“ДАЙ ПАЖАВАЦЬ”
АЛЬБО КОННЫ ЗАБЕГ КАНДЫДАТАЎ
Я слухаю многа розных радыёстанцыяў на розных хвалях. Але нідзе ня чуў такога тэхнічнага браку, як на частаце 612 кГц падчас трансьляцыі Эўрарадыё. 11 траўня прагучалі першыя 20 хвілін праграмы і потым “пласьцінку заела” – праграма стала паўтарацца другі раз, яшчэ праз 20 хвілін – трэці… Сябрук на гэта расказаў анэкдот. Сустрэліся два савецкія магнітафоны. Адзін кажа: “Слухай, дастаў японскую касэту – класная рэч!” Другі: “Дай пажаваць”.
У тыя часы, калі не было радыё, журналіст мог хавацца за псэўданімамі ды выступаць на старонках газэты ў розных амплуа – тут ён аўтар рэпартажа, тут – фэльетонаў, а тут – вершыка. На радыё такі фокус ня пройдзе. Вось Радыё Рацыя – працуе там такі Васіль Кроква. Вядзе ён праграму, чытае анонс перадачы “Жыцьцё зь літаратурай”. Пачынаецца перадача: “Пры мікрафоне Алесь Аркуш…” – голас трохі зьменены, але той самы. Мне здаецца, што на адным радыё журналіст мусіць выступаць пад адным імем, нават калі ён робіць розную работу. А яшчэ лепей, калі розныя работы будуць рабіць розныя людзі.
На Радыё Рацыя 13 траўня Паўлюк Быкоўскі казаў пра выбары кіраўніцтва ў лягеры апазыцыі і параўнаў іх з коннымі забегамі, маўляў, “кандыдаты прыйшлі “ноздря в ноздрю…” Я згодны тут з палітолягам, што важданіна вакол выбараў заслугоўвае іроніі. Адно што ёсьць моўная заўвага. Спадар Быкоўскі скарыстаў расейскую фразу, ніяк не абазначыўшы гэта. У пісьмовых тэкстах іншамоўныя словы выдзяляюць двукосьсем, іншым шрыфтам. А калі гавораць, тады варта зьмяніць інтанацыю ці зрабіць паўзу, ці скарыстаць выразы накшталт “як кажуць”, “як той казаў”, “так бы мовіць”.
Між іншым, хацеў я знайсьці беларускі адпаведнік прымаўкі “ноздря в ноздрю”. Ні сам, ні сябры, у якіх пытаўся, не прыгадалі. Можа хто ведае – падкажыце. На тым усё. Дзве дзюркі ў носе, і сканчалося.
Сяржук Вітушка