Чаму няма адзінства ў шэрагах нацыянальна-дэмакратычных сілаў?
Зьміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзкай ініцыятывы “Хартыя’97”:
“У КРЫТЫЧНЫЯ МОМАНТЫ ПАРАЗУМЕНЬНЯ БОЛЕЙ”
Адзінства, безумоўна, няма. Але ў крытычныя моманты, перад выбарамі, назіраецца звычайна большая здольнасьць да паразуменьня. Тады ўдаецца аб’яднацца. Зараз да наступнай выбарчай кампаніі далёка. І таму настаў час пошуку адзінства, час пошуку падыходаў, стратэгіяў і гэтак далей. Але, на маю думку, у сытуацыі з кангрэсам нават стратэгія не распрацоўваецца. На жаль, гэта факт. І адзінства няма, і моцных стратэгіяў ня бачна. І ўсё гэта адбываецца, калі градус у грамадзтве расьце. Як з эканамічных прычынаў, так і з палітычных. Сёньня дэмакратычныя актывісты, у першую чаргу, маладзёвыя, значна мацнейшыя за лідэраў дэмакратычнага руху.
Васіль, студэнт:
«СЫТЫ ГАЛОДНАГА НЕ РАЗУМЕЕ»
Таму, што яшчэ як сьлед не прыпякло. Аб’ядноўваюцца людзі тады, калі ім кепска. Вельмі спрыяюць згуртаваньню нястачы й беды. Сытасьць і ўпэўненасьць у заўтрашнім дні, у якім заплянаваныя ваяжы ў Страсбуры ды Брусэлі, не аб’ядноўваюць. А вось калі б замест Страсбуру «сьвяціла» Малое Сітна, як у Севярынца, тады б і жаданьне аб’ядноўвацца абудзілася. Карацей, ізноў Лукашэнка вінаваты. Пры такім дыктатары можна жыць доўга і шчасьліва.
Уладзімер Колас, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі:
“ПАКУЛЬ ДОБРА ЖЫВЕЦЦА”
Напэўна таму, што надта добра яшчэ жывуць. І таму ня думаюць і ня робяць тое, што сапраўды трэба рабіць. А займаюцца крышку другаснымі справамі. Я маю на ўвазе асабістыя мэты, жаданьні й амбіцыі, якія не дазваляюць аб’яднацца дзеля выкананьня агульных задач. Заўсёды цяжка карыстацца розумам. І гэта можна пра ўсіх беларусаў сказаць. Разуменьне праблемаў ня можа прымусіць рабіць правільныя высновы. А прыйдзе час, калі будзе ўжо запозна. Будзе значна цяжэй выпраўляць тое, што зараз можна выправіць. Батарэі грэюць, сьвятло гарыць, вада цячэ і здаецца, што ўсё добра. А насамрэч мы праядаем сваю будучыню.
Настасься, настаўніца:
“АДЗІНСТВА НЯ МОЖА БЫЦЬ СЯРОД ДЭМАКРАТАЎ”
Таму, што яго ня можа быць сярод дэмакратаў у прынцыпе. Якая павінна быць Беларусь у ягоным разуменьні, Лукашэнка даводзіць нам кожны дзень. Калгасная, рускамоўная і зашуганая. А ў дэмакратаў ідэал Беларусі ў кожнага свой.
Уладзімер Мацкевіч, філёзаф:
“СЛАБЫХ ЗАЎСЁДЫ РАЗЬЯДНОЎВАЮЦЬ”
Таму, што слабых заўсёды разьядноўваюць. Адзінства магчымае толькі калі ёсьць моц, калі ёсьць упэўненасьць і пэўная дасканаласьць. Тады можна дамаўляцца. А паколькі ўсе людзі розныя, то, натуральна, поўнага адзінства не існуе ніколі. Гэта штучнае дасягненьне, на якое здольныя толькі пэўныя асобы і пэўныя структуры. Не абы якія. А сёньняшнія грамадзкія структуры ў Беларусі наогул разбураныя, як у краіне, так і ў апазыцыі. Дзеці заўсёды сварацца, а дарослыя здольныя дамаўляцца і дасягаць пэўнага адзінства. Уявіце сям’ю, якую ўтвараюць двое падлеткаў. Гэта немагчыма, бо яны пасварацца адразу ж. А дарослыя час да часу ўсё ж утвараюць устойлівыя сем’і. Дасягаюць адзінства.
Рыгор, прадпрымальнік:
“ДАВАЙЦЕ СКІНЕМСЯ ІМ НА ДАПАМОГУ”
Адзінства, можа, і не павінна быць. А вось чаму ў нас адна, самая галоўная сіла мацней за ўсе астатнія сілы, разам узятыя? І ўсе гэтыя маленькія сілы – што камуністы, што нацыяналісты, ня могуць скаардынавацца ніяк. Бо канкуруюць больш паміж сабой. За грошы, за ўвагу. І калі вядзецца спрэчка пра тое, ці добра робіць Мілінкевіч – гэта проста сьмешна. Больш няма чаго абмяркоўваць у Беларусі. “Ты пасядзеў два месяцы, дай людзям пасядзець”. І ўся думка не аб радзіме, але аб грантах. Адзінства няма нават не ў глябальных пытаньнях, а — дзе сабрацца на мітынг. Нават ва ўлётках няма каардынацыі. Хто першым грошы схапіў, той і надрукаваў нейкае гідоцьце зь зялёным сьцягам. А астатнія пачынаюць абурацца. А вырашыць, дзе канкрэтна зьбірацца, ня могуць. Таму прапанова. Давайце ім плаціць грошы самі. Хай яны пра нас падумаюць, а не пра Эўразьвяз. Скінемся, хто колькі можа.
Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі:
“ХТО ПРЫДУМАЎ ЖАРТ, ШТО НЯМА АДЗІНСТВА?”
Хто гэта прыдумаў такі жарт, што няма адзінства? Я якраз лічу, што апошнія рашэньні, якія прынятыя, яны сьведчаць аб тым, што ёсьць палітычная воля мець адзінства. Ці маецца на ўвазе адзінства, як пры Аляксандры Лукашэнку? Адна галава, адна думка, адна пазыцыя. Адзін гаворыць — усе ківаюць галовамі. Адзін дае каманду, усе маршыруюць. Ну, калі пра такое адзінства, то яго няма. А калі пра адзіную стратэгію, адзінства пазытыўнай альтэрнатывы, адзінства жаданьня праводзіць кангрэс, то яно ёсьць. Кожны мае права на дыскусію да таго часу, пакуль не прынятае рашэньне. У Вільні, на канфэрэнцыі, мы ўзялі на сябе пэўныя абавязкі. І калі палітыкі паважаюць саміх сябе, калі мы асобы, якія паважаюць тысячы іншых людзей, якія насамрэч чакаюць дзеяньняў і адзінства, то ўсё павінна быць добра. І Мілінкевіч, і Калякін, і Вячорка, і Лябедзька – людзі адказныя. І гэта пацьвердзіла прэзыдэнцкая кампанія. Калі мы дамовіліся, мы аказаліся вышэй за эмоцыі і амбіцыі. І гэты пазытыўны досьвед трэба працягваць і далей.
Вацлаў Арэшка, гісторык:
“АДЗІНСТВА НЕ ХАПАЕ ЎСІМ”
Нацыянальна-дэмакратычных сілаў ці аб’яднаных дэмакратычных сілаў? Таму няма і адзінства, што нават у фармуляваньні пачынаюцца фокусы. На жаль, некаторыя асобы лічаць, што іх асоба важней за ўсе астатнія сілы. Калі б людзі больш думалі пра краіну, чым пра свае ворганы, унутраныя ці зьнешнія, адзінства было б значна болей. А адзінства мэтаў, на жаль, няма. Бо яно павінна будавацца на адной простай мэце – усё за Беларусь. Адзінства не хапае ўсім нам. Але калі партыйныя лідэры хаця б спрабуюць дэманстраваць хаця б вонкавыя прыкметы адзінства, то спадара Мілінкевіча, чамусьці, на гэта не хапае. І яго роля на сёньняшні момант вельмі сумнеўная атрымліваецца.
Аляксандар Мілінкевіч, палітык:
“АДЗІНСТВА НЯМА СЯРОД ЛІДЭРАЎ”
Адзінства няма сярод шэрагу лідэраў у Менску. А так, калі езьдзіш па краіне, нармальнае адзінства. У большасьці гарадоў людзі ня толькі хочуць працаваць разам, але і ўмеюць. А ў Менску няма адзінства з той прычыны, што розныя мэты ў розных лідэраў. А аб’яднаньне будуецца на агульных каштоўнасьцях і на аднолькавых мэтах. Тут ёсьць праблема.