Як нам з частак сабраць рухавік?
Пытаньне адзінства нацыянальных сілаў застаецца адкрытым
Заўважу адразу – апытаньня ў гэтым нумары не атрымалася. Кожны, думаючы пра адзінства, разважаў пра нешта сваё, асобнае або пра даўно загаворанае ў кулюарах суперніцтва лідэраў апазыцыі. Але ж мы пыталіся не пра тое. Вызначэньне “нацыянальна-дэмакратычныя сілы” ўсе палітыкі без разваг аднесьлі да сябе. Хоць і палова зь іх ніяк ня можа быць названая “нацыянал-дэмакратамі”. Пра што ж было наша апытаньне?
Беларусь сёньня ня мае адзінай магутнай нацыянальнай ідэі і, як вынік, ня мае адзінага магутнага нацыянальнага руху. Прыродныя і дэкляраваныя прадстаўнікі гэтай ідэі – творчая інтэлігенцыя, навукоўцы, пэдагогі, журналісты недзяржаўных беларускіх СМІ, два народныя і адзін малады франты… Словам, усе тыя, хто ў поўнай меры адпавядаюць найменьню “нацыянальны дэмакрат”. Ён гаворыць і гадуе дзяцей па-беларуску, вызнае незалежную вэрсію айчыннай гісторыі, любіць і ведае беларускую культуру і бачыць свой народ сярод іншых эўрапейскіх народаў. Такі чалавек сёньня разглядаецца ўладамі як апазыцыянэр ці нават як вораг, бо найменшае узаемапранікненьне ягонай і афіцыйнай ідэалёгіі недапушчальнае. Зразумела чаму. Праўдзівая нацыянальная ідэя зараз жа высьветліць фальшывасьць ідэалёгіі рэжыму.
Што да аб’яднанай апазыцыі, дык яна ня так страшыць аўтарытарнага кіраўніка, бо ня мае і ня можа мець адзінай магутнай стваральнай ідэі, як ня можа быць адзінага бачаньня будучае Беларусі ў камуніста, нацыяналіста і правінцыйнага лібэрала. А значыць, ня можа даць адзінага стваральнага руху. Таму нацыянальна-дэмакратычныя сілы і аб’яднаная апазыцыя – паняткі ня толькі ня тоесныя, але прынцыпова розныя. Што да нашага пытаньня, дык яно тычылася выключна першых.
Чаму сёньня найменш адзінства менавіта сярод тых, хто мае адзіныя ідэйныя мэты і адзінае бачаньне Беларусі? Інакш кажучы, чаму найбольш разрозьненым, разабраным на часткі ў нас аказаўся адзіны мэханізм вываду краіны з аўтарытарнага тупіку?
Няма сумневу, што кіраўнік краіны і яго падначаленыя выдатна разумеюць, што менавіта гэты мэханізм складае для іх улады найбольшую пагрозу. Таму спэцслужбы найболей шчыруюць акурат вакол гэтага рухавіка. Самі апазыцыянэры прызнаюцца, што ў іх радах хутка большасьць будуць складаць “мечаныя”. У такім выглядзе партыі працягваюць існаваць. А, да прыкладу, Інстытут гісторыі Акадэміі навук фактычна існаваць перастаў, бо там “мечаныя” ўжо набралі крытычную масу, што паралізавала і навуку і навуковую працу. Саюз пісьменьнікаў ператвораны ў пахаджанаў і таксама ходзіць па лязу нябыту. Рок-гурты даўно не выпускаюцца на вялікія сцэны. А гэта ўсё – галоўныя фактары стварэньня нацыянальна-дэмакратычнай плыні ў палітыцы, распрацоўкі нацыянальнае ідэі, на базе якой мог бы стварыцца нацыянальны рух. Гэтых, у адрозьненьне ад партый, улада ня церпіць.
Больш за тое, вызваленыя ад рэальных навукоўцаў ды культурнікаў пляцоўкі зараз жа запаўняюцца сурагатам, а сама культура і гуманітарная навука бязьлітасна прафануецца. Зьвярніце ўвагу на тое, што сёньня дзяржаўныя СМІ называюць культурай і што прапануюць “аматарам высокага мастацтва”. З партыямі такіх падменаў не праводзіцца, бо партыі не зьяўляюцца крыніцай нацыянальнай ідэі – самага небясьпечнага супраціву рэжыму.
Асобна і адстаронена існуюць беларускія рэлігійныя суполкі, журналісцкія калектывы, навуковыя, маладзёвыя ды ўсякія іншыя ўтварэньні, зьместам дзейнасьці якіх ёсьць дэмакратычная эўрапейская беларуская Беларусь. Неяк усё робіцца так, каб ідэя, якая, верагодна, магла б злучыць іх усіх у адно, не прагаворвалася, не паказвалася, не высоўвалася на сьвет божы. Нібыта месца гэтай ідэі – пустое, а значыць, на ім можна разьмяшчаць усялякую іншую праблематыку: ад узаемадачыненьняў партыйных лідэраў да апошняга дасягненьня “беларускіх дэмакратаў” – закліку далучыць Беларусь да Расіі.
Найбольш карысны вынік сёньняшняга апытаньня нават ня ў тым, што многія палітыкі не змушаюць сябе роздумам над фармулёўкамі, а ў тым, што мы выразна ўбачылі, што словы “адзінства”, “нацыянальны” і “дэмакратыя” размытыя ад частага і прыблізнага ўжываньня. Яны страцілі свой сэнс. Калі ўлады сталі называць “нацыянальным” тое, адкуль перад тым дарэшты вымяталі ўсё нацыянальнае, дык у апазыцыі ў ліку дэмакратаў зьявіліся камуністы, а незалежныя СМІ працягваюць “беларускім” прэзыдэнтам і “беларускім” урадам называць антыбеларускіх паводле іх нацыянальнай сутнасьці чыноўнікаў. “Чым горш, тым лепш” – казаў Мао Цзэдун. Колькі існуе сьвет, столькі таталітарныя рэжымы імкнуцца заблытаць простыя словы і простыя сэнсы. І столькі ж апазыцыйная інтэлігенцыя пачынае сваё супрацьстаяньне заклікам: “Называць рэчы сваімі імёнамі”.
Можа быць, і нам прыйшоў час заўважыць, што наша “аб’яднаная дэмакратыя”, пазбаўленая галоўнага – агульнай стваральнай ідэі – даўно ператварылася ў “аб’яднаную бюракратыю”? І цяпер яна чарговае новае пакаленьне ахвочых да перамен павядзе ў тую самую яміну апатыі, дзе ўжо апынуўся папярэдні “дэмакратычны” прызыў.
У прынцыпе, пытаньне пра адзінства Мілінкевіча і Лябедзькі для грамадзтва не стаіць і не стаяла ніколі. А вось пытаньне адзінства ў нацыянальнай ідэі і ў нацыянальным руху, якое нашы палітыкі сарамліва не прагаворваюць на мітынгах і кангрэсах, застаецца адкрытым. Можа быць новае пакаленьне сьвяткаўнікоў Дня Волі ня ўпусьціць свайго шанцу і пасьпее да таго часу, як западзе ў апатыю, наладзіць гэты разабраны на часткі рухавік нацыянальнай ідэі і нацыянальнага руху?