Сто гадоў цемнаты
Калі б наша пытаньне пра галоўную праблему краіны мы задалі ў суседняй Літве, там, напэўна, найчасьцей называлі б карупцыю. Маючы свабоду слова, тамтэйшыя СМІ проста перапоўненыя карупцыйнымі скандаламі і выконваюць тым самым санітарную функцыю ў грамадзтве. Калі хабарніка “засьвяцілі” на ўсю краіну, яму больш ня тое, што на пасаду, але й на людзі паказвацца не выпадае. У Польшчы або Расеі або Ўкраіне нам назвалі б цэлыя букеты праблем, у кожнай краіне – сваіх. Але чаго б у нашых суседзяў не было дакладна, дык гэта праблем “расслабленасьці”, “лузэрства” й прыніжанасьці, а найперш – праблемы з роднай мовай. У гэтым Беларусь адзіная і самая адметная ў Эўропе. Бо свайго чалавека і сваю мову ня лічаць магчымым прыніжаць ані на Ўсходзе, ані на Захадзе.
Ніхто з нашых апытаных не сказаў пра ўзурпацыю ўлады або наяўнасьць палітычных зьняволеных. Гэта значыць, што, часьцяком гаворачы пра дыктатуру, мы насамрэч вялікай рэальнай праблемы ў гэтым ня бачым. Мы ніяк ня можам паўплываць на яе вырашэньне – гэта праўда, але ад таго, што ты не назавеш праблему, яна існаваць не перастане. Аднак у Беларусі, паводле нашага апытаньня, няма пэрсанальнай праблемы, хоць ёсьць аднаасобны і пажыцьцёвы кіраўнік – “апошні дыктатар Эўропы”. Скінуць яго і неяк па-іншаму зладзіць сваё жыцьцё мы не гатовыя, таму галоўную праблему краіны бачым у сабе.
Калі б наша пытаньне пра галоўную праблему Беларусі мы задалі сто гадоў таму, у 1907-м, адказ быў бы – пра народную цемнату. У тыя часы Беларусь ужо сто гадоў не была самастойнай дзяржавай, але мела даволі шырокую адукаваную клясу, мела арыстакратыю, буйных прадпрымальнікаў і ня ведала, што такое ўласная неасьвечаная дыктатура. Пасьля быў камунізм і панаваньне плебса, які вынішчыў інтэлігенцыю, арыстакратаў і прадпрымальнікаў. Пасьля ўжо наша ўласная цемната запанавала.
Сёньня мы ў прынцыпе вярнуліся да той самай праблемы цемнаты, забітасьці, расслабленых лузэраў. Але ў параўнаньні з часамі стогадовае даўніны наш віток гісторыі выглядае нашмат горшым. Бо ў часы Мікалая ІІ цемната не панавала так непадзельна й бестэрмінова. Гэта значыць, што выйсьці з лузэраў, адрадзіць родную мову і ўвогуле ачалавечыцца сёньня мы можам толькі шляхам прыватнай ініцыятывы, якая абсалютна супярэчыць афіцыйнаму курсу, што бярэ ў разьлік толькі першасныя чалавечыя інстынкты. Мы ня можам, як маглі сто гадоў таму, легальна ствараць асьветныя таварыствы, выдаваць свае ўласныя газэты і кнігі або, да прыкладу, мець перадачу на тэлевізіі. Цёмнай уладзе ня трэба, каб мы былі асьвечанымі й ініцыятыўнымі, бо толькі на нашай цемнаце яна й трымаецца.
Мы прывыклі да несвабоды і бяспраўнасьці – яны сталі нормай нашага жыцьця. “Свабоду нельга наблізіць, — сказаў сучасны беларускі філёзаф, — яе можна толькі дачакацца, калі быць да яе гатовым”. Ці суцешаць нас гэтыя словы?
Пачаўшы з адрозьненьня Беларусі зь яе праблемай ад суседніх краін, гэтым адрозьненьнем і скончу. Каб даведацца пра праблему Літвы або Ўкраіны, дастаткова пагартаць літоўскую і ўкраінскую прэсу, паглядзець іх тэлеканалы. У Беларусі так зрабіць немагчыма. Ані газэты, ані тэлеканалы ня высьветляць вам самую галоўную беларускую праблему. Цемната не зьяўляецца для іх нацыянальным бедзтвам нумар адзін. Бо яны самі – арганічная частка нашай расслабленай няўдачніцкай цемнаты.