Ці задаволіў Кангрэс дэмакратычных сілаў чаканьні ўладаў?
Аляксандар Мілінкевіч, лідэр руху “За Свабоду”:
“НЯ ДУМАЮ, ШТО ВА ЎЛАДАЎ ВЯЛІКАЯ РАДАСЬЦЬ”
Я ня думаю, што ў іх вялікая радасьць. Таму што няма вялікага расколу, пры якім усе перасварыліся й ня будуць паміж сабой кантактаваць. Мы будзем супрацоўнічаць, хоць ёсьць сур’ёзныя разыходжаньні ў стратэгіі і ў сыстэме каардынацыі кааліцыі.
Сьцяпан, пэнсіянэр:
“ЯГО ВЫНІКІ Ў ЧЭРГАХ ПА ПЭНСІЮ НЕ АБМЯРКОЎВАЛІ”
Штосьці я ня чуў, каб вынікі Кангрэсу абмяркоўвалі ў чэргах па пэнсію. Апошні раз, калі гаварылі пра апазыцыю, гэта былі прэзыдэнцкія выбары. Бо Мілінкевіча й Казуліна паказалі па “яшчыку”. І яны народу запомніліся. Каму спадабалася, каму не, але галоўнае – іх памятаюць. Яны, можна сказаць, занялі ў мазгах у людзей месца зьбеглага Пазьняка. “Хто, калі ня ён?” “Мілінкевіч!” Можна спрачацца, але адказ ёсьць. І не скарыстацца з гэтага эфэкту…
Вінцук Вячорка, лідэр партыі БНФ:
“КАНГРЭСУ МАГЛО НЯ БЫЦЬ”
Дзякуй за тое, што вы ў мяне пытаецеся пра ўлады. Мы пакуль што не пры ўладзе. Можа, ёсьць сэнс у іх папытацца? Я ведаю, што ніякага Кангрэсу магло ня быць, калі б не было шэрагу сфармуляваных патрабаваньняў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў – спыненьне палітычных рэпрэсіяў, вызваленьне палітычных вязьняў і забесьпячэньне магчымасьці весьці палітычную працу ў Беларусі. Напрыклад, правядзеньне Кангрэсу. Пра гэта гаварыў спадар Крэймер зь Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША са спадарыняй Пяткевіч. І, наколькі я ведаю, быў дадзены адказ, што Кангрэс можа быць праведзены. Улады не хацелі даваць такі дазвол, але яны маюць сур’ёзныя міжнародныя і эканамічныя праблемы. Таму яны былі змушаныя даць згоду. Сам факт правядзеньня Кангрэсу ўладам не падабаецца. Я не лічу, што Кангрэс павінен быць нейкім шоў, на якім зьнянацку гучыць нешта нечаканае. Наадварот, сьпеласьць адказных дэмакратычных сілаў палягае ў тым, што яны выносяць на такія сур’ёзныя форумы загадзя падрыхтаваныя і ўзгодненыя пазыцыі. І такой загадзя падрыхтаванай і ўзгодненай была стратэгія на бліжэйшыя паўтара года. Стратэгія ціску на ўладу. Я вельмі ўсьцешаны, што яна была прынятая. Яна ў вялікай ступені грунтуецца на стратэгіі партыі БНФ. Я думаю, што гэтая стратэгія, адна з мэтаў якой – дэзінтэграцыя цяперашняй улады і прымус яе да перамоваў з дэмакратычнымі сіламі, — уладзе падабацца ня можа.
Алесь Анціпенка, філёзаф:
“ГЭТА ЗВЫЧАЙНЫ ПАЛІТЫЧНЫ ТУПІК”
На маё разуменьне, улады мусяць мець глыбокае задавальненьне. Можна сказаць, што гэта чарговая перамога Лукашэнкі на шляху змаганьня за ўладу, за тое, каб быць аднаасобным лідэрам для большасьці савецкіх і постсавецкіх беларусаў. Прычына ў амбітнасьці старых лідэраў і пэўнай гермэтычнасьці дзеяньня, мысьленьня і адчуваньня гэтага сьвету. Гэта звычайны палітычны тупік. Калі бракуе рэальных пэрспэктываў дзеяньня, тады нейкая група людзей пачынае высьвятляць адносіны паміж сабой. Гэта паказвае на стан глыбокага і ўжо, я думаю, непераадольнага крызысу з гэтымі палітычнымі лідэрамі. За выключэньнем Мілінкевіча, калі яму ўдасца стварыць рух “За Свабоду”.
Уладзімер Падгол, палітоляг:
“ІМ ПЛЯВАЦЬ НА ГЭТЫ КАНГРЭС”
На маю думку, ім пляваць на гэты Кангрэс. Улады ня бачаць тут ніякай пагрозы. Незалежна ад вынікаў Кангрэсу. Так склаліся абставіны, што незалежна ад вынікаў, ён быў карысны ўладам. У шахматах ёсьць такая сытуацыя, калі што ні рабі, усё горш робіцца – цугцванг. Так і тут. Кангрэс быў у залежнасьці ад людзей, ад сытуацыі. І што б яны ні рабілі – усё горш робіцца ў стане апазыцыі. Вось і ўсё.
Рыгор Сітніца, мастак:
“ПРЫНЯТЫ ВАРЫЯНТ ЦІХАМІРНАГА СУІСНАВАНЬНЯ”
Вельмі задаволеныя павінны быць улады. Бо я ня бачу абсалютна ніякага пазытыўнага выніку. Гэты плян зь лідэрствам паводле ратацыі – гэта проста поўная бязглузьдзіца. Для ўладаў гэта абсалютна прымальны варыянт. Прыняты варыянт ціхамірнага суіснаваньня. Раз-пораз нагадваць пра сябе на Чарнобыльскім Шляху і ў Дзень Волі. І ўсё. Што ж яшчэ жадаць ад такога Кангрэсу? Я рады заўсёды памыляцца, але байцоў я ня бачу. Калі ўлічыць, што ёсьць радыкальнае, а ёсьць памяркоўнае крыло, дык відавочная перавага на баку “памяркоўных”. А Мілінкевіч… Ператварыцца зь лідэра ў сустаршыню – гэта ж абсурд. А так ён застаецца лідэрам таго накірунку, які абраў. Я на сёньня такі крок падтрымліваю. Пры гэтым раскладзе гэта адзіны слушны крок. Пажывем, пабачым.
Уладзімер Мацкевіч, палітоляг:
“УЛАДАМ ПАДАБАЕЦЦА ІЗАЛЯВАНАСЬЦЬ АПАЗЫЦЫІ”
А чаму б уладам ня быць задаволенымі? Нічога ў апазыцыі не мяняецца. Усё застаецца па-ранейшаму. І, як неаднаразова ўжо казалі пра апазыцыю ўлады, менавіта такой яна ім і падабаецца. Ім падабаецца ізаляванасьць апазыцыі ад большасьці інстытутаў грамадзтва і ўвогуле ад большасьці насельніцтва. Ім падабаецца ня проста нізкі рэйтынг, але нават адмоўны рэйтынг лідэраў апазыцыі. Ім падабаецца тое, што апазыцыя займаецца больш высьвятленьнем адносінаў паміж сабой, чым грамадзкімі справамі. І тым, што не абнаўляецца склад кіраўнічых органаў апазыцыі. Яна не расьце і не абнаўляецца. Я ад гэтага Кангрэсу не чакаў нічога. Я думаю, што зараз такія звыклыя формы штогадовых сустрэч, кшталту Кангрэсу, на падрыхтоўку якіх трацяцца ўсе наяўныя сілы апазыцыі, ня маюць вялікага сэнсу.
Васіль, настаўнік:
“МАГЧЫМА, ГЭТА НАШ ШЛЯХ”
Тое, што нам здаецца мінусамі, можа быць, ёсьць вялікімі нашымі плюсамі. Калі б мы былі чачэнцамі, пры нашай геаграфічнай сытуацыі, нас бы сто гадоў таму закаталі б. Ужо згадкі б не было пра беларусаў. А так… Пераседзець таго, прагнуцца пад гэтага. Быкаў даўно гэта выпісаў у “Знаку бяды”. Глядзіш, пераседзелі, перажылі. Ну, а калі ўжо дапяклі, то… Але ж пакуль яшчэ не дапяклі да такой ступені. Магчыма, гэта наш такі шлях. Паціху высьпяваць. Яблык таксама адзін высьпявае хутка, а другі да восені вісіць. І той смачнейшы, які вісіць. І мала таго, ён даўжэй ляжыць. А тыя, што хутка высьпяваюць, заўжды чарвівыя.