NO COMMENT
АЛЬБО ТРАНСФАРМАЦЫЯ АДНАГО КАНАЛУ
Пасьля таго, як стала вядома пра плян вяшчаньня спадарожніка Белсат, улады ў розных гарадах Беларусі пачалі змагацца за “зьнешні выгляд будынкаў” і тэхніку бясьпекі. Патрабуюць здымаць “тэлеталеркі” з фасадаў шматкватэрных дамоў, пагражаючы ўладальнікам штрафамі. Уладальнікі талерак супраціўляюцца й шукаюць управу на незаконныя дзеяньні ўладаў.
Між тым, ёсьць сэнс пагаварыць не пра талеркі, а пра само спадарожнікавае вяшчаньне. Якім будзе новы беларускі канал – пакуль невядома. (На гэтую тэму мы ўжо неяк пісалі.) Вядома, аднак, чаго чакае ад яго патэнцыйны глядач – найперш, апэратыўнай, разнастайнай і бесстароньняй інфармацыі аб тым, што адбываецца ў Беларусі і ў сьвеце. І тут варта прыгледзецца да тых замежных інфармацыйных тэлеканалаў, якія без праблем можна прымаць ужо цяпер.
Уласна кажучы, цікавасьць тут могуць выклікаць толькі два каналы – RTVI ды Euronews, што вяшчаюць па-расейску.
Euronews у Беларусі можна глядзець ня толькі праз спадарожнік. Як правіла, канал уваходзіць у мінімальны пакет, які прапаноўвае гледачам амаль кожная прыстойная кампанія кабэльнага тэлебачаньня. Раней яго можна было глядзець нават на дзяржаўным канале – СТВ. Праўда, толькі ў ранішнія гадзіны. Потым нехта з тэлекіраўніцтва (здаецца, на той момант гэта быў Зімоўскі) адмовіўся ад яго рэтрансьляцыі з тае прычыны, што канал “нудны і большасьці гледачоў не цікавы”. Гэта той рэдкі выпадак, калі зь меркаваньнем начальства частка гледачоў можа й пагадзіцца.
Канал прайграе ў апэратыўнасьці й эксклюзіўнасьці такім каналам, як CNN, BBC, Fox-news і многім іншым. Кожны, хто глядзеў яго, ведае, што канал вяшчае блёкамі, якія паўтараюцца – падобна таму, як вяшчае, скажам, Радыё Свабода. Таму глядзець яго бесьперапынна гадзінамі ня будзеш. Але ж навіны ўсё-ткі часам абнаўляюцца. Ды яшчэ прысутнічае найцікавейшая рубрыка – No comment (бяз словаў). Бываюць таксама наўпроставыя ўключэньні зь месца падзеяў.
Пэўны час Эўраньюз даволі шмат увагі надаваў Беларусі. Яшчэ некалькі гадоў таму гэты канал адзіны паказаў у жывым этэры цырымонію ўзнагароджаньня БАЖ прэміяй Сахарава ў Эўрапарлямэнце. Падчас выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі канал даволі падрабязна інфармаваў пра дзеяньні абодвух апазыцыйных кандыдатаў, некалькі разоў перадаваў інтэрвію зь Мілінкевічам, паказваў затрыманьне Казуліна. Былі рэпартажы з намётавага гарадка на плошчы ў цэнтры Менску.
Але мінуў час, і Беларусь на Эўраньюз амаль зьнікла. Апошні раз яе на канале згадвалі, хіба, падчас нафта-газавай вайны паміж Масквой і афіцыйным Менскам.
Можна сказаць, што каналу проста няма чаго распавесьці пра Беларусь, дзе нічога значнага, нібыта, не адбываецца. Але дзіўным чынам на гэтым канале вельмі рэдка можна ўбачыць і Баўгарыю з Румыніяй, і Чэхію, і Славакію, і Славенію, нават Польшчу – хоць усе гэтыя краіны ўваходзяць у Эўразьвяз. Затое вельмі шмат мы бачым сюжэтаў з Расеі, якая ў ЭЗ не зьбіраецца ўваходзіць. Пры гэтым канал пазьбягае крытыкі альбо сюжэтаў, якія могуць не спадабацца Крамлю.
Самы апошні прыклад – саміт ЭЗ-Расея ў Самары. Падзея зусім сьціпла асьвятлялася Эўраньюз (хаця, здавалася б, тэма для каналу з такой назвай важная). На прэс-канфэрэнцыі з удзелам Ангелы Мэркель і Жазэ Барозу Пуціну давялося адбівацца ад непрыемных пытаньняў замежных журналістаў – у тым ліку, напрыклад, наконт расейскага эмбарга на польскае мяса, з-за чаго было сарвана падпісаньне новай дамовы паміж Расеяй і ЭЗ. Але наўпроставую трансьляцыю канал вёў літаральна некалькі першых хвілінаў, так што асноўныя пэрыпэтыі засталіся за кадрам. Ня кажучы пра затрыманьне міліцыяй арганізатараў “маршу нязгодных” у Самары – Каспарава зь Лімонавым.
Кіраўніцтва Эўраньюз, дарэчы, і не хавае, што тэкст камэнтароў на расейскай мове адрозьніваецца ад тых, што ідуць у этэр па-ангельску ці па-француску. Асабліва лагоднымі яны становяцца, калі размова йдзе аб расейскіх справах.
А інакш, трэба думаць, гэты канал на тэрыторыі РФ наўрад ці змог бы свабодна трансьлявацца.
Так што не з-за яго ўлады пачалі загадзя здымаць талеркі. Для Беларусі Эўраньюз на сёньняшні дзень застаецца ўсяго толькі адным са шматлікіх расейскамоўных каналаў, і толькі. Будзем чакаць зьяўленьня іншых.