Чаму Чарнобыль перастаў хваляваць беларускае грамадзтва?
Ізабэла, пэнсіянэрка з Хойнікаў:
“АД АБЫЯКАВАСЬЦІ”
Ад абыякавасьці. Нікому мы непатрэбныя. Давалі раней пуцёўкі. Людзі адпачываць езьдзілі. Хто ня езьдзіў, грошы плацілі. Цяпер адмянілі. Ужо няма гэтага. Значыць, чыстая зона. Ліквідатарскія гэтыя аплачвалі. Ужо не аплачваюць. Ужо ўсё, значыць, добра ў нас. А якое дабро? Няма дабра. Напрыклад, у мяне бранхіяльная астма. Другая хвароба – цукровы дыябэт. На таблетках сяджу. Такое жыцьцё. І так усе людзі. Усе пагалоўна. Усе хворыя. То зоб, то рак. Пішыце, што радыяцыя пагубіла людзей. Багата пагубіла.
Уладзімер Колас, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі:
“НЯ ДУМАЦЬ ПРА САМАЕ СТРАШНАЕ”
Напэўна, беларускае грамадзтва, як любы жывы арганізм, спрабуе ня думаць пра самае страшнае. Падсьвядома імкнецца выштурхнуць гэтыя думкі з кола сваіх самых блізкіх клопатаў. І як любое грамадзтва, беларускае хоча радавацца жыцьцю й не клапаціцца пра сумнае. Але гэта не заўсёды ідзе на карысьць. І гэта сапраўды зьява вельмі небясьпечная. Дзяржава спрыяе, дапамагае грамадзтву забыцца, каб ня думаць пра гэтае сумнае. Замест таго, каб змагацца з гэтай зьяваю і выходзіць з сытуацыі. Як калісьці выходзілі зь яе, напрыклад, японцы. Наша дзяржава супакойвае, кажа: “Усё ў парадку”. Аказваецца, і жыць там можна і хутка будуць казаць, што гэта нават карысна для здароўя. Ад такой зьявы, якая штодня нам пагражае, нельга хавацца і спрабаваць на яе забыцца. Таму што ўсё адно, яна рана ці позна нагадае пра сябе. І вельмі непрыемным чынам.
Тацяна, хатняя гаспадыня:
“ХВАЛЮЕ ДА АДЧАЮ”
Тых, каго Чарнобыль закрануў непасрэдна, гэтая праблема вельмі хвалюе. Хвалюе кожны дзень. Да адчаю. Бо Чарнобыль – гэта перш-наперш хворыя дзеці. Што тычыцца астатніх, дык час лечыць. Такая ўласьцівасьць псыхікі чалавечай – забывацца на кепскае.
Сяргей Калякін, лідэр Партыі камуністаў:
“ДЗЯРЖАВА НЕ ЗАЦІКАЎЛЕНАЯ”
Тую частку грамадзтва, якая жыве на забруджаных тэрыторыях, хвалюе гэтая праблема, і яны на сабе яе адчуваюць. А ў цэлым у грамадзтве няма адчуваньня, што гэтая праблема хвалюе ўрад. Гэтая ілюзія існуе з-за таго, што гэтая тэма не ўздымаецца ў сродках масавай інфармацыі. У нас асноўныя СМІ – дзяржаўныя. А дзяржава не зацікаўленая, каб гэтыя тэмы ўздымаліся й абмяркоўваліся. Я думаю, што гэта мэтаскіраваная дзейнасьць нашай улады, якая апошнім часам сама ня вельмі шмат займаецца гэтаю справай. І наогул, многія пытаньні, якія раней вырашаліся – напрыклад, ільготы, якія мелі “чарнобыльцы”, яны сёньня панішчаныя. І таму гэта для дзяржавы ня вельмі цікавая й прыемная тэма. Таму такое адчуваньне, што Чарнобыль не хвалюе грамадзян. Насамрэч хвалюе, і хвалюе найперш тых, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай дапамозе.
Канстанцін, прадпрымальнік:
“З-ЗА СПЭКУЛЯЦЫЯЎ НА ТРАГЕДЫІ”
Сапраўдная трагедыя – гэта людзі, якія былі выгнаныя са сваёй зямлі. Ад сваіх хатаў, ад сваіх могілак, ад сваіх краявідаў. У чужыя ім гарады і рэгіёны. Вось гэтае перасяленьне агромністай колькасьці народу – гэта ёсьць сапраўдная трагедыя. Трагедыя падману, калі ім не казалі, што трэба ёд піць у першыя гадзіны. А пасьля сказалі – праз два месяцы. Чарнобыль стаў аб’ектам для спэкуляцыяў. Пачалося непрыстойнае марадзёрства на гэтай тэме. Палітычнае, эканамічнае, культурнае. Мой паклон Алексіевіч. А трагедыя людзей, па сутнасьці дэпартаваных са сваёй зямлі, яна засталася ў ценю.
Васіль Несьцярэнка, навуковец, Інстытут радыяцыйнай бясьпекі:
“ХВАЛЮЕ МАЛАДЫХ БАЦЬКОЎ”
Я думаю, што хвалюе. Бо згубілі здароўе дзяцей. Гледзячы на тое, як яны хварэюць, нельга быць абыякавым. Я ўжо 20 гадоў займаюся Чарнобылем. За гэты час мы абсьледавалі на спэктромэтрах больш за трыста тысяч дзяцей. У лютым два тыдні быў у Нямеччыне. Памятаю, як у царкве сабралася чалавек 70. Я гадзіну ім распавядаў, а пасьля яны яшчэ гадзіну распытвалі, як можна нашым дзецям дапамагчы. А вось у Менску можна сабраць людзей, якія пыталіся б, як дапамагчы дзецям суседняй краіны? Напэўна, жабрак ня можа дапамагчы ні сабе, ні іншым. Гэта альбо чэрствасьць, альбо прыгнечанасьць пад узьдзеяньнем Чарнобыля.
Мы адпраўляем дзяцей у Нямеччыну, Аўстрыю, Францыю, зараз рыхтуем групу ў Гішпанію. Я бачу, колькі да мяне зьвяртаецца бацькоў з просьбай дапамагчы ім. Мы намагаемся дапамагчы шматдзетным сем’ям. Мы бачым, якія аслабелыя дзеці ад’яжджаюць – бледныя, зялёныя. А вяртаюцца зусім іншымі. Зараз мы робім прэпарат, які абараняе імунную сыстэму дзяцей. Калі мы хочам, каб на гэтай зямлі жыцьцё працягвалася, мы павінны думаць пра іх.
Юрась, беспрацоўны, Гомель:
“ВЫРАСЛА СУПОЛЬНАСЬЦЬ МАРНАТРАЎЦАЎ”
Чарнобыль пачынае займаць належнае яму месца. Мне падабаецца, што чарнобыльская тэматыка перастае быць справай нейкага палітыканства. Пакаленьне, якое малюе на сваіх тварах чырвона-зялёны сьцяг, свае першыя ўражаньні ад жыцьця прывезла з Італіі, Францыі, Ірляндыі, куды яны езьдзілі на “адзараўленьне”. Чарнобыль паспрыяў зьяўленьню пакаленьня халяўшчыкаў, якім “усе вінныя”. Вырасла цэлая супольнасьць марнатраўцаў, якія маюць вельмі сур’ёзныя прычыны, каб пераканаць усіх у сваім праве на марнатраўства. “Нам ня трэба нічога рабіць, бо мы такія пачвары чарнобыльскія. Дзякуй Богу, што ў нас рогі ня вырасьлі”. Ад партвейна, дарэчы, пачварных дзетак у Беларусі нарадзілася значна больш, чым ад Чарнобыля. Не здароўе ў Беларусі пагоршылася, а цэлае пакаленьне маральных уродаў вырасла.
Валеры Дранчук, эколяг:
“ІДЗЕ ТАТАЛЬНАЯ АПРАЦОЎКА”
Зьвязваю гэта з тым, што Чарнобыль даўно перастаў хваляваць уладу. Так усё завязана ў нашым грамадзтве, што чалавек заўсёды зважае на тое, што робіць улада. Што яна прапануе, што яна прапагандуе. На вялікі жаль. Так быць не павінна, але так ёсьць. Калі дванаццаць гадоў адзін чалавек даводзіць усяму грамадзтву, што даўно пара ў зоне зьбіраць ураджаі, дык урэшце людзі зьмірыліся з гэтым. Уся наша прапаганда, уся наша ідэалёгія скіраваная на тое, каб давесьці – там жыць можна. Ідзе татальнае заспакаеньне грамадзтва. Гэта апрацоўка. І гэта ня толькі з Чарнобылем, так і з экалёгіяй наогул. Людзі вераць таму, што гаворыць улада.
Натальля Адамовіч, літаратуразнаўца:
“САМА ЗАДАЮ САБЕ ГЭТАЕ ПЫТАНЬНЕ”
Чаму ж не хвалюе? Актыўную частку грамадзтва якраз гэтая праблема хвалюе. Пісьменьнікаў, навукоўцаў. На “Чарнобыльскім шляху” бачыш адных і тых людзей. А што тычыцца шырокіх колаў… Напэўна, людзі стаміліся. Пры штодзённым клопаце пра ежу ім ужо не да радыяцыі. Як бабкі казалі, “ня бачна, і ладна”. Хаця хваробаў і большае, абыякавасьць расьце. Сама задаю сабе гэтае пытаньне. І ня ведаю адказу. Можа, мой бацька б і адказаў. Чаму так? У Адамовіча было сярод улюбёных адно выказваньне Дастаеўскага: “Чалавек – істота, якая да ўсяго прызвачайваецца”. Можа, і да Чарнобыля мы прывыклі?