Ільготаў становіцца болей
У суседняй Літве, дзе паводле прапаганды БТ пануе сьвет чыстагану, ніхто не аспрэчвае існаваньне сыстэмы льготаў для пэнсіянэраў, студэнтаў, інвалідаў і чарнобыльскіх ліквідатараў. Гаворка йдзе пра цывілізацыйны стандарт, міласэрнасьць і збалянсаваную сацыяльную палітыку дзяржавы. Выходзіць на дэманстрацыі і ўчыняць забастоўкі з патрабаваньнем большага заробку могуць людзі здаровыя і працаздольныя. І гэта іх права. Што да студэнтаў, інвалідаў і пэнсіянэраў, дык яны або замаладыя, або нямоглыя, і ў кожным разе людзі залежныя. Нельга схіляць іх да публічных пратэстаў, бо гэта, як мінімум, неміласэрна.
У краінах Эўразьвязу палітыкі не заяўляюць ані пра перамогу дэмакратыі, ані пра дзяржаву для народа, ані пра завершаную сацыяльна арыентаваную мадэль разьвіцьця. Бо ў ідэале такіх мэтаў дасягнуць немагчыма. Калі ж дзяржаўная прапаганда кажа пра пабудову камунізму да 1980 году ці пра разьвіты сацыялізм ці пра стварэньне сацыяльна арыентаванай мадэлі, — гэта значыць, што “рай на зямлі” дасягнуты, прынамсі, на словах, і цяпер можна рабіць усё, што заўгодна – выяўляць “несапраўдных інвалідаў” і заяўляць, што ліквідатар, які ня стаў інвалідам, — не ліквідатар, падштурхоўваць пэнсіянэраў да сьмецьцевых бачкоў, а студэнтаў да таго, каб езьдзілі “зайцамі”. Самае галоўнае, што пажаліцца няма каму, бо ў нас “усё харашо”.
У краінах Эўразьвязу ніхто не сьцьвярджае, што рай збудаваны, але ж і дзяржава не падымае руку на льготы для маладых, слабых ці нямоглых. Наадварот, сыстэма такіх ільготаў павялічваецца і ўскладняецца. Як у суседняй Літве, якая, дарэчы, адзіная з былых савецкіх рэспублік кампэнсавала сваім жыхарам іх уклады ў савецкіх банках, а сёньня прыступіла да выплатаў пацярпелым ад савецкага таталітарнага рэжыму.