Шлях у нікуды

Лукашэнка прапануе закруціць кран

Аляксандар Лукашэнка ня ведае, што рабіць далей, якім эканамічным шляхам ісьці. Такую выснову можна зрабіць зь ягонага сёлетняга пасланьня.

Калі ўважліва прыгледзецца, дык прамова Лукашэнкі была шмат у чым самавыкрывальная. Прыкладам, высьвятляецца, што створаная ім сыстэма не падпарадкоўваецца кіраўніку. Колькі часу таму ўжо было загадана зьменшыць колькасьць ліцэнзіяў, неабходных для прадпрымальніцкай дзейнасьці? О-о, ужо далёка ня ўсе гэта прыгадаюць. Бо скасаваньне ліцэнзіяў да мінімуму было запісана яшчэ ў перадвыбачай праграме Аляксандра Лукашэнкі 2001 году.

Пасьля былі рапарты, што ўсё зроблена. Лукашэнка нават пасьпеў яшчэ раз “пераабрацца”. І раптам – на табе! Першая асоба дзяржава даведалася, што замест ліцэнзіяў уведзеныя дазволы. Каб адчыніць сьціплую кавярню пры шашы, іх патрэбна ажно 42!

Натуральна, вінаватымі зрабілі чыноўнікаў. Аднак, паводле прэзыдэнцкай дырэктывы пра дэбюракратызацыю, у падобных выпадках мусіць несьці адказнасьць ня толькі выканаўца, але й кіраўнік, які ня здолеў наладзіць эфэктыўную сыстэму працы і пракантраляваць уласных падначаленых. Такім чынам, чакаем, калі Лукашэнку пакараюць за парушэньне ўласнай дырэктывы.

Яшчэ больш яскравым выглядае выпадак зь міністрам будаўніцтва Курачкіным. Раптам (ізноў гэтае “раптам”!), падчас суботніка (хоць нейкая карысьць ад гэтага мерапрыемства) Лукашэнка даведваецца ад кіраўніка МУС Навумава, што па Курачкіну даўно плача Валадарка. І публічна абураецца: дык чаму вы яго не пасадзілі дагэтуль?

Таму, шаноўны Аляксандар Рыгоравіч, што год таму вы асабіста ўсталявалі закон, паводле якога нават на апэратыўную распрацоўку высокапастаўленых злачынцаў трэба браць дазвол у вас асабіста. Ня кажучы ўжо пра крымінальную справу і “пасадзіць”. Такім чынам, неспрыяльныя ўмовы для праваахоўчых органаў і спрыяльныя для карупцыянэраў створаныя кім? Можа, адкажаце на гэтае пытаньне падчас наступнай прэсавай канфэрэнцыі?

Ідзем далей. Наконт сельскай гаспадаркі было заяўлена, што ейная прадукцыя мусіць быць прыбытковай. Аграрыям параілі болей не разьлічваць на дзяржаўныя датацыі й ратавацца сухім малаком: маўляў, яно цяпер даражэйшае ў пяць разоў!

Аднак усе, уключна з самім Лукашэнкам, ведаюць, што заявы пра самаакупнасьць сельскай гаспадаркі – абсалютна пустыя. Да ведама: у мінулым годзе, паводле афіцыйных зьвестак, аграрыі вырабілі прадукцыі на 15,1 трыльёна рублёў. А датацыяў атрымалі 15,2 трыльёна. Калі сёньня іх пазбавіць дзяржаўнай падтрымкі, сельская гаспадарка сканае ўмомант, бо існаваць самастойна ў створаных за апошнія 10 гадоў умовах яна ня ў стане. За што зноў жа шчыры дзякуй кіраўніку дзяржавы.

Ён, дарэчы, прапанаваў, як зрабіць нашае з вамі жыцьцё максымальна камфортным: “Крэдыты для насельніцтва трэба зрабіць яшчэ больш даступнымі. Гэта дапаможа людзям хутка вырашаць іхныя пабытовыя праблемы, будаваць жыльлё, набыць машыну…”

Выглядае прывабна. Але вось што гаворыць пра крэдыты Лукашэнка ў іншым месцы пасланьня: “Крэдыт – гэта пастка, у якую патрапім нават ня мы, а нашыя дзеці і ўнукі”. Праўда, тут ён меў на ўвазе, што нашай дзяржаве ня варта пазычаць грошы ў іншых. Бо потым давядзецца разьлічвацца з працэнтамі. Аднак тое ж самае тычыцца і крэдытаў для насельніцтва.

Да гэтага варта дадаць, што чым болей крэдытаў на жыльлё выдаюць банкі, тым даражэйшымі робяцца кватэры. Раней, калі квадратны мэтар каштаваў каля 700 даляраў, Лукашэнка абяцаў спыніць рост цэнаў на жыльлё. Цяпер, калі ў Менску квадратны мэтар неўзабаве дойдзе да 2000 даляраў, прэзыдэнт гэтую тэму проста замоўчвае.

Што тычыцца сытуацыі з энэргарэсурсамі, Лукашэнка прапанаваў спыніць папрокі на адрас Расеі, а вырашаць праблему за кошт эканоміі. Цікава, а хто ж болей за астатніх у апошнія месяцы папракаў усходняга суседа? Ці ня сам кіраўнік Беларусі? А цяпер, нібыта, ён ні пры чым. Ва ўсім вінаватыя мы з вамі. Зашмат спажываем.

Але ж Лукашэнка ўжо знайшоў выйсьце – усіх паставіць на лічыльнікі! Лічыць усё: цяпло, халодную і гарачую ваду. Тады расход, паводле прэзыдэнцкіх разьлікаў, скароціцца на 50%, ці нават на 100%: “Бо кожны чалавек бачыць: адкрыў кран – лічыльнік круціцца, закрыў – не. Вось і ўсё пытаньне. Гэта просты, правераны шлях вырашэньня праблемы”.

Просты аж занадта. Бо скарачэньне на 100% – гэта проста адмова ад спажываньня. І мяркуючы па тым, як разгортваюцца падзеі, ня выключана, што для многіх беларусаў менавіта такая пэрспэктыва і застанецца. У камплекце з пазбаўленьнем ад усялякіх ільгот.

Валеры Філін

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.