“ЦІ МАЛА ШТО МОЖА ЗДАРЫЦЦА”
АЛЬБО КАГО БУДЗЕМ ШКАДАВАЦЬ?
Прачытаў у “Блакітным агеньчыку” артыкул “Ці варта апраўдваць сексотаў?”, і надта ж ён падаўся актуальным. Бо акурат дзён за дзесяць перад тым давялося размаўляць з жанчынай, якая ў 1940-м нарадзілася ў ГУЛАГу ад бацькоў, рэпрэсаваных з ласкі суседа-сексота. Маці яе, занятая з 5 раніцы да 12 ночы працаю на лесапавале, каб ня даць немаўляці загінуць (двух сыноў-немаўлят яна ўжо перад гэтым страціла), мусіла сушыць пялюшкі дачкі, абгарнуўшы іх вакол уласнага цела. Жанчына распавядала пра жыцьцё-быцьцё, а мне чамусьці ўвесь час паўставалі перад вачыма тыя мокрыя пялюшкі і той сексот-даносчык. Які ён быў? Чэрствы? Жорсткі? Бесчалавечны? Ці, можа, наадварот, валодаў такой тонкай ды датклівай душою, што яна не дазволіла яму ўрэшце застацца чалавекам?
Вось і дбай тут пра тое, “каб не параніць душу” згаданага ў артыкуле маладога сексота. Ды ня проста сексота, а, як вынікае са зьместу артыкула, — не слабога цыніка. З генэрацыі тых, відаць, найноўшых, што гэтак лёгка выяўляюць цынізм у дачыненьні да іншых, але праявы якога (а то і куды меншага зла) так балюча ўспрымаюць у дачыненьні да сябе. А калі гэта яшчэ і ўсьвядомлены выбар маладога чалавека?
Канечне, галіць пад адзін грэбень усіх нельга. Ведаю аднаго былога сексота, прыкладна равесьніка героя артыкула, які зрабіў па маладосьці аблудны выбар, але знайшоў у сабе сілы адпрэчыць яго, не зрабіць справаю жыцьця. Дык тут і язык наўрад павернецца штосьці маладзёну закідаць.
Кожны наш учынак на некім адбіваецца. Здараецца, што і ламае каго, і калечыць. Са згаданаю на пачатку гэтага допісу жанчынаю мы дамаўляліся па тэлефоне пра сустрэчу дзесьці праз тыдзень. А сталася так, што спаткаліся выпадкова на наступны дзень пасьля дамовы. Якое было маё зьдзіўленьне, калі яна дастала з тэчкі, нібыта каб спраўдзіць асобу, хоць я пра тое й не прасіў, выдадзенае аж у 1948 годзе пасьведчаньне аб рэабілітацыі сям’і. “Вы што, заўсёды яго з сабою носіце?” – спытаў я. – “Заўсёды, вось ужо на працягу больш як 50 гадоў, – адказала мая суразмоўніца і амаль шэптам дадала: – Ведаеце, ці мала што можа здарыцца…”
Гадоў пятнаццаць таму давялося разам выступаць падчас літаратурных чытаньняў з цудоўным чалавекам, цяпер ужо нябожчыкам, паэтам Паўлам Пруднікавым. На добры раман, пэўна, хапіла б таго, што распавядаў сп. Павал у прыватных размовах у перапынках паміж выступамі пра лягернае жыцьцё. А заходзіў у аўдыторыю – і быццам падмянялі чалавека: скупа, сьцісла, мінімум фактуры. “Чаму так, Павал Іванавіч?” – запытаўся ў яго аднаго разу. – “Ды я й рады быў бы больш распавесьці, — адказаў, – але ж дзеці просяць: глядзі, бацька, надта не вымыкайся, мала як можа стацца…” І распавёў пра першае спатканьне з сынам ад першага шлюбу, перарванага ў выніку арышту й высылкі ў ГУЛАГ. Як сядзелі ўдваіх – ні свае, ні чужыя – за сталом ды шукалі таго, што хаця б крыху магло зрадніць пасьля 40 гадоў адсутнасьці ў жыцьці адно аднаго.
Вось такія раны душаў, загнаных на паўстагодзьдзя ў рэзэрвацыю страху шчыраванкамі завербаваных ды добраахвотных сексотаў. То каго найперш будзем шкадаваць?
Закранула ж тэма яшчэ й таму, што на пачатку году самому давялося з даносчыкам блізка, так бы мовіць, ушчыльную сутыкнуцца. Калі паплылі-паляцелі ў інстанцыі лісты з патрабаваньнямі «принять меры» ў сувязі з публікацыямі ў “Нашай Ніве”. І калі аднае радасьці з усяго таго заставалася, што ня нехта мітычна-староньні, а які-ніякі знаёмы паэт гэныя гнюсныя даносы выдаў “на-гара”. Ды яшчэ – што часы, маўляў, ня тыя. Часы, можа, і ня тыя. А мы? Тым больш, што гадзіньнік, у адрозьненьне ад часу, як ні круці – рэч рукатворная.