ІНВАЛІДЫ Ў АДМІНІСТРАЦЫІ ПРЭЗЫДЭНТА
УЛАДЫ МАЮЦЬ НАМЕР СКАСАВАЦЬ УСЕ ЛЬГОТЫ
5 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы інвалідаў за свае правы, у Менску адбылася незвычайная акцыя пратэсту. Некалькі дзясяткаў чалавек у інвалідных вазках сабраліся на плошчы Бангалор, а адтуль нечакана рушылі праз цэнтар гораду да адміністрацыі прэзыдэнта. Інваліды, апранутыя ў жоўтыя і аранжавыя майкі, адолелі сем кілямэтраў, каб перадаць пэтыцыю кіраўніку дзяржавы. Міліцыя спрабавала перашкодзіць несанкцыянаванай акцыі. Міліцыянты спынялі вазкі, хапалі інвалідаў за рукі. Але ўсё ж тыя дасягнулі мэты.
Кіраўнік прыёмнай адміністрацыі прэзыдэнта Пётр Катушкін прыняў некалькі чалавек і размаўляў зь імі пару гадзінаў пра праблемы інвалідаў. Перад гэтым давялося выклікаць сьлесара, каб ён адчыніў другую створку ўваходных дзьвярэй, бо інакш вазкі не маглі праехаць.
Нагодай да пратэсту стаў законапраект аб упарадкаваньні льготаў, які закранае ня толькі інвалідаў-вазочнікаў, але шмат якія катэгорыі насельніцтва.
Колькасьць інвалідаў у Беларусі, якія стаяць на ўліку, перавышае паўмільёна чалавек. Плянуецца, што інваліды 1-й і 2-й групаў пазбавяцца 50-працэнтавых скідак на плату за тэлефон і на праезд унутры краіны з 1-га кастрычніка да 15 траўня (а таксама раз на год у іншы час), бясплатнай альбо льготнай пазачарговай устаноўкі тэлефона. Інваліды 3-й групы – 50-працэнтнай скідкі на лекі і бясплатнае пратэзаваньне зубоў.
Пазбавяцца бясплатных лекаў дзеці да трох гадоў.
Ліквідацыю льготаў асабліва моцна адчуюць на сабе вэтэраны вайны і былыя вязні канцлягераў. Для іх, зразумела, не застанецца незаўважным скасаваньне 50-працэнтавай платы за камунальныя паслугі. Толькі за кошт гэтага вэтэран, які жыве, скажам, у двухпакаёвай кватэры, эканоміў каля паўмільёна рублёў штогод.
Ударыць пазбаўленьне льготаў і па студэнтах, у першую чаргу – іншагародніх. Усе льготы на праезд для гэтай катэгорыі грамадзянаў прапануецца таксама скасаваць.
Усіх ільготаў пазбавяцца і ліквідатары аварыі на ЧАЭС, вэтэраны працы, іншыя катэгорыі грамадзянаў, якія патрабуюць сацыяльнай абароны.
Праз два дні пасьля інцыдэнту з інвалідамі Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам намесьніцу кіраўніка адміністрацыі Натальлю Пяткевіч, якой даручана курыраваць законапраект аб скасаваньні льготаў, ды запатрабаваў паскорыць яго прыняцьце.
Як паведаміла прэзыдэнцкая прэс-служба па выніках сустрэчы, “сыстэма льготаў, створаная яшчэ за савецкім часам, ня можа не мяняцца, асабліва ў цяперашніх эканамічных умовах. Ня можа лічыцца нармальнай сытуацыя, калі больш за палову насельніцтва краіны – ільготнікі”.
Савецкая сыстэма льготаў, натуральна, павінна мяняцца. Але спачатку старыя людзі й інваліды павінны атрымліваць пэнсіі, якіх хапае і на квартплату, і на прадукты, і на лекі, і на праезд. А галоўнае, іх дзеці павінны атрымліваць нармальныя заробкі.
Характэрна, што эканоміць дзяржава вырашыла на вэтэранах, у вернасьці савецкім ідэалам якіх увесь час дагэтуль кляўся Лукашэнка. І сярод якіх ён карыстаўся найбольшай падтрымкай.
Падарунак у выглядзе абяцаньня скасаваць усе льготы вэтэраны атрымалі акурат напярэдадні Дня перамогі. Апошнімі днямі, аднак, дзяржаўная прэса больш была заклапочаная падзеямі ў Эстоніі, дзе, нібыта, зьняважылі памяць ахвяраў мінулай вайны. Там помнік савецкаму салдату перанесьлі з цэнтру Таліна на могілкі.