Як мы адрадзілі Купальле
Досьвед талакоўца
Купальле – гэта добра… От, помню, калісь зьбярэмся, паедзем дзе на прыроду, запалім вогнішча і пяём, пяём праз усю ноч…
А калі сур’ёзна, дык сёньня я трохі скептычна паглядаю на спробы “адрадзіць” Купальле. Мой пэсымізм выкліканы практычным досьведам. Спачатку на нашых сьвятах зьбіралася чалавек 50-100 талакоўцаў. Усе адзін аднаго ведалі, усе ведалі песьні, абрады, бо перад гэтым праводзілі спэцыяльныя заняткі. Перад намі выступалі прафэсійныя фальклярысты, самі кніжкі пачытвалі. Гэта паўтаралася з году ў год, так што былі трохі адукаваныя. У маім архіве засталася тэчка колішніх сцэнароў. У выніку ніхто ніколі не напіўся, не зблудзіў, не ўтапіўся. Было вясёла і адначасова надзейна, спакойна. Потым падумалі – калі нам так добра, дык і іншым будзе. Сталі запрашаць, агітаваць. Пачалі прыходзіць, тысячы… І сьвята разбурылася. А ў Літве зрабілі Купальле выходным днём і цяпер на першым месцы камэрцыя – піва ды шашлыкі.
Мая парада будзе такая. Арганізуйце на нейкай сцэне купальскі канцэрт для шырэйшай публікі. Запрасеце фальклёрны калектыў, найлепш аўтэнтычных бабуляў. Можна прачытаць вершы пра Купальле, можна артыстычна прачытаць апісаньні колішніх абрадаў. Можна прыдумаць для публікі ўсялякія конкурсы, лятарэі, іншыя забавы. А ўжо потым зьбярыце надзейных сяброў і пайдзеце зь імі ў вандроўку. Знайдзеце прыгожае месца. На мой густ, возера побач можа й ня быць, пакупацца-пакачацца і ў расе можна. Лепей, каб было такое месца, адкуль можна было б назіраць узыход сонца. Зь ім на Купальле нешта робіцца. Яно “грае”. Пасядзіце каля вогнішча, пасьпявайце, як умееце, зварыце купалішу – віна зелянога… І будзе вам сапраўднае сьвята.
Па сакрэце раскажу рэцэпт віна зелянога. У кацёл набярэце крынічнай вады. Калі закіпіць, здымеце з агню. Усыпце сушаных зёлак – сьвятаяньніку ці любых іншых, якія любіце. Калі настаіцца, вылавіце зельле, пакладзеце мёду і пастаўце, хай ізноў закіпіць. Тады ўліце ў кіпень конаўку чыстага сьпірытусу. Асьцярожна. Сьпірт загарыцца й сакральны агонь пасьвенціць ваш напой. Здымеце кацёл з агню і дабаўце яшчэ трохі вогненнай вады. І, пакуль цёплы, піце на здароўе.