(НЕ)ВЯДОМАСЬЦЬ

або Прачытаў – перадай іншаму

Нядаўна мой сямнаццацігадовы сусед паведаміў, што калі мяне не было ў Вільні, выступаў нейкі рок-гурт з Санкт-Пецярбурга, і білеты на канцэрт былі ажно па 200 літаў. “А якая назва?” “Ат, рыбная нейкая!”

Высьветлілася – “Акварыюм”.

Але што ўзяць з хлапца, які, паводле ягонага прызнаньня, прачытаў усяго тры кнігі!

А мы – тыя, хто цікавіцца, хто чытае – што мы ведаем?

Я, напрыклад, ведаю, хто напісаў песьню “Мусі-пусі”. Больш за тое, мне вядома, калі ў аўтара дзень народзін. Ведаю, хоць не хацеў ведаць.

Даўно ўжо, гадоў гэтак дваццаць таму, у Маскве я выпадкова ўбачыў у вітрыне выставачнай залі сьціплы плякацік “Петр Бернгардович Дик. Пастель”. Я зайшоў – невялічкія, ня большыя за далонь малюнкі. Куточкі нейкіх звыклых інтэр’ераў, часам асьветленыя настольнай лямпай. Але ўсё гэта прасякнута нейкай незямной, экзыстэнцыйнай тугой, якую не перадаць словамі, а толькі фарбамі. І я глядзеў і глядзеў – пакуль ня сталі гудзець ногі. Хто ён, гэты чараўнік? (Мабыць, нямецкага паходжаньня: Dick – значыць “тоўсты”, ну, а тое, чым напоўнены яго творы, немцы называюць Weltschmerz – “сусьветная туга”.)

Ніколі больш я не сустракаў гэтага прозьвішча.

А вось імя двухногага, што ў той жа Маскве публічна займаўся ананізмам на вышцы для скокаў у ваду й лічыў гэта “мастацкай акцыяй”, — чую пастаянна.

Наша памяць і сьвядомасьць абчапляна, бы дзядоўнікам, пустымі й непатрэбнымі зьвесткамі, якімі дзень і ноч абстрэльваюць нас СМІ, альбо проста ахвочыя да размовы знаёмцы.

Часам думаеш з жахам – наколькі неадэкватны рэчаіснасьці вобраз мы ствараем, гэта ўжо нават не крывое люстэрка, а нейкія наркатычныя трызьненьні, “глюкі”.

І як тут адрозьніць, хто ёсьць кім, хто першы, хто апошні, хто варты ўвагі, а каго трэба абмінуць?

Нічога ня маю супраць Пялевіна ды Сарокіна, кнігі якіх шчыльнымі радамі красуюцца на паліцах расейскіх кнігарняў.

Я, праўда, люблю не “Голубое сало”, а звычайнае, наша беларускае, а асабліва пад добрую самагоначку.

Аднак гэта, як кажуць, мае праблемы.

Проста думаю – а хто невядомы марна чэзьне ў ценю гэтых “гігантаў”, рвецца да чытача, ды дарэмна, “і томіцца марна”?

І зноў, і зноў узгадваю лёс Сігізмунда Крыжаноўскага, равесьніка Булгакава, майстра, які не саступаў яму ўзроўнем, але быў надрукаваны толькі больш чым праз сорак гадоў пасьля сьмерці. І – зноў, другі раз трапіў у невядомасьць – хто цяпер ведае такога пісьменьніка?

Раю – знайдзеце, пачытайце. “Сигизмунд Кржижановский. Возвращение Мюнхгаузена”.

Кнігі павінны зьяўляцца своечасова. Уявім сабе, што “Новая зямля” або “Пяць лыжак заціркі” дайшлі да нас толькі цяпер. Чым бы яны былі – шаноўнымі, але музэйнымі экспанатамі.

Ці ж гэтаксама чытаецца цяпер “Архіпелаг ГУЛАГ”, як у савецкія часы?

Любы твор мастацтва ці літаратуры – як бінарная бомба – з двух кампанэнтаў, аўтар + чытач ці глядач. Асобна – ніякага дзеяньня, выбуху.

А для аўтара надрукаваная кніга – як тая жалязяка, што альпініст забівае ў скалу, каб абаперціся і ўзьняцца вышэй.

Але й надрукаваная кніга – усяго толькі кропля ў кніжным моры. Як знайсьці сваю, тую, што спатоліць тваю смагу?

На крытыку, рэкляму – мала надзеі. Там – свае ўзаемадачыненьні, “усё схоплена”.

Патрэбна – узаемадапамога.

Прачытаў – перадай другому, іншаму.

Я недарэмна так падрабязна пішу прозьвішчы творцаў, якіх варта ведаць.

Вось – яшчэ адно, новае. Альгерд Бахарэвіч. Гэта – сапраўдная проза, сябры.

Ня толькі “Мусі-пусі” ёсьць на сьвеце!

Алег Аблажэй

Водгукаў на публікацыю “(НЕ)ВЯДОМАСЬЦЬ”: 64

  1. Андранік Антанян кажа:

    браты па розуму

    Колькі месяцаў таму на кніжным кірмашы я накладаваў пару нумароў часопісу “Маладосць”.
    Часопіс аказаўся яшчэ пусьцей, чым мог саб…

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.