках. Трэцяе – гэта крупнік, купальскі напой. Мужчына ня можа адмовіць жанчыне, якой ён спадабаўся. Гэтаксама й жанчына ня можа адмовіць мужчыну, якому яна спадабалася. На тое ёсьць час для заляцаньняў. Гэта карагоды, гэта гушканьні на арэлях. За гэты час мужчына й жанчына павінны паразумецца. А пасьля Купальскай ночы трэба ісьці ў царкву й каяцца.

Вольга Цярэшчанка, аўтарка і выканаўца песень:
“ТРЭБА АДЗНАЧАЦЬ СЯМ’ЁЙ”
Купальле трэба адзначаць сям’ёй. Галоўны сэнс, каб дзеці бачылі, што гэта за сьвята, што гэта за абрад. А паколькі ў мяне старэйшая дачка, то трэба, каб моладзь недзе гэта працягвала самастойна, з добрымі традыцыямі. Каб у гэтай кампаніі, дзе будзе моладзь зьбірацца, быў нехта старэйшы, аўтарытэтны для моладзі. Каб паказаў, расказаў. Таму што на сёньняшнім этапе Беларусі ёсьць тэндэнцыя, што моладзь проста бярэ пляшкі й п’е. Канечне, купальскае купаньне патрэбна. Але яно не павінна замяняць рэлігію.

Кастусь, прадпрымальнік:
“ПАГАНЦЫ ПАВІННЫ ІСЬЦІ Ў ЛЯСЫ, А ХРЫСЬЦІЯНЕ Ў ЦЭРКВЫ”
Ну, зразумела як. Паганцы павінны ісьці ў лясы і шукаць там папараць-кветку, скокаць праз вогнішча, а пасьля займацца любошчамі кожны з кожным. А беларусы-хрысьціяне павінны ісьці да касьцёла і царквы, каб маліцца за сваіх супляменьнікаў. Каб Бог уразуміў гэтых няшчасных і ня надта моцна караў.

Віктар Шалкевіч, актор, бард:
“ГЭТА СПРОБА ЎЦЯЧЫ АД ЦЫВІЛІЗАЦЫІ”
Галоўнае ў Купальлі, як пішуць клясыкі, гэта шэсьце з паходнямі, купальскае вогнішча… Гэта спроба ўцячы ад цывілізацыі – спроба, якая не заўсёды сканчаецца ўдала. Гэта тое самае, як хадзіць на мітынгі ў абарону беларускай мовы, а потым вяртацца й гаварыць па-расейску. Гэта спроба адчуць сябе крышку іншым.

Генадзь Сагановіч, гісторык:
“ГЭТА НЕЙКАЯ СЬВЯТАЯ ЧАСІНА”
Калі я яго адзначаў у дзяцінстве, гэта рабілася па нейкіх даўніх, не скажу старажытных, рытуалах. Мы йшлі на бліжэйшую ваду, колы перад сабой кацілі. Хоць за пяць кілямэтраў. Вялізнае вогнішча распальвалі. Усю ноч купаліся. Не перадалося нам ад старых, як трэба рабіць. Проста ведалі, што старыя рабілі і спрабавалі самі… Пускалі вянкі, шукалі сьветлякоў, і скокі праз агонь былі. Не было карагодаў зь вяночкамі. Потым, як мы ў Менск прыехалі, тут было больш этнаграфіі, але, усё роўна, у моладзі гэта было жывым і натуральным. Хацелася ехаць у гэты дзень як мага далей ад гарадоў і адзначаць Купальле. А цяпер я ўжо ня ў тым узросьце. І адно, што мне на Купальле хочацца, гэта адчуць гэтую незвычайную пару году, гэтае сонцастаяньне, пабыць дзе-небудзь у лесе аднаму. Гэта як нейкая сьвятая часіна. Але ніякіх ужо ня хочацца кампаній, рытуалаў. Таго адзначэньня, якое было натуральным у 20-25 гадоў, цяпер ужо ня хочацца.

Вераніка, настаўніца:
“ДАЛЕЙ АД ГЭТЫХ ПОШЛЫХ АФІЦЫЙНЫХ П’ЯНАК”
Купальле даўно ў нас забіваецца афіцыёзам. Маю на ўвазе масавыя гуляньні. Усе гэтыя агульнагарадзкія, ці нават усебеларускія “купальлі”. А трэба ехаць кампаніяй аднадумцаў на якое-небудзь капішча ці выспу. Падалей ад гэтых пошлых афіцыйных п’янак.

Тацяна Валодзіна, этнакультуроляг:
“ГЭТА СПРОБА ДАЛУЧЫЦЦА ДА ЭНЭРГЕТЫКІ СОНЦА”
Купальле – гэта спроба далучыцца да энэргетыкі сонца, якое знаходзіцца ў самым піку. І, мо, з-за вось гэтага росквіту прыроды, трошачку ад яго падсілкавацца. Можа, адшукаць сваю папараць-кветку. Папараць-кветка – гэта не зусім тое, пра што мы прывыклі чытаць у кніжках. Гэта нешта таямнічае і нават небясьпечнае. У залежнасьці ад таго, як ім скарыстаешся, цябе чакае тое ці іншае ў жыцьці. Для гараджаніна гэта магчымасьць адчуць сваю еднасьць з прыродай. Банальна гучыць. Але ўсё ж такі, уліцца ў нейкую сусьветную гармонію. Далучыцца да буйства, у тым ліку й любоўнага.

Тодар Кашкурэвіч, мастак, этнограф:
“ТРЭБА РЫХТАВАЦЦА І ЖЫЦЬ СЬВЯТАМ”
Яго трэба адзначаць менавіта на летняе сонцастаяньне. Самы доўгі дзень, самая кароткая ноч. Гэта самае істотнае. Сутнасьць яго – гэта апагей сонца і апагей сьветлага часу. Але, зь іншага боку, гэта ўжо той пік, пасьля якога сонца пачынае скачвацца. Дарэчы, тое, што каталі кола з гары, сымбалізавала сонца на сыходзе. Мы Купальле адзначаем кампаніяй у пэўным месцы, езьдзім на поўнач Беларусі кожны год і ладзім гэтае сьвята. А як адзначаць… Ёсьць розныя варыянты. Калі паспалітаму чалавеку сказаць мінімальны сцэнар, ён вядомы. А чалавеку трошкі больш прасунутаму трэба, як да кожнага сьвята, рыхтавацца і жыць з гэтым. Вельмі важна сьпяваць абрадавыя песьні. Сьвет арганічна існуе тады, калі людзі рытуальна падтрымліваюць касьмічны лад. Гэта ня тое, што мы, гэткія вампіры, хочам падсыціць свае батарэйкі. Трэба, наадварот, перажываць сваёй душой, целам, і дапамагаць сьвету быць гарманічным. А гэта залежыць ад рэгулярнасьці рытуалаў і абрадаў.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.