ЗАТОЕ Ў ГАЛІНЕ ФУТБОЛУ…
Зборная Беларусі аскандалілася
Шараговы футбольны матч Беларусь–Баўгарыя ператварыўся ў грандыёзны скандал. Спачатку падставай для яго стала гульня, якую прадэманстравалі нашы футбалісты, а потым — абвінавачаньні ў тым, што матч быў “прададзены” баўгарам.
Такую вэрсію распаўсюдзіў румынскі часопіс Prosport. Гэтае выданьне нават назвала імя пасярэдніка ў “бруднай зьдзелцы”: ім, нібыта, стаў буйны прадпрымальнік Міхаіл Чорны. Папраўдзе кажучы, доказы румынаў кульгаюць на абедзьве нагі.
Аднак “брудныя гульні” ў гісторыі нашай футбольнай зборнай сапраўды былі. Пра гэта газэта “Прессбол” пісала яшчэ ў 2004 годзе. Тады беларусы саступілі з “патрэбным” лікам чэхам – 1:3 і малдаванам – 1:2. Дзякуючы гэтым запраграмаваным вынікам, у букмэкерскіх канторах былі адмытыя буйныя сумы грошай, паведамляе “Прессбол”.
На падставе публікацыі ў газэце была ўзбуджаная крымінальная справа. Праваахоўныя органы выкрылі вінаватых, але… Дагэтуль суд так і не адбыўся.
Супраць таго, каб корпацца ў бруднай бялізьне навідавоку ва ўсяго спартовага сьвету, выступіла вышэйшае кіраўніцтва краіны. Гэты скандал закранае дзьве важныя тэмы: спорт і барацьба з карупцыяй. Паводле афіцыйнай вэрсіі, і там, і там цяперашняя ўлада дасягнула нечуваных посьпехаў. А тут раптам на сьвет вылазіць такое, што дуплетам б’е па нашых прыярытэтах.
Таму ня дзіва, што падазрэньні ў чарговай “бруднай гульні” ў Беларусі не былі адкінутыя са сьмехам. Калі такое здаралася раней і засталося беспакараным, чаму гэта ня можа паўтарыцца зноў?
Але, на маю думку, праблема значна горшая. У суботу ад першай да апошняй хвіліны зборная Беларусі выглядала апатычна й бязвольна, бо гэта ейны звычайны цяперашні стан. Які, між іншым, надзвычай нагадвае стан нашага грамадзтва наогул. Так ці йнакш, шлях зборнай на чэмпіянат Эўропы, фактычна, быў закрыты да матчу ў адказ у Сафіі.
Як футбалісты дайшлі да такога жыцьця? Былі ж ня так даўно й яркія старонкі ў летапісе беларускай нацыянальнай каманды!..
Усё пачалося з адстаўкі “ідэалягічна непадкаванага” й ня надта стрыманага ў выказваньнях галоўнага трэнэра зборнай Анатоля Байдачнага. Яму не даравалі заявы наконт таго, што наша дзяржава замала надае ўвагі футболу.
Байдачны – натуральна, не Маўрынью. Аднак за яго трэнэрствам і гульня зборнай выглядала больш прывабнай, і вынікі былі лепшымі. Але замест палітычна ненадзейнага трэнэра вырашылі запрасіць замежнага спэцыяліста.
Фэдэрацыя ўжо практычна дамовілася з чэхам Ёзэфам Хаванцам, які на той час узначальваў краснадарскую “Кубань”. Але гэтую справу падкасіла шматслоўнасьць Аляксандра Лукашэнкі. Раптам ён захацеў дачасна пахваліцца “новым Хэнланам”. Прамаўляючы перад студэнтамі ў Магілеве, Лукашэнка згадаў пра дамову з чэхам. Але той на гэты момант яшчэ меў дзейны кантракт з расейскім клюбам. Калі б зьвесткі пра паралельныя перамовы са зборнай Беларусі пацьвердзіліся, Хаванцу пагражалі б сур’ёзныя непрыемнасьці. Таму ён адразу перарваў перамовы й адхіліў прапанову Менску.
Такім чынам, напярэдадні адборачнага турніру на чэмпіянат Эўропы на чале нашай нацыянальнай каманды раптам стварылася вялізная дзірка. Затыкнуць яе вырашылі Юрыем Пунтусам. Два месяцы раней Беларуская фэдэрацыя футболу звольніла яго за кепскія вынікі з пасады галоўнага трэнэра маладзёвай зборнай. Але нечакана адстаўнік быў пастаўлены на яшчэ больш адказную пасаду.
Пунтус тым часам ужо ачольваў менскі клюб МТЗ-РІПО. Паступова высьветлілася, што Пунтус аддае перавагу і, мякка кажучы, не зусім аб’ектыўна, гульцам МТЗ-РІПО. Менавіта яны часьцяком выклікаліся ў зборную без дастатковых падставаў. У зборнай пачаліся міжсобныя разборкі. Супраць такой практыкі выказаліся вопытныя Сяргей Гурэнка і Максім Рамашчанка. У адказ Пунтус заявіў, што іхныя паслугі яму не патрэбныя.
Калі ж Беларусь атрымала дзьве перамогі над ня самымі моцнымі супернікамі – Славеніяй і Люксэмбургам – наш галоўны трэнэр канчаткова пераканаўся, што абраны ім курс адзіна слушны. Але чарговае сутыкненьне з сур’ёзным супернікам ушчэнт разьбіла гэтыя мары. У суботу гаспадарамі поля былі беларусы, а гаспадарамі становішча – баўгары. Нам яскрава прадэманстравалі, наколькі мы адстаем ад сярэдняга эўрапейскага ўзроўню. І, на жаль, гэта тычыцца ня толькі футболу.