ДЭМАНТАЖ ЭПОХІ
УЛАДЫ РБ АБАРАНЯЮЦЬ САВЕЦКІЯ МІТЫ
Сярод тых, хто загінуў пры вызваленьні Эстоніі ад гітлераўскіх войскаў, былі беларусы. А таксама расейцы, украінцы, таджыкі, габрэі, эстонцы, нават немцы. Але гэты хрэстаматыйны факт савецкай гісторыі крамлёўскія прапагандысты сёньня ня згадваюць. Перанос бронзавага салдата з цэнтру Таліна на вайсковыя могілкі вэтэраны вайны, палітыкі, чыноўнікі розных рангаў у Маскве называюць абразай расейскага народу, зьнявагай іхнага патрыятызму.
Напэўна, гэта так. Прэм’ер-міністар Эстоніі Ансіп, які выступіў з ініцыятывай паскарэньня пераносу помніка савецкім салдатам, дзейнічаў з бальшавіцкай просталінейнасьцю. Што ня дзіўна для былога інструктара тартускага гаркаму партыі. Былыя эстонскія дысыдэнты, якіх высылалі ў савецкія лягеры за іх змаганьне за незалежнасьць, ці палітэмігранты, прыйшоўшы да ўлады на пачатку 90-х гадоў, на пытаньні савецкіх помнікаў не зацыкліваліся. Гэта былым камуністам трэба нешта даводзіць сваім суайчыньнікам. Зрэшты, у кожным выпадку ва ўраду Эстоніі ёсьць сувэрэннае права прымаць рашэньні згодна з сваім заканадаўствам. Гэта вам пацьвердзяць і ўлады сёньняшняй незалежнай Беларусі.
Што ж тычыцца піяр-кампаніі расейскіх уладаў у сувязі з плянамі пераносу помніка савецкім салдатам (дарэчы, аўтар яго – эстонскі скульптар), дык вынік яе пераўзышоў усе чаканьні. Акцыі пратэсту расейскамоўнай абшчыны Таліна выліліся ў бунт – “бессэнсоўны й бязьлітасны”. Моладзь біла вітрыны, граміла і рабавала крамы ў цэнтры Таліна. Хапалі ўсё, што трапляла пад руку – у асноўным алькаголь і харчы. Толькі ў разгромленай кнігарні не ўзялі ніводнай кніжкі.
Наколькі адэкватнай была рэакцыя эстонскай паліцыі (у якой служыць шмат расейскамоўных грамадзянаў Эстоніі)? Пра гэта можна запытацца ва ўдзельнікаў акцыяў беларускай апазыцыі, якія ня раз паспыталі на сабе і дручкі, і кайданкі, і сьлезацечны газ, і шумавыя гранаты. Якіх арыштоўвалі дзясяткамі і нават сотнямі – як падчас пратэсту на Плошчы. І якія пры гэтым толькі аднойчы перавярнулі ў цэнтры Менску міліцэйскую аўтамашыну – гэта здарылася больш за дзесяць гадоў таму.
У Маскве актывісты пракрамлёўскага руху “Нашы” блякавалі пасольства Эстоніі, фактычна спыніўшы на тыдзень яго дзейнасьць. Але да разрыву дыпадносінаў не дайшло. Больш за тое – не было ніякіх санкцыяў, як, скажам, у выпадку з Грузіяй ці Малдовай. Гаварыць пра байкот эстонскіх сыроў проста сьмешна.
Занадта шмат, відаць, інтарэсаў расейскай буржуазіі ў краінах Балтыі. Мэр Масквы Лужкоў, напрыклад, які публічна заклікаў расейскі бізнэс спыніць усе дачыненьні з эстонскім, застаецца буйным акцыянэрам аднаго з банкаў Эстоніі. Так што пасьля прыступу гістэрыі ў маскоўскіх СМІ справу пачалі паціху спускаць на тармазах.
У Менску тым часам улады дзейнічаюць пад чужую капірку, узяўшы за ўзор для перайманьня акцыю “нашыстаў”. Наш, прабачце за калямбур, БРСМ папугайскім чынам ладзіць разам з вэтэранскімі арганізацыямі пікет каля генэральнага консульства Эстоніі. Раней будынку консульства ўжо дасталася ад нацболаў (таксама нашых?), якія пераблыталі яго з консульствам Латвіі. У выніку эстонскае консульства вымушанае было прыпыніць выдачу візаў.
Абвінавачаньні бээрэсэмаўцаў і вэтэранаў стандартныя – эстонцаў вінавацяць у фашызме.
Колькі разоў перад тым у Менску апаганьваўся мэмарыял на Яме – месцы расстрэлу вязьняў гета. Малявалі свастыку, аблівалі помнікі чорнай фарбай. Ніякай рэакцыі з боку уладаў. Ніхто не пакараны. Ніхто не пакараны і за акты вандалізму ў Курапатах, дзе сталінскія каты расстрэльвалі людзей аж да лета 1941 году.
Наадварот, у краіне штодзённа ўшаноўваюць Сталіна. “Лінія Сталіна”, дзе ўсталяваны бюст генэралісімуса, сёньня зрабілася ці не галоўнай турыстычнай мэкай сучаснай Беларусі.
Гэта даніна памяці геніяльнаму стратэгу, у выніку кіраўніцтва якога ў першыя дні вайны толькі пад Менскам трапілі ў палон 30 савецкіх дывізіяў – 323 тысячы чалавек. Агульныя ж людзкія страты Заходняга фронту склалі 418 тысяч чалавек.
Паводле нямецкага гісторыка Ханеса Вальтэра, у Эстоніі падчас вайны савецкія войскі страцілі да 170 тысяч чалавек забітымі. Немцы – да 45 тысяч.
Як вядома, перад вайной Сталін, дамовіўшыся з Гітлерам, забраў, сярод іншых тэрыторыяў, краіны Прыбалтыкі. У 1940 годзе з Эстоніі былі дэпартаваныя 10 тысяч чалавек, звыш 2-х тысяч расстраляныя. (Столькі ж грамадзянаў Эстоніі было расстраляна падчас нямецкай акупацыі.) Пасьля аднаўленьня савецкай улады былі дэпартаваныя яшчэ 20 тысяч эстонцаў, 80 тысяч эмігравалі.
Як жа павінны ставіцца ў Эстоніі, іншых краінах Усходняй і Цэнтральнай Эўропы да савецкай арміі, якая, вызваліўшы іх ад гітлераўскай акупацыі, прынесла на сваіх штыках сталінскае рабства?
У Крамлі сёньня ня хочуць успамінаць ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Там неахвотна, скрозь зубы прызнаюць і сам факт незалежнасьці прыбалтыйскіх краінаў да вайны і іх акупацыі. Кіраўніцтва Расеі ўсё меней гаворыць і пра перамогу над фашызмам. І ўсё болей – пра перамогу расейскага народу ў Вялікай айчыннай вайне.
Першым аб гэтым загаварыў таксама Сталін. 24 чэрвеня 1945 году ў Маскве ён прапанаваў тост: “Я п’ю, перш за ўсё, за здароўе расейскага народу, таму што ён зьяўляецца найбольш выдатнай нацыяй з усіх нацыяў, што ўваходзяць у склад Савецкага Саюзу”. Сёньня Лукашэнка, як і Пуцін, пры кожнай нагодзе й без нагоды паўтарае, што расейцы зь беларусамі — адзін народ.
Здаецца, сёньня запаветам Сталіна захоўваюць вернасьць ня толькі ў Маскве, але і ў Менску, увесь час вольна ці нявольна падкрэсьліваючы расейскі вялікадзяржаўны падыход да гісторыі ды сучаснасьці. Яшчэ адным сьведчаньнем таму сталася адкрыцьцё помніка маршалу Жукаву ў Менску.
З усіх аспэктаў мінулай вайны некрытычна бярэцца на ўзбраеньне толькі адзін – гераізм савецкага салдата. Што на справе сёньня выліваецца ў гераізацыю сталінізму й савецкага таталітарызму.
У Эстоніі, што б хто ні казаў, з дэмантажом бронзавага салдата савецкая эпоха скончылася назаўжды. У Беларусі дэмантаж сталінізму яшчэ нават не пачынаўся.