Дайце народу Канстытуцыю

альбо Апэрацыя на кішках

Пачалося лета, сэзон адпачынкаў. Навінаў мала, а радыёэтэр трэба запаўняць. Маю прапанову. На нядаўнім Кангрэсе дэмакратычных сілаў была прынятая так званая Малая Канстытуцыя. Усе сьвядомыя грамадзяне павінны ведаць свой Асноўны Закон. Дык хай бы якое-небудзь радыё ўзялося й прачытала цалкам гэты дакумэнт. А палітолягі й народ паспаліты маглі б яго абмеркаваць.

На розных станцыях і раней здараліся недарэчныя паўторы перадач, але нядаўна быў пастаўлены свайго роду рэкорд. На Эўрарадыё ў этэр запусьцілі стары выпуск навінаў. Гаварылі пра Эстонію, пра перанос помніка, пра тое, што 9 траўня ён ужо будзе стаяць на новым месцы… А за вакном было ужо 30-га.

3 чэрвеня перадавалі пра Фідэля Кастра, маўляў, паправіўся чалавек пасьля апэрацыі на… Адна станцыя сказала “на кішЭчніку”, а іншая – “на кІшачніку”. А мне здаецца, што па-нашаму будзе не кішэчнік, ня кішачнік, а проста кішкі. Апэрацыя на кішках. Але галоўнае пытаньне ня ў гэтым. Навошта ўвогуле падаваць гэткія мэдычныя падрабязнасьці? Адзін журналіст мне сказаў: “Дык гэта ж людзям сама цікава”. А я адкажу афарызмам, які нядаўна пачуў па Бібісі: “Не давайце людзям таго, чаго яны хочуць. Яны заслугоўваюць лепшага”.

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.