ЧАЛАВЕК ЧАЛАВЕКУ ВОЎК
ЦІ ВЯРОЎКУ САМІМ КУПЛЯЦЬ?”
“Піва толькі для членаў прафсаюзу!” Гэтая фраза з савецкага сатырычнага рамана 1930-х гадоў “Залатое цяля” сёньня гучыць ужо ня столькі сьмешна, колькі незразумела для многіх. Прынамсі, для маладога пакаленьня беларусаў. Як гэта – піва не для ўсіх?!
Але студэнты, якія пратэстуюць на вуліцах супраць адмены 50-працэнтавай льготы на праезд, падстаўляючы галовы пад амонаўскія дручкі, вельмі зьдзівіліся б, калі б ім сказалі, што іхныя льготы — з той самай сэрыі, што і прафсаюзнае піва.
Бальшавікі, як толькі прыйшлі да ўлады й абвясьцілі ўсеагульную роўнасьць, увялі для сябе розныя прывілеі ды льготы – дадатковыя пайкі (ва ўмовах паўсюднага голаду), літэрныя вагоны, кватэры ў Крамлі, пэрсанальныя тэлефоны, санаторыі й г.д. А каб шараговым таварышам было ня надта зайздросна, была прыдумана цэлая сыстэма льготаў – для членаў прафсаюзаў, для членаў творчых саюзаў, для вэтэранаў вайны й працы, для Герояў Савецкага Саюзу…
Савецкага Саюзу даўно няма, а сыстэма льготаў жыве.
Характэрна, што ніхто з нашых апытаных гэты факт ня згадвае. Сама сыстэма нават лідэрамі грамадзкай думкі ўспрымаецца як нешта цалкам натуральнае. Тыя ж студэнты не падвышэньня стыпэндыяў да прыстойнага ўзроўню патрабуюць, а захаваньня права купляць квіток на трамвай за паўцаны. Хаця варта адзначыць, што скідкі на праезд студэнтам і дзецям даюцца амаль што ва ўсім сьвеце.
Як быццам само сабой разумеецца, што льготы спароджаныя жабрацкай сацыялістычнай эканомікай. Але ж гэта не аксіёма. Эканоміка ў Беларусі ўжо далёка не жабрацкая. А ў суседняй, наскрозь капіталістычнай Расеі нафтадаляры няма ўжо куды падзець. Ніякія стабфонды не ўмяшчаюць тых шалёных грошай, якія лезуць вонкі з тамтэйшых дзяржаўных алігархаў ледзь не праз вушы. Іншая справа, што тамтэйшым пэнсіянэрам ад гэтага нашмат лепей жыць ня стала. І ў так званай манэтызацыі льготаў яны справядліва ўбачылі, як звычайна, усяго толькі чарговую спробу дзяржавы падмануць іх. Дарэчы, нельга казаць, што пратэсты расейскіх пэнсіянэраў нічога не далі. Манэтызацыю льготаў на лекі расейскі ўрад вымушаны быў спусьціць на тармазах.
Ключавым паняткам тут выступае не эканоміка, а сацыяльная справядлівасьць. Ня ў тым справа, што аджылую сыстэму льготаў хочуць зьмяніць. А ў тым, што ўлада паводле старой завядзёнкі ні з кім ня раіцца. І нават не зьбіраецца інфармаваць людзей, пра што, уласна, ідзе размова. У што выльецца адмена льготаў для пэнсіянэра, для ягонай сям’і. А людзі ня надта й цікавяцца. Што будзе – тое будзе.
Але што тычыцца анэкдота пра цьвік і нібыта беларускую мэнтальнасьць, дык можна ўспомніць іншы савецкі анэкдот – пра ўдзельнікаў прафсаюзнага сходу, якім начальства прапанавала павесіцца. Адказам было пытаньне з залі: “А вяроўку самім купляць, ці прафсаюз заплаціць?” Гэты анэкдот, пазбаўлены нацыянальнай афарбоўкі, карыстаўся папулярнасьцю ва ўсіх рэспубліках былога СССР.
Так што калі гаварыць пра мэнтальнасьць, дык, хутчэй, пра савецкую. У сацыялістычным каралеўстве крывых люстэрак перагорнутыя з ног на галаву ня толькі законы нармальнай эканомікі, але й маралі.
Пра салідарнасьць працоўных у “дзяржаве рабочых і сялян” успаміналі толькі 1-га траўня, калі на дэманстрацыю ў падтрымку палітыкі партыі трэба было ісьці хоцькі-няхоцькі. Салідарнасьць дазвалялася праяўляць з нэграмі ў ЗША, альбо шахцёрамі ў Чылі. Гаварыць пра правы рабочых у СССР было небясьпечна – за гэта можна было і ў лягер патрапіць, на папраўчыя працы.
Насамрэч, у самым гуманным у сьвеце савецкім грамадзтве заўсёды дзейнічаў прынцып: ”чалавек чалавеку воўк”. Той самы прынцып, які, нібыта, панаваў і пануе на капіталістычным Захадзе. Але ж на тым самым Захадзе сёньня рэальна клапоцяцца аб пэнсіянэрах, дзецях, інвалідах. І ня толькі аб фізычных калеках, але, скажам, аб людзях з сындромам Даўна. Іх уладкоўваюць на лёгкую фізычную працу, у тым ліку, у офісы багатых карпарацыяў, у банкі, каб яны адаптаваліся ў грамадзтве. І ніхто з супрацоўнікаў тых офісаў ня лічыць для сябе ганебным мець дачыненьні з “даўнамі”.
У Варшаве ці ў Празе, дзе заўгодна ў нашых суседзяў вы абавязкова ўбачыце аўтобусы, зробленыя так, каб у іх лёгка было ўехаць на інвалідным вазку.
А ў нас пэнсіянэрка Ларыса заклапочаная тым, каб пазбавілі льготаў “несапраўдных” інвалідаў. Мабыць, яна мела на ўвазе тых інвалідаў, што прыехалі на сваіх вазках да адміністрацыі прэзыдэнта, баронячы свае і яе правы?
Людзі, якія ўсё сваё жыцьцё правялі ў чэргах, пільнуючы, каб нехта не прасьлізнуў наперад і не атрымаў тое, што яму “не паложана”, здольныя забіць парушальніка парадку. Але ніколі ня выступяць супраць гэтага парадку. Нашага абываталя ня проймеш пікетам ці масавай галадоўкай. Ён заклапочаны тым, каб урваць сваю пайку. Не да сантымэнтаў.
Нашы апазыцыйныя палітыкі, заўважце, у большасьці сваёй ня надта сьпяшаюцца выкарыстаць, здавалася б, выгадную для іх сацыяльную тэму ў барацьбе з рэжымам. Напэўна, надта яна здаецца ім прыземленай, нецікавай. Ну, што змагацца за правы нейкіх пэнсіянэраў? Яны ж на выбарах галасуюць за Лукашэнку! Так ім цяпер і трэба!
І не прыходзіць да галавы гэтым людзям, што адсутнасьць спачуваньня да слабых, адсутнасьць салідарнасьці – зьява таго ж парадку, што й адсутнасьць салідарнасьці з палітвязьнямі й сем’ямі зьніклых.
Гітлер у свой час зьнішчаў у канцлягерах ня толькі габрэяў, але й псыхічна нямоглых людзей, інвалідаў. У СССР неўзабаве пасьля другой сусьветнай вайны ўсіх бязрукіх ды бязногіх інвалідаў аднойчы ўзялі ды саслалі на Салаўкі – каб не псавалі выгляду савецкіх гарадоў. Навялі, так бы мовіць, парадак і чысьціню.
У той краіне дагэтуль і жывем. І спадзяемся на чыюсьці міласьціну.