Якая галоўная праблема для Беларусі сёньня?
Паўлюк Канавальчык, рэдактар зачыненай газэты “Навінкі”:
“РАССЛАБЛЕНАСЬЦЬ”
На мой погляд, у гэты час вялікіх праблем не назіраецца. Бо сьвеціць сонейка, усе расслабленыя. А калі нават праблемы й ёсьць, то іх намагаюцца не заўважаць. Бо шмат у каго на носе адпачынкі, і людзям не да нейкіх праблем. Усе хочуць думаць адно толькі пра прыемнае. Магчыма, гэтая расслабленасьць і ёсьць нашай праблемай.
Вераніка, настаўніца:
“НЯМА МАГЧЫМАСЬЦІ НАРМАЛЬНА АДПАЧЫЦЬ”
У нас няма ніякай магчымасьці нармальна адпачыць. У Беларусі шмат прыгожых мясьцін, але каштуе гэта, па-першае, дорага, а па-другое – невялікі выбар турыстычных аб’ектаў, дзе ёсьць нармальныя ўмовы. Чаму Браслаўскія азёры каштуюць столькі ж, колькі Прыбалтыка? Адпачынак у нас даступны толькі адзінкам.
Артур Клінаў, мастак:
“МЫ НАЦЫЯ НЯЎДАЧНІКАЎ”
Галоўная праблема – гэта наша лузэрства. Мы, у пэўным сэнсе, нацыя лузэраў, то бок – няўдачнікаў. Мы нават не заўважаем, што мы лузэры. Унутры, можа быць, кожны гэта адчувае, але само пытаньне не пастаўлена. Але трэба яго ставіць. Як з гэтым лузэрствам далей жыць і што зь ім рабіць? Бо ад гэтага пачынаецца п’янства, інфантыльнасьць і ўсё астатняе.
Сяргей, калгасьнік:
“ГАЛОЎНАЯ ПРАБЛЕМА – П’ЯНСТВА”
П’янства наша галоўная праблема. Сьпіваюцца і старыя, і маладыя. Прычым п’юць ўсялякую атруту. Знайсьці ў вёсцы добрую гарэлку – праблема. Лепш бы самагон пілі. А які раней быў самагон! Смачнейшы за ліманад. І ня ведаю, хто ці што выратуе Беларусь ад гэтай бяды – п’янства. Ад царквы карысьці мала. Ад дзяржавы таксама.
Алесь Марачкін, мастак:
“СТАНОВІШЧА ЗЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ”
У Беларусі сёньня галоўнай праблемай ёсьць становішча зь беларускай мовай. Мы жывем у рэжыме акупацыі суседняй мовы. Расейскай. Яна топча нашу беларускую, падмінае пад сябе. І такім чынам пашырае тэрыторыю Расейскай імпэрыі.
Тацяна, хатняя гаспадыня:
“БЯСКОНЦЫ БАЛАГАН НА РАСЕЙСКІХ КАНАЛАХ”
Праблема ў тым, што ўзровень разьвіцьця асобы ў нас настолькі нізкі… Што інтэлектуальны ўзровень, што духоўны. Прычым, гэтая праблема назіраецца ва ўсіх сфэрах. Асноўная маса нашых людзей – гэта, прабачце, лохі. Каснаязыкія, без палітычнай пазыцыі й адметнага погляду на жыцьцё. Пра культурны ўзровень лепш увогуле памаўчаць. Бясконцы балаган на расейскіх тэлеканалах – вось і ўвесь культурны спажытак.
Марына Коктыш, журналістка:
“ПРАБЛЕМА НЕЗАЛЕЖНЫХ СМІ ЦЯГНЕ ЗА САБОЙ АСТАТНІЯ”
Мне падаецца, што адна з самых найвялікшых праблем сучаснага беларускага грамадзтва – гэта закрытасьць інфармацыйнай прасторы й адсутнасьць свабоды слова. Бо з-за адсутнасьці доступу да свабоднай і празрыстай інфармацыі ў нас узьнікае шмат астатніх праблем. Праблема незалежных СМІ цягне за сабою ўсе астатнія. І інтэрнэт гэтую праблему не вырашае – з-за абмежаванай колькасьці карыстальнікаў.
Ганна, пэнсіянэрка:
“ПРАБЛЕМА – ПЭНСІЯ Ў СТО СЕМДЗЕСЯТ ТЫСЯЧ РУБЛЁЎ”
Мая галоўная праблема ў тым, што за сваю працу за “палачкі” ў калгасе я зараз атрымліваю пэнсію ажно сто семдзесят тысяч рублёў. Ці гэта тое, што я заслужыла за ўсё жыцьцё? За што ж нас так Бог карае?
Станіслаў Шушкевіч, былы кіраўнік Беларусі:
“УСЕ ПРЫНІЖАНЫЯ, ЗЬ ВЕРХУ ДА НІЗУ”
У Беларусі многа праблем. Найгалаўнейшая зь іх – гэта тое, што чалавек не адчувае сябе чалавекам. Таму што ён прыніжаны і зьняважаны. Ён ня мае тых правоў, якія маюць людзі ў нармальных дэмакратычных краінах. І гэта ўсё зь верху да нізу. Усе прыніжаныя – і чыноўнікі, і калгасьнікі. І супрацьстаяць гэтаму прыніжэньню мы пакуль не навучыліся. Нашы суседзі ва Ўкраіне паўсталі пад лёзунгам “Мы ня быдла”. А мы пакуль што не перамаглі. Але пераможам.
Алена, мэдработніца:
“НЕАБАРОНЕНАСЬЦЬ ПЕРАД ЧЫНОЎНІКАМІ”
Наша неабароненасьць перад чыноўнікамі. А яшчэ забітасьць нашая і баязьлівасьць. Маёй дачцэ на экзамэнах замест “дзявяткі” паставілі “васьмёрку”, хоць яна выдатна напісала працу. Але мы не здалі грошы на нейкі рамонт, чарговы школьны пабор. А экзамэны ў ВНУ? А ўладкаваньне на працу? Паўсюль усё вырашаюць “свае людзі” са “сваімі людзьмі”. А мы маўчым і моўчкі ўціраемся.
Уладзімер Арлоў, пісьменьнік:
“БЯЗЬ ЛІДЭРА НЕМАГЧЫМА ЗЬМЯНІЦЬ СЫТУАЦЫЮ”
Галоўная праблема сёньняшняй Беларусі – гэта адсутнасьць адзінага лідэра дэмакратычных сілаў. Таму што бязь лідэра немагчыма зьмяніць сытуацыю ў краіне ў цэлым.
Канстанцін, мэнэджэр:
“ПРАБЛЕМА ЎВА МНЕ”
Галоўнай беларускай праблемай на сёньня ёсьць я сам. “Я сам” – для кожнага беларуса. І праблема гэтая ў самаадчуваньні і самавызначэньні. Чалавек павінен адчуваць, што ён стварае навакольле, стварае сваё жыцьцё, ён за яго адказны. Ён вольны ў гэтым стварэньні. І калі ён гэта адчуе, дык адразу зьявіцца і грамадзкая пазыцыя, і адказны выбар на выбарах, і нават мова. А калі ён гэтага не адчуе, ён ніколі сябе паважаць ня будзе. А будзе ўсё жыцьцё хадзіць вакол спрадвечна беларускага комплексу: “Мы ня горш за людзей”. Не галаднейшыя.
Барыс Пятровіч, пісьменьнік:
“ПРАБЛЕМА Ў ТЫМ, ШТО БЕЛАРУСЬ НЕ БЕЛАРУСКАЯ”
Галоўная праблема ў тым, што Беларусь не беларуская. Калі б яна была беларуская, дык многія сёньняшнія праблемы нават і ня ўзьніклі б.