Ці ўзрасьце грамадзкая актыўнасьць беларусаў з-за адмены льготаў?
Сяргей Альфер, палітоляг:
“А МОЖА, ТАК І ТРЭБА?”
На маю думку, не ўзрасьце. Таму што беларусы такія… Памятаеце, цудоўны анэкдот пра цьвік? Калі беларус, седзячы на цьвіку, казаў: “А можа, так і трэба?” Тое, што мы бачым на сёньняшні дзень, гэта й ёсьць, мне здаецца, максымальная актывізацыя людзей з нагоды адмены льготаў. Бунтуе частка студэнтаў, якая ня хоча, каб у іх быў цалкам платны праезд. І ў прынцыпе, напэўна, гэта ўсё. Астатнія ўспрымаюць гэта так – “ну, ня будзе й ня будзе”. Галоўнае, каб не было вайны. Пакуль агульны ўзровень жыцьця даволі нізкі, але ён задавальняе народ. І таму расьцягнутыя ў часе адмены льготаў ня выклічуць вялікага супраціву.
Ларыса, пэнсіянэрка:
“АДМЕНЯЦЬ ІЛЬГОТЫ ДЛЯ НЕСАПРАЎДНЫХ”
У нас, як заўжды, вялікі звон і мала грому. Я й мае сяброўкі абсалютна спакойныя наконт ільготаў. Мне адна знаёмая, у якой сваячка ў саўміне працуе, казала, што адменяць ільготы для несапраўдных інвалідаў. Толькі і ўсяго.
Яраслаў Раманчук, палітоляг:
“ГЭТА НЕ НАГОДА ДЛЯ РЭВАЛЮЦЫЙНАЙ СЫТУАЦЫІ”
Гэта крок, які прывядзе да эрозіі папулярнасьці Лукашэнкі. Калі б, напрыклад, урад пачаў шукаць грошы ў сельскай гаспадарцы альбо недзе ў прамысловасьці, дзе закопваюцца мільярды даляраў, да гэтага стаўленьне насельніцтва было б больш станоўчае. Але ўрад лезе ў кішэні людзей. Пры тым, што заробкі чыноўнікаў больш за тысячу даляраў. І гэта расцэньваецца людзьмі як сацыяльная несправядлівасьць. Але гэта не нагода для рэвалюцыйнай сытуацыі. Вось калі адмена льготаў супадзе з павелічэньнем коштаў на жыльлёва-камунальныя паслугі на 20-30%, калі гэта супадзе з тым, што замарозяць заробкі й пэнсіі, калі будзе скарочана занятасьць на буйных прадпрыемствах… Калі ўсе гэтыя чыньнікі супадуць, тады, безумоўна, людзі пачнуць больш актыўна рэагаваць. Тады будзе глеба для сацыяльных пратэстаў. І апазыцыя будзе чэрпаць з усяго гэтага новы людзкі рэсурс.
Віталь, інжынэр:
“ПАБУРЧАЦЬ І СУПАКОЯЦЦА”
Пабурчаць на кухнях і супакояцца. Людзі ў нас загартаваныя. Спачатку іх напалохалі новымі цэнамі на газ. Пасьля, быццам, Лукашэнка ўсіх супакоіў. Зараз пайшлі чуткі наконт ільготаў. А пасьля Лукашэнка зробіць так, што ўрад дрэнны, а ён ізноў усіх абараніў, ня даў народ абрабаваць. Гэта ж наша любімая палітычная гульня.
Аляксандар Сасноў, сацыёляг, былы міністар працы:
“УЗДЫМ БУДЗЕ НЯДОЎГІ”
Думаю, што будзе нейкі ўздым, але нядоўгі й нямоцны. У асноўным на ўзроўні размоваў у чэргах. Больш актыўная частка пад уплывам нейкіх палітычных структур можа нешта зрабіць, але ўсё прыцерпіцца. Як у той прымаўцы пра цьвік. Беларусы ў большасьці сваёй застануцца вернымі сабе.
Тацяна, хатняя гаспадыня:
“СТУДЭНТЫ І ПЭНСІЯНЭРЫ НЕАРГАНІЗАВАНЫЯ”
Мне здаецца, што каб нейкая частка людзей актывізавалася, павінны быць закранутыя інтарэсы большасьці людзей. А студэнты й пэнсіянэры – гэта вельмі неарганізаваныя супольнасьці. Пэнсіянэры, да таго ж, фізычна нямоглыя, а студэнты – залежныя.
Пётра Садоўскі, дыплямат, былы пасол у Нямеччыне:
“ПЭНСІЯНЭРАЎ НЕЛЬГА ЧАПАЦЬ”
Як пэнсіянэра мяне гэта, безумоўна, хвалюе. Ці я буду, на дачу едучы, плаціць 440 рублёў, ці 880. Гэта ж нешта значыць для чалавека, якому пэнсіі хапае на дзесяць дзён. Каб купіць толькі ежу. І думаю, што 80 працэнтаў пэнсіянэраў — такія, як я. Калі адмена льготаў ударыць па пэнсіянэрскім кашальку, то пратэст выйдзе за межы кухань. Я ж ежджу на электрычцы ў бок Крыжоўкі і чую, што гавораць людзі. Гавораць, што немагчыма жыць. Людзі ўжо пачынаюць лічыць, колькі атрымліваюць вайскоўцы, міліцыянты, чыноўнікі. Бабкі кажуць, што будуць проста сядзець і плаціць ня будуць — хай вядуць у суд! Людзі пачынаюць палітызавацца, бо падыходзяць да мяжы. Таму, пэнсіянэраў, мне здаецца, нельга чапаць.
Ягор, прадпрымальнік:
“МАГЧЫМА, НЕЙКАЯ ЗАВАРУШКА БУДЗЕ”
Магчыма, нейкая заварушка й будзе. Але яна ня будзе накіраваная супраць Лукашэнкі. Лукашэнка, як заўжды, на каго-небудзь прыкрыкне, каго-небудзь здыме. Што б кепскае ў нас ні рабілася, гэта не Лукашэнка робіць. Бо Лукашэнка можа зрабіць толькі добрае. Гэта аксіёма. Падняліся кошты на бэнзін – гэта расейцы подлыя ўчынілі. Закрыўся наш сыраробны завод – гэта алігархі клятыя. Па-другое, як паказаў досьвед манэтызацыі ў Расеі, пэнсіянэры пакрычаць і супакояцца. Гэта ня тая частка іх жыцьця, з-за якой яны гатовыя нешта зьмяніць. І апазыцыі шукаць у гэтай сытуацыі новых паплечнікаў — марная справа.
Мікалай Статкевіч, палітык:
“НА ПЛОШЧУ ВЫВОДЗІЦЬ НЯ СТРАЎНІК, А ІДЭАЛЫ”
Некаторы ўсплёск актыўнасьці будзе. Але яна закране невялікую частку, у параўнаньні зь мільёнамі людзей, якіх закране пазбаўленьне льготаў. Гэта будзе актыўнасьць і без таго актыўных людзей. А потым усё сьцішыцца, людзі скарацца і будуць бурчэць па кухнях. Адзінае, што гэта зьнізіць папулярнасьць уладаў і дасьць адчуваньне перавагі актыўнай меншасьці. Дасьць ёй адчуваньне грамадзкай падтрымкі. Але на плошчу людзей выводзіць ня страўнік, а ідэалы. На плошчу выводзіць прага альтэрнатывы.