ІНФАРМАЦЫЙНЫ КРАСВОРД
АЛЬБО ПАД ЗЯЛЁНЫМ СЬЦЯГАМ ІСЛАМА
Не пасьпеў я скрытыкаваць канал Euronews за тое, што ён мала ўвагі надае Беларусі, як на пачатку тыдня ў выпуску навінаў на канале зьявіўся сюжэт, прысьвечаны Кангрэсу дэмсіл у Менску. Сюжэт, праўда, атрымаўся своеасаблівы. Думаю, нават грамадзяне РБ, ня кажучы пра жыхароў ЭЗ, нічога з гэтага сюжэту не зразумелі – калі толькі яны самастойна не сачылі за падзеяй праз інтэрнэт. “Беларуская апазыцыя ўступіла ў паласу крызысу. Гэта, паводле аглядальнікаў, прадэманстраваў Кангрэс дэмакратычных сіл. Яго ўдзельнікі адмовіліся абраць адзінага лідэра, прыняўшы рашэньне, што дзейнасьць апазыцыі будуць каардынаваць чатыры сустаршыні. Мілінкевіч з гэтым не пагадзіўся, заявіўшы, што зьбіраецца сфармаваць свой рух. Форум большасьцю галасоў прыняў новую стратэгію дэмсіл, мэта якой – пабудова ў Беларусі дэмакратычнага грамадзтва”.
Вось, фактычна, увесь зьмест “навіны” зь Менску. Пра мінулы Кангрэс, на якім Мілінкевіч быў вылучаны адзіным кандыдатам ад дэмсілаў на прэзыдэнцкіх выбарах – ані слова. Як і пра тое, хто й навошта ініцыяваў цяперашні Кангрэс. Хто такі Мілінкевіч і чаму яго цытуюць – таксама засталося загадкай.
Пад заслону аўтары сюжэту паведамілі, што частка беларускага грамадзтва ўхваляе Аляксандра Лукашэнку за тое, што яму “ўдаецца падтрымліваць стабільнасьць у краіне”. Гэтыя словы ілюстраваліся кадрамі зь сярдзітым кіраўніком дзяржавы. Атрымалася амаль як у анэкдоце пра бойку за лесьнічоўку й пра лесьніка, які вярнуўся ды разагнаў усіх да д’ябла.
За пару дзён да гэтага ў перадачы “Акно ў Эўропу” на RTVI дэманстравалася інтэрвію з Васілём Лявонавым, які зараз жыве пераважна ў Маскве. Асабіста ў мяне, як, напэўна, і ў большасьці нашых чытачоў, гэты чалавек выклікае павагу, нягледзячы на сваё камуністычнае мінулае. Ён адным зь першых выказаў нязгоду зь дзеяньнямі Лукашэнкі і ў выніку адправіўся з пасады міністра сельскай гаспадаркі напрасткі ў турму. У 2001 годзе ўзначальваў выбарчы штаб тагачаснага “адзінага кандыдата” ад апазыцыі Ганчарыка. Было б цікава пачуць меркаваньне Лявонава пра сёлетні Кангрэс, апошнія ўнутрыпалітычныя падзеі ў Беларусі.
Але вядучы чамусьці пытаўся ў госьця ў асноўным пра візыт прэзыдэнта Ірана ў Менск. І тут мы пачулі некалькі адкрыцьцяў.
Адказваючы на пытаньне, чаму афіцыйныя Менск і Тэгеран настолькі паміж сабой зблізіліся, Лявонаў заявіў, што падабенства абодвух рэжымаў палягае на… ісламе. Але ж Беларусь не ісламская рэспубліка, зьдзіўлена заўважыў вядучы. Ды й наўрад ці ў міжнароднай палітыцы галоўную ролю адыгрываюць канфэсіі. Суразмоўца гэтых словаў нібы не пачуў. Але празь некалькі сэкунд заявіў, што беларусы “больш схільныя да праваслаўя”. Таму, маўляў, і не падабаецца простаму народу Махмуд Ахмадзініжад.
Цікавае ўражаньне, напэўна, склалася ў гледачоў каналу пра аднаго зь дзеячоў беларускай апазыцыі.
Але ж гаворка тут не пра Лявонава, а пра тэлежурналістаў. Адзін са слоганаў RTVI: “Нашы навіны не праходзяць цэнзуру Крамля!”. Аднак рыхтавацца да этэру і ўмець прафэсійна рабіць рэпартажы трэба паўсюль, незалежна ад ступені свабоды слова.
Інакш гэта называецца па-расейску “халтура”.