“ЛЮБЛЮ НАШ КРАЙ”

АЛЬБО Ў ПОШУКАХ УСХОДНЯЙ ДЗЬВІНЫ

Трэцяга траўня ў сьвеце адзначылі Дзень свабоды слова. Я раней пісаў ужо, што нашы вольныя радыёстанцыі, бывае, ігнаруюць сьвяточныя дні. Выказваў пажаданьне, каб у сьвяточны дзень гучалі адмысловыя праграмы. І вось, прыемна адзначыць, што на Радыё Свабода Дзень свабоды слова заўважылі й прысьвяцілі яму шмат цікавых сюжэтаў. Спадабалася гутарка з Жанай Літвіной, старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў. Спэцыяльна была перакроена традыцыйная праграма перадач і ў этэр пайшоў адмысловы “круглы стол” з супрацоўнікамі рэдакцыі. І, што самае для мяне прыемнае, заўважылі нашу газэту і нашу рубрыку: працытавалі гімн-верш “Люблю я Радыё Свабода” нашага віленскага аўтара Сьцяпана Дзінь-Дзілевіча. Шкада толькі, што ў рэдакцыі не зьвярнулі ўвагі, што гэта ня толькі верш. Яшчэ яго можна сьпяваць на матыў песьні “Люблю наш край”. Мару калі-небудзь пачуць гэтую песьню ў этэры ў выкананьні вялікага хору.

Моўная заўвага. Паўтара месяца таму на Падзьвіньні здарылася аварыя нафтаправода. І вось цяпер, ужо другі раз, такая самая аварыя. Шкада забруджанай зямлі й вады, але я не пра экалёгію, я пра мову. І тады, і цяпер усе журналісты называлі нашу славутую рэчку – Заходняя Дзьвіна. А пры чым тут “Заходняя”? У нас у Беларусі ёсьць толькі адна Дзьвіна, так яе і называюць мясцовыя людзі – Дзьвіна. А што там, на ўсходзе, цячэ яшчэ адна рэчка з падобнай назвай, дык гэта ня нашы праблемы.

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.