ЗАДОЎЖАНАЕ ВЯРТАНЬНЕ
Пазьняка ў Беларусі не забылі. Але не таму, што ён харызматычны, маральны ці прынцыповы. І не таму, што “справа яго жыве” (хутчэй – наадварот). Пазьняка не забылі, бо для мільёна беларусаў ён працягвае ўвасабляць сабою брэнд нацыянальнага палітыка.
Спрэчкі вакол яго вяртаньня сканчаюцца звычайна дзьвюма процілеглымі высновамі: пра духоўнага лідэра і апошнюю надзею, з аднаго боку, і пра няўдачніка-эмігранта, які безнадзейна адстаў ад жыцьця на Бацькаўшчыне. Дазволю сабе не пагадзіцца ні зь першым, ні з другім. Апошняя надзея – гэта як вера ў цудоўнае выратаваньне, да рэальнасьці ня мае дачыненьня. І не адстаў ён, зразумела, бо ў сёньняшніх умовах інфармацыйнай цывілізацыі можна й на Марсе жыць у Беларусі.
Спрэчкі пра вяртаньне Пазьняка доўжацца ўжо дзесяць гадоў і ў сутнасьці сваёй маюць не фізычнае вяртаньне, а вяртанне — да справы, да дзейнасьці з вынікамі ў маштабах краіны. Груба кажучы: калі ж запрацуе гэты брэнд — Пазьняк? Вось пра што мы спрачаемся.
Мы дапускаем, што ў сваёй эміграцыі ён можа і павінен (паколькі займае гэтую нішу) працаваць дзеля ўсяго народу, а ня толькі для закрытай групы сваіх адданых паплечнікаў.
Мы разумеем, што аб’яднаць беларусаў на перамены можа толькі нацыянальная ідэя. Апазыцыя гэтак разважаць ня хоча ці ня можа. Але чаму гэтага ня робіць Пазьняк? Чаму здавольваецца вузкай групай, чаму не зьвяртаецца да інтэлігенцыі, не запрашае да сябе актыўных людзей? Загадка. За часы эміграцыі можна было стварыць у грамадзтве сапраўдную кансалідаваную плынь са сваімі суполкамі, друкам, асьветай… Ня позна тое й сёньня, бо альтэрнатывы нацыянальнай ідэі няма. Талокі ў Курапатах – рэальная справа, але туды ня сталі хадзіць тысячамі. Тым часам, апроч КХП, у Беларусі ёсьць дзясяткі, калі ня сотні асяродкаў, гатовых да супрацы. Дзеля розных прычын людзі не запісваюцца ў КХП, але за брэндам Пазьняк пайшлі б. Чаму ён ня кліча, не запрашае, не яднае?..
Мы чытаем артыкулы Пазьняка, шмат з чым згаджаемся, але наша чытаньне-згаджаньне яўна задоўжылася.
13 траўня Зянон Пазьняк разьмясьціў у інтэрнэце свой новы выступ на Сойме КХП:
“Зьвяртаю ўвагу Сойму на характарыстычную прыкмету, якая выяўляецца вельмі выразна цяпер у беларускім грамадзтве – узмацненьне антыбеларускай палітыкі… Рэзка ўзмацніўся перасьлед беларускай школьнай і навучэнскай моладзі за беларускую мову й беларускія погляды, выявілася, што ў школах існуе сыстэма сексотаў сярод настаўнікаў, якія адсочваюць ідэйных беларусаў і даносяць на вучняў у КГБ. Маладых людзей цяпер арыштоўваюць за нацыянальныя патрыятычныя погляды, рыхтуюць суды пад выглядам “за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі”.
Дабіваюць важнейшую сфэру нацыянальнага жыцьця – вялікую беларускую літаратуру і арганізацыю пісьменьнікаў. У гэтым годзе быў ліквідаваны і забаронены Літфонд – важная і апошняя структура, якая трымала пісьменьнікаў. Пазбаўляюць памяшканьняў апошнія беларускія арганізацыі (ТБМ, “Бацькаўшчына” і інш.)… Наступ на ўсё беларускае актывізаваўся асабліва за апошнія паўгода, і мы бачым, што ён мае ня толькі сыстэмны характар як выяўленьне агульнай антыбеларускай стратэгіі, але разьвіваецца таксама па макрашляхах, гаворачы іхнай расейскай тэрміналёгіяй, — “даходзіць да кожнага чалавека”.
Пазьняк сапраўды акцэнтуе ўвагу на тым, што хвалюе сьвядомых грамадзян краіны і на чым не акцэнтуюцца іншыя палітыкі. Што ж прапануе Пазьняк? Дапамагчы людзям усьвядоміцца, бо цемната народная – адвечная беларуская хвароба – вось прычына таго, што людзі дазваляюць уладам праводзіць антыбеларускую палітыку. Але што для гэтага рабіць? Пазьняк адказвае:
“Цяперашняе нацыянальнае разьвіцьцё беларускага грамадзтва можна ацаніць як крок наперад – два ў тыл. Гэта дрэнна. Але не апускайма рук, бо вельмі важна, каб быў бы гэты крок наперад. Лёгіка змаганьня рана ці позна прыводзіць да зьмены гэтай парадыгмы павольнага зьнішчэньня, спыняюцца крокі ў тыл і застаюцца толькі наперад”.
Гістарычны працэс, вядома, магутны фактар. І Пазьняк прапануе чакаць – чакаць, калі зьменіцца парадыгма. Навокал узмацняецца й імкнецца “дайсьці да кожнага” антыбеларускі ціск. А нам – чакаць, “не апускаючы рук”.
На маю думку, парадыгма можа зьмяніцца і не абавязкова ў пажаданы для нас бок. Бо ў час ікс нас проста ўжо можа й ня быць. Палітыка дэнацыяналізацыі і цемната народная да таго часу пакрыюць сабой усё.
Усе нашы крокі наперад (два ў тыл) заўсёды будуць неэфэктыўнымі, калі не пачнецца нацыянальнай кансалідацыі. Самы просты й зразумелы людзям спосаб яднаньня – вакол асобы лідэра. Чаму і ўзьнікаюць раз-пораз гаворкі пра вяртаньне Пазьняка. Але сувязь у Пазьняка аднабаковая. Сказаў і – абарвалася. Хоць бы жывы журнал завёў у інтэрнэце, дык не, захоўвае Пазьняк самаабарончы вобраз недаступнага мулы Амара.
Праблема, такім чынам, у той вобразнай лідэрскай пасадзе, на якую Пазьняка выбраў мільён беларусаў. І пакуль Пазьняк там сядзіць, перавыбраць лідэра шматкроць цяжэй, чым калі б месца было вакантным. У мяне няма сумневаў, што сёньняшняе маладое пакаленьне дасьць не аднаго вартага гэтай пасады лідэра. Але пакуль месца гэтае – у грамадзкіх стэрэатыпах – занятае брэндам Пазьняк, найлепшае, на што могуць разьлічваць новыя лідэры – гэта “хімія” або Валадарка. Дык можа тым часам запрацуе і сам брэнд Пазьняк? Можа вернецца ў рэальную палітыку рэальнае Беларусі як рэальны лідэр? Вось што мы насамрэч маем на ўвазе пад ягоным вяртаньнем, а ня тое, на верталёце ён прыбудзе, на цягніку альбо пешкі.
May 19, 2007 у 07:01
heta vialikaja nieviadoma
May 19, 2007 у 11:39
Dziakuj, spadaru, za cikavy artykuł!
Padobnyja dumki kali-niekali źjaŭliajucca j u mianie…