Як адным стрэлам уратаваць двух баброў

Кангрэс дэмакратычных сілаў, пра які так доўга спрачаліся, нарэшце такі адбыўся. І хоць некаторыя палітыкі заяўлялі, што кангрэс – ня месца для дыскусіяў, што нельга выносіць на публіку пытаньні, папярэдне ня ўхваленыя радай, але эмацыйныя дыскусіі, здаецца, усё ж разгарэліся. Я адчуў гэта пасьля рэпартажаў Радыё Рацыя і Свабода, якія вяліся проста з залі паседжаньняў і фае. Было чуваць, што прамоўцы выступалі гучна, ярасна. Адна бяда – разабраць, што яны казалі, было цяжка. Рэха, шум залі й фае перашкаджалі пачуць прамоўцаў. І гэта тут, у Вільні, дзе стаіць радыёрэтрансьлятар. А што пачулі тыя, хто далёка ад Вільні? Дык вось, пытаньне маё, простага слухача, да шаноўных радыйшчыкаў – ці можна так арганізаваць запіс, каб і жывую гутарку ў залі перадаць, і якасны гук забясьпечыць?

Моўныя парады. Калі ў нас перадаюць прагноз надвор’я, дык кожны раз называюць вялікія гарады ці іхныя ваколіцы – у Віцебску, на Віцебшчыне… Нешта я падумаў, а іншым местам, мястэчкам і мясьцінкам напэўна, крыўдна, калі пра іх ня згадваюць. Чаму б не выкарыстоўваць у прагнозах надвор’я такія словы – Панямоньне, Падняпроўе, Палесьсе… Калі нейкая мясьціна трапіла ў выпуск навінаў, дык можна ў надвор’і згадаць гэтую мясьціну, а не вялікі горад. Напрыклад: у Бабруйску, дзе пройдзе рок-фэст “За баброў”, і на ўсёй Магілёўшчыне чакаецца… Так можна адным стрэлам уратаваць двух баброў: і аднастайны прагноз разьвесяліць, і геаграфію роднага краю падвучыць.

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.