АПОШНЯЯ КАШУЛЯ
КАЛІ КАРОЛЬ – ГОЛЫ, РАСПРАНАЦЦА ДАВОДЗІЦЦА НАРОДУ
Неверагодна, але факт. Законапраект аб скасаваньні льготаў, які закранае добрую палову жыхароў Беларусі, выклікаў даволі млявую рэакцыю ў грамадзтве. Калі не лічыць марша інвалідаў-вазочнікаў (пра гэта наша газэта пісала ў мінулым нумары) ды некалькіх акцыяў студэнтаў у Менску, пратэстаў амаль не відаць.
Нядаўна давялося размаўляць з пэнсіянэркай, якая жыве ў горадзе й атрымлівае вэтэранскую пэнсію. Пачуўшы ад мяне пра скасаваньне льготаў, у тым ліку – вэтэранам вайны, яна спачатку не паверыла. А потым з упэўненасьцю сказала: думаю, 50-працэнтавай льготы пры аплаце камунальных паслугаў Лукашэнка нас не пазбавіць.
Хлопца, які, пачуўшы ў тралейбусе размову пра льготы, саркастычна заўважыў: скажыце дзякуй вашаму Лукашэнку, бабулькі ледзьве не парвалі на шматкі.
Большасьць пэнсіянэраў па-ранейшаму верыць – кіраўнік дзяржавы такога не дапусціць. Ён свой народ ад чыноўнікаў абароніць.
Між тым, дзяржаўныя СМІ пачалі ўжо кампанію па растлумачэньні неабходнасьці й карыснасьці будучых зьменаў. Агенцтва Інтэрфакс прыводзіць выказваньне чыноўніцы Міністэрства працы Тацяны Пагонышавай аб тым, што зараз у заканадаўстве прадугледжана звыш 20 падставаў для выхаду на пэнсію раней за агульнапрыняты тэрмін. Акрамя таго, у нашай краіне – самая нізкая мяжа выхаду на пэнсію для жанчын (55 гадоў) і мужчын (60 гадоў). Такія ўзроставыя парамэтры захаваліся яшчэ толькі ў трох краінах – Расеі, Украіне і Узбэкістане.
“Калі ня будуць прынятыя захады для скарачэньня дзяржаўных выдаткаў на выплаты пэнсіяў працуючым льготнікам-пэнсіянэрам, дык ня выключана, што можа спыніцца працэс павелічэньня пэнсіяў усім астатнім катэгорыям грамадзян”, – палохае Т. Пагонышава. У 2006 годзе працуючым пэнсіянэрам было выплачана больш за 260 мільярдаў рублёў. Праз два-тры гады гэтая сума можа скласьці трыльён.
Між тым, калі ў 1985 годзе насельніцтва ва ўзросьце вышэй за 65 гадоў складала 10%, дык у 2007-м – ужо 15%. У Беларусі зараз жывуць 2 мільёны 400 тысяч пэнсіянэраў. На выплату пэнсіяў ідзе 11% валавага нацыянальнага прадукту, што ёсьць самым высокім паказчыкам у СНД і краінах Балтыі.
Зразумела, сыстэма льготаў засталася ў спадчыну ад савецкай адміністрацыйнай эканомікі, і ўжо паводле вызначэньня яна ня можа быць эфэктыўнай.
Але ж і ліквідацыя льготаў адбудзецца, выглядае, паводле старых савецкіх рэцэптаў. Насельніцтва проста паставяць перад фактам. А людзі ў сваёй масе проста, як заўсёды, прамаўчаць. Альбо моўчкі здымуць зь сябе апошнюю кашулю. Абы не было вайны.