“ПАДЦЯЖКІ ІМЯ СЯМАШКІ”
Пра бедну басоту
У Беларусі знойдзена найбольш “сацыяльна неабароненая” катэгорыя насельніцтва. Думаеце, гэта пэнсіянэры? Не? Магчыма, гаворка ідзе пра тых, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, за мізэрны заробак? Таксама не. Дык хто ж гэтыя пакутнікі? Дырэктары прадпрыемстваў!
Ня верыце? Дарэмна. Напрыканцы мінулага тыдня першы намесьнік старшыні ўраду Ўладзімер Сямашка заявіў пра гэта з трыбуны Нацыянальнага сходу. Паводле віцэ-прэм’ера, сацыяльныя гарантыі дырэктарскаму корпусу “яўна недастатковыя”. У выніку ахвочых узначальваць прадпрыемствы занадта мала. Улады нават ня могуць знайсьці кіраўніка для Беларускай нафтавай кампаніі, якая гэтым часам ствараецца.
“Як былы дырэктар прадпрыемства, лічу абсалютнай несправядлівасьцю (!!!) існуючае стаўленьне да дырэктарскага корпусу, – такое меркаваньне выказаў Сямашка. – Пасьля сыходу на пэнсію дырэктар прыраўноўваецца да таго, хто ня надта напружваецца”.
Сямашка таксама прывёў некалькі лічбаў, што сьведчаць пра гаротны стан кіраўнікоў прадпрыемстваў. Нядаўна для іх быў павялічаны падвышаючы каэфіцыент, у выніку чаго заробак, прыкладам, дырэктара Беларускага мэталюргічнага заводу складае каля 3 тысяч даляраў у месяц. Гэта амаль у 10 разоў больш, чым сярэдні паказчык у краіне, але “яўна недастаткова”. Бедна басота ды й толькі!
Таму неўзабаве ўрад зьбіраецца павялічыць каэфіцыент да 5,5. А да восені Сямашка абяцае распрацаваць комплекс сацыяльных гарантыяў для дырэктарскага корпусу, якія будуць разгледжаныя кіраўніком дзяржавы.
Праца кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў сапраўды ня цукар, і заробкі іх значна меншыя, чым у замежных калегаў. Дай Божа, дырэктарам, як і ўсім нам, лепшых умоваў існаваньня. Але вылучаць іх у нейкую асобую касту, якая патрабуе неадкладнай сацыяльнай дапамогі, на тле адмены льготаў для пэнсіянэраў, студэнтаў і іншых – гэта цынізм.
Улады ня могуць гэтага не разумець. Чаму ж яны гэта робяць, да таго ж публічна? Бо настроі кіраўнікоў прадпрыемстваў рэжым хвалююць. А настроі простых выбарцаў – не. І ўжо даўно.
Магчымасьці для пратэсту сёньня вельмі абмежаваныя. Большасьць працаўнікоў скаваная кароткатэрміновымі кантрактамі – калі што не падабаецца начальству, працу можна страціць вельмі хутка. Тое самае тычыцца студэнтаў, якіх могуць умомант адлічыць з ВНУ за любую праяву незадаволенасьці.
Застаюцца выбары. Але Цэнтарвыбаркам на чале зь Лідзіяй Ярмошынай усё адно падлічыць галасы, як трэба. А для тых, хто, нягледзячы ні на што, здольны пратэставаць на вуліцах, ёсьць спэцназ.
Таму й змагаюцца цяпер улады за сымпатыі дырэктарскага корпусу, які захаваў пэўныя магчымасьці для ўплыву на сытуацыю. Асабліва істотна гэта для Сямашкі, які надта актывізаваўся сёлетняй вясной. У траўні намесьнік старшыні ўраду рабіў розныя прыкметныя заявы ці не часьцей за Аляксандра Лукашэнку.
Гэтаму ёсьць тлумачэньне. Паводле інфармацыі з калідораў улады, захісталася крэсла пад прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім. Найбольш верагодным кандыдатам на замену яму лічыцца мэр Менску Міхаіл Паўлаў. Але барацьба за пасаду старшыні ўраду яшчэ ня скончаная. І Ўладзімер Сямашка імкнецца схіліць сытуацыю на сваю карысьць.
На мінулым тыдні віцэ-прэм’ер адначасова распавёў пра будаўніцтва АЭС, вытворчасьць тавараў народнага спажываньня, малдаўскае віно ды шмат чаго яшчэ. Перад тым Сямашка дэтальна камэнтаваў сытуацыю вакол “Белтрансгазу”: калі заплаціць “Газпром”, што будзе з коштамі на “блакітнае паліва” й якія яшчэ прадпрыемствы гатовыя прадаць улады РБ. А яшчэ трохі раней высокапастаўлены чыноўнік выказаўся ці не па ўсіх кірунках айчыннай эканомікі. Вось толькі некаторыя зь ягоных заяваў:
– “Мы цалкам перавядзем сельскую гаспадарку на айчынную тэхніку. Беларускія трактары задавальняюць любога спажыўца”;
– “Усё, што мы можам вырабляць у бытавой радыёэлектроніцы, мы павінны вырабляць у краіне”;
– «Белшына» зьяўляецца адным зь лідэраў сусьветнага рынку й каштуе паўтара мільярда даляраў”;
– “Колькі крытыкі было ў апазыцыйнай прэсе: маўляў, гэты Сямашка зь ягонай камандай ні на што ня здатныя. Відавочны посьпех (з калійнымі ўгнаеньнямі – заўвага аўт.) выкруцілі навыварат”.
Савецкі паэт Уладзімер Маякоўскі, які пакінуў у спадчыну, акрамя іншага, розныя рэклямныя слоганы тавараў, ідыятызм тых самых слоганаў сам жа й высьмеяў у адным з сатырычных вершаў: “гигиенические подтяжки имени Семашки”. Меўся на ўвазе тагачасны наркам аховы здароўя СССР Мікалай Сямашка. (Які на паэта, дарэчы, не пакрыўдзіўся.)
А сам слоган зь цягам часу зрабіўся сымбалем ідыятызму савецкай эканомікі й савецкага жыцьця ў цэлым.
Што тычыцца віцэ-прэм’ера РБ, дык перакананьні кандыдата ў старшыні ўраду збольшага зразумелыя. Цяперашні эканамічны курс – слушны, нашы трактары – лепшыя ў сьвеце, усё – ад фэнаў да хатніх кінатэатраў трэба рабіць самім, і хай сабе розныя “Самсунгі” ды “Соні” задушацца сваёй тэхнікай. Так бы мовіць, “у советских собственная гордость”. Ну й дырэктараў прадпрыемстваў трэба абараніць. Бо яны пакуль што ў нашай дзяржаве з эканомікай рынкавага сацыялізму – самыя няшчасныя людзі. Прынамсі, з пункту гледжаньня тых, хто сёньня гэтую дзяржаву ўвасабляе.