ЗАПЛЫЎ ПА ГРАМАДЗЯНСТВА

Спосаб зарабіць альбо здрада?

Калі шэрагі беларускіх спартоўцаў папаўняюцца “таннай працоўнай сілай” у выглядзе Магамэда Нурудзінава, Бато-Мунко Ванкеева, Хаважы Хацыгава, Вазгена Сафар’янца й іншымі асобамі, якія не патрабуюць ад фэдэрацыі вялікіх выдаткаў, дык у астатніх відах спорту беларусы губляюць найвыдатнейшых атлетаў, выхаванцаў мясцовых школ і вучэльняў.

Славуты менскі “СКА”, неаднаразовы чэмпіён, пераможца шматлікіх спаборніцтваў Савецкага Саюзу й міжнародных турніраў па гандболу, зараз знаходзіцца ў глыбокім эканамічным крызісе: спынілася аднаўленьне спартовых базаў, іхнае будаўніцтва, рэгулярна затрымліваюцца грашовыя выплаты гульцам і г.д. Гэтае становішча ў беларускім “ручным мячы” вымушае спартоўцаў прымаць радыкальныя меры. Сяргей Рутэнка і Андрэй Клімавец зьмянілі сваё грамадзянства на славенскае й нямецкае адпаведна. Першы стаў лепшым снайпэрам на апошнім чэмпіянаце Эўропы, пераможцам гандбольнае Лігі чэмпіёнаў у складзе гішпанскага “С’юдад Рэала”, а другі дапамагае зборнай Нямеччыны граміць славутых і наймацнейшых сапернікаў, зьбіраючы ўсё новыя тытулы і ўзнагароды. Як прызнаюцца самі гандбалісты, за апошні час з радзімы да іх не паступіла ніводнага ліста, то бок тэлефанаваньня.

Здрада бацькаўшчыне, страта пачуцьця патрыятызму і прага грошай? Не, гэта простае, зразумелае жаданьне пачувацца чалавекам, мець падтрымку, быць запатрабаваным.

Алена Попчанка і Ганна Шчэрба доўгі час выступалі за нацыянальную зборную Беларусі ў плаваньні пад кіраўніцтвам францускага трэнэра-спэцыяліста. Хаця і зрэдку зьяўляліся на зборах каманды перад спаборніцтвамі ў беларускіх басэйнах, але кожны раз здабывалі ўзнагароды, займалі ганаровыя месцы ў сьпісе сусьветна вядомых плыўцоў.

Парыж, француская рамантыка, неблагія грошы вельмі прываблівалі дзяўчат. Сёньня яны ўжо маюць пашпарты грамадзянак Францыі, змагаюцца пад трыкалёрам нашчадкаў Напалеона Банапарта і Жан-Жака Русо.

“Вырыйце ім яму і хай сабе плаваюць”, – заявіў неяк пасьля Аляксандар Лукашэнка.

Нават ва ўлюбёным прэзыдэнтам біятлёне назіраецца падобная сытуацыя. Бронзавы прызёр алімпіяды Нагана-98 Аляксей Айдараў летась стаў пад жоўта-блакітны штандар нашых суседзяў. Але хвалявацца не прыходзіцца, вялікі наплыў драчовых, валіўліных, зубрылавых і івановых быццам стабілізуе суадносіны сіл паміж камандамі. Аднак пасьля японскіх зімовых Алімпійскіх гульняў у біятлёне больш мэдалёў не здабывалася. Скарбонка папаўняецца толькі намаганьнямі фрыстайлістаў.

Улады РБ выдаткоўваюць немалыя сродкі зь дзяржаўнага бюджэту на будаўніцтва лядовых палацаў, на аплату працы заакіянскіх трэнэраў, Глена Хэнлана і Курта Фрэйзэра, а тым часам нашы хакеісты, што выступаюць у расейскай супэрлізе, прымаюць грамадзянства гэтай краіны дзеля таго, каб не лічыцца легіянэрамі, на якіх у кожным клюбе існуе ўсталяваны фэдэрацыяй ліміт на колькасьць. Пакуль гэта не зьяўляецца перашкодай для ўдзелу беларусаў у матчах за зборную каманду, але вядомы выпадак, калі гульцы суседняй Украіны, лідэры дружыны, адмовіліся ад выступу на Чэмпіянаце сьвету 2007 году ў Маскве пасьля пастаўленага кіраўніцтвам клюба ультыматуму: беспрацоўны стан або зарэзэрваваная вакансія.

Такім чынам, цяжкую сытуацыю са “сьцёкам” спартовых кадраў зь Беларусі можна вырашыць толькі адзіным шляхам, агульным для ўсіх прафэсіяў, — шляхам пераходу да дэмакратычных, рынкавых мэтадаў разьмеркаваньня сродкаў, наданьня большай вольнасьці чыноўнікам ад спорту і ўвогуле пазбаўленьня дзяржаўных кіраўнікоў пасадаў у рознага кшталту фэдэрацыях (FIFA змагаецца з гэтымі праявамі вельмі жорстка, даходзячы і да адлучэньня камандаў ад міжнародных спаборніцтваў). Прыклад Расеі і Ўкраіны зьяўляецца яскравым пацьверджаньнем гэтае тэзы.

У спорце шмат, калі ня ўсё, вырашаюць грошы, кішэні заможных фундатараў поўняцца “зялёнымі” за кошт перамог і выдатных вынікаў, дзякуючы добрай рэкляме і продажу білетаў. Калі гэтага няма, прыходзіцца шукаць месца працаўладкаваньня за мяжой, зьмяняючы грамадзянства. Замежны пашпарт надае трываласьць, упэўненасьць і спакой, веданьне і адчуваньне будучыні.

Адам Птушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.