НЯВЫВУЧАНЫ ПАРАГРАФ

Як улады РБ самі сябе абдурылі

30 траўня ў Жэнэве пачала работу Міжнародная канфэрэнцыя працы. Больш як 3000 прадстаўнікоў урадаў, наёмных работнікаў і працадаўцаў з 180 краінаў сьвету ўдзельнічаюць у гэтай канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Да 15 чэрвеня дэлегаты павінны абмеркаваць пытаньні, зьвязаныя з забесьпячэньнем годных умоваў працы, праблемы прымусовай працы, дзіцячай працы ў сельскай гаспадарцы, забесьпячэньня роўных правоў на рабоце і ўстойлівага разьвіцьця прадпрыемстваў. Чарговым разам на канфэрэнцыі адной з найбольш уплывовых міжнародных арганізацыяў абмяркоўваецца і пытаньне Беларусі. Размова ідзе пра парушэньне правоў прафсаюзаў.

Сутнасьць пытаньня ў тым, што яшчэ ў 2000-м годзе некалькі беларускіх прафсаюзных арганізацыяў паскардзіліся МАП на парушэнне сваіх правоў з боку ўладаў РБ. Прыводзіліся факты ціску на сяброў незалежных прафсаюзаў, умяшаньня дзяржавы ў выбары прафсаюзных лідэраў, згадваліся шматразовыя спробы ўмешвацца ў справы прафсаюзаў.

У 2003 годзе ў Беларусі працавала Камісія расьсьледаваньняў МАП. Пазнаёміўшыся са станам, у якім апынуліся незалежныя прафсаюзы, Камісія палічыла гэты стан нездавальняючым і не адпаведным шэрагу канвэнцыяў МАП. У тым ліку, і тых, што падпісала Беларусь. У выніку ўраду Беларусі былі дадзеныя рэкамэндацыі – як палепшыць сытуацыю. Выкананьня гэтых рэкамэндацыяў міжнародная супольнасьць чакае ўжо некалькі гадоў. Аднак кіраўніцтва РБ не сьпяшаецца выконваць узятыя на сябе забавязаньні, а дае толькі пустыя абяцанкі.

Хоць варта заўважыць, што ў патрабаваньнях МАП няма нічога надзвычайнага ці невыканальнага. Арганізацыя ўсяго толькі настойліва просіць даць незалежным прафсаюзам у Беларусі тыя ж правы, якія мае прыўладная Фэдэрацыя прафсаюзаў беларуская (ФПБ). Як адзначаюць экспэрты, на выкананьне рэкамэндацыяў МАП спатрэбілася б усяго некалькі дзён.

Але ўлада не зьбіралася адступаць ні на крок. Тады ў сытуацыю ўмяшаўся Эўразьвяз, які прыгразіў ураду Беларусі пазбаўленьнем гандлёвых прэфэрэнцыяў – то бок, ільготаў у гандлі беларускіх кампаніяў і прадпрыемстваў з краінамі ЭЗ.

Дарэчы, дзяржаўная прапаганда робіць выгляд, быццам у выніку скаргі прафсаюзаў МАП уводзіць санкцыі супраць нашай краіны. Але насамрэч рашэньне аб скасаваньні гандлёвых льготаў МАП прыняць ня можа – гэта можа зрабіць толькі Эўразьвяз. З улікам меркаваньня гэтай аўтарытэтнай арганізацыі, зразумела.

Як адзначыў выканаўчы дырэктар МАП Кары Тапіёла, “мы ўсьцешаныя тым, што Эўразьвяз прыслухоўваецца да меркаваньня Міжнароднай арганізацыі працы. Але ў кожным з гэтых аб’яднаньняў дзейнічае свой мэханізм прыняцьця рашэньняў”.

Пасьля таго, як пагроза пазбаўленьня Беларусі прэфэрэнцыяў стала рэальнай, улады ў Менску заварушыліся. Бо ў выпадку скасаваньня прэфэрэнцыяў бюджэт Беларусі будзе страчваць каля 300 мільёнаў эўра штогод. Але ж і выконваць рэкамэндацыі МАП усё адно ня сталі.

Замест гэтага яны даручылі “прыдворнай” ФПБ сабраць як мага больш подпісаў беларускіх працоўных да ўрадаў розных краінаў сьвету са сьлёзнымі пісьмамі – пра тое, як будуць галадаць беларускія працоўныя ў выніку адмены прэфэрэнцыяў. Так улада вырашыла чарговы раз прыкрыць уласныя хібы ўласным народам.

Але, як кажуць, з такімі хаўрусьнікамі й ворагаў ня трэба. ФПБ так зацята ўзялася за справу, што дакацілася да фальшаваньня. Хаця – пасьля выбараў у Беларусі — чаго ўжо зьдзіўляцца?

Вельмі быў зьдзіўлены старшыня Міжнароднага аб’яднаньня мэталістаў Мікалай Шатохін з Расеі, калі нечакана для сябе пабачыў свой уласны подпіс пад зваротам да Эўракамісіі з просьбай адмяніць рашэньне аб пазбаўленьні РБ прэфэрэнцыяў. Гэтым разам гаворка была пра подпісы не шараговых працоўных, а кіраўнікоў міжнародных прафсаюзных арганізацыяў. ФПБ калегам з прафсаюзу мэталістаў нічога пра гэта не паведаміла. Грымнуў скандал. Чыноўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай тлумачаць капіяваньне чужых подпісаў “тэхнічнай памылкай”. Але ўдзельнікі Міжнароднай арганізацыі працы, прадстаўнікі эўрапейскіх урадаў дагэтуль не ачомаліся ад шоку. Цяпер усе спробы ФПБ давесьці, што з правамі прафсаюзаў у Беларусі ўсё ў парадку, асуджаныя на правал. Хто ж паверыць такой арганізацыі?

Як заявіў Мікалай Шатохін, “калі людзі бяруць чыжыя дакумэнты і пачынаюць імі маніпуляваць – гэта адаб’ецца на іміджы ФПБ”.

Рэакцыя з боку міжнародных прафсаюзных арганізацыяў была жорсткай. Усеагульная канфэдэрацыя прафсаюзаў (УКП), якая аб’ядноўвае 31 галіновы міжнародны прафсаюз, а таксама прафцэнтры краінаў СНД (сярод якіх, дарэчы, і ФПБ) выказала спадязваньне, што Фэдэрацыя прафсаюзаў зьвернецца да ўраду РБ з патрабаваньнем “выканаць у самы кароткі тэрмін і ў поўным аб’ёме рэкамэндацыі Камісіі МАП”.

Лідэр Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі Міхаіл Шмакаў заявіў, што рашэньне аб скасаваньні прэфэрэнцыяў “стала магчымым толькі з-за адкрытага нежаданьня ўраду Беларусі выконваць Канвэнцыі МАП”.

Трэці кангрэс Эўрапейскай фэдэрацыі мэталістаў (EMF), які праходзіў у Лісабоне, прыняў заяву, дзе гаворыцца, што “ўся адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі, ляжыць на ўрадзе і кіраўніцтве краіны”. Кангрэс заклікаў ЭЗ скасаваць усе прэфэрэнцыі, калі ўлады РБ ня выканаюць рэкамэндацыі МАП.

Пасьля такой “дапамогі” з боку ФПБ ураду РБ удвая цяжэй будзе даводзіць у Жэнэве, што чорнае – гэта белае.

Выслухаўшы аргумэнты беларускага боку на Міжнароднай канфэрэнцыі працы, прадстаўнікі наймальнікаў і прафсаюзаў прапанавалі ўнесьці Беларусь у так званы спэцпараграф Дакладу МАП.

Такое вылучэньне ў спэцпараграф ёсьць сыгналам урадам-сябрам МАП, каб яны перагледзелі свае адносіны з урадам РБ. Акрамя таго, да рэкамэндацыяў МАП прыслухоўваюцца ААН, Рада бясьпекі, Усясьветная гандлёвая арганізацыя, Сусьветны банк і іншыя. Калі рашэньне ўнесьці Беларусь у спэцпараграф будзе прынятае, цяжка будзе спадзявацца на тое, што гандлёвыя прэфэрэнцыі ЭЗ у дачыненьні Беларусі захаваюцца.

Але выглядае, што ўлады РБ дзеля ўласных амбіцыяў гатовыя ахвяраваць дабрабытам сваіх грамадзян.

Алег Ман


Замест пастскрыптуму

Беларусь унесеная ў спэцыяльны параграф дакладу МАП. Аб гэтым БелаПАН паведаміла выканаўчы дырэктар дэпартамэнту міжнародных працоўных нормаў Міжнароднага бюро працы Карэн Кертыс.

Гэтае рашэньне, падкрэсьліла яна, азначае, што сытуацыя з правамі прафсаюзаў у Беларусі ёсьць “адным з тых сур’ёзных выпадкаў, якому Міжнародная арганізацыя працы павінна надаваць сур’ёзную ўвагу”.

Беларусь ужо пяты раз трапляе ў спэцпараграф.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.