ЕЛЬЦЫН ПАЙШОЎ, ЗАСТАЎСЯ ПУЦІН
Чаго цяпер чакаць Беларусі ад Расеі?
25 красавіка Расея разьвіталася з Барысам Ельцыным.
Калі б нават пасьля Ельцына застаўся толькі ягоны подпіс – разам з подпісамі Шушкевіча і Краўчука – пад Белавескімі пагадненьнямі, якія засьведчылі распад Савецкага Саюзу, дык і тады імя гэтага чалавека стала б набыткам гісторыі. І ня толькі расейскай.
Ельцын быў і застаўся больш, чым першым прэзыдэнтам Расеі. Ён стаў бацькам-заснавальнікам новай дзяржавы пад назвай Расейская Фэдэрацыя. Хто б што ні гаварыў сёньня, не ў апошнюю чаргу дзякуючы гэтаму факту на месцы СССР бяскроўным шляхам паўсталі й іншыя незалежныя дзяржавы.
Апошнім разам дзяржаўная жалоба з-за сьмерці вышэйшага кіраўніка абвяшчалася ў Маскве 22 гады назад. Генэральны сакратар ЦК КПСС Чарненка памёр, як і ягоныя папярэднікі, “на баявым пасту” – то бок, у бальнічнай палаце, пры ўсіх пасадах і рэгаліях. Іншым шляхам пакінуць вышэйшы пост было ўжо нельга.
Ельцын апошнія шэсьць гадоў не займаў ніякіх пасадаў. 31 сьнежня 1999 году ён заявіў аб сваёй добраахвотнай адстаўцы. Гэта быў фантастычны акт.
Фантастычным выглядала ўжо зьяўленьне Ельцына на савецкім палітычным алімпе ў сярэдзіне 80-х гадоў. Фантастычнай была і папулярнасьць у народзе намэнклятурнага партработніка зь Сібіры.
У чэрвені 1991 году на першых прэзыдэнцкіх выбарах за яго прагаласавала абсалютная большасьць дарослага насельніцтва Расеі. У абсалютным вылічэньні гэты факт варты кнігі рэкордаў Гінэса. (Больш людзей на дэмакратычных выбарах галасуюць хіба толькі ў Індыі – але там пасада прэзыдэнта ня мае такога значэньня.)
Фантастычным былі зьяўленьне Ельцына на танку каля Белага дому падчас камуністычнага путчу і потым роспуск КПСС адным яго росчыркам пяра.
Фантастычнай і жахлівай была карціна расстрэлу Белага дому танкамі. Ня менш фантастычным стала й тое, што палітычныя ворагі Ельцына, якія выступілі супраць яго са зброяй у руках, празь некаторы час усе былі вызваленыя з турмаў па амністыі.
Фантастычнай была гісторыя падзеньня Ельцына з маста ў раку па дарозе на дачу. Фантастычным быў і той факт, што ён праспаў у самалёце сустрэчу з прэзыдэнтам Ірляндыі. І тое, як ён дырыгаваў аркестрам у Бэрліне.
Усё гэта робіць Ельцына героем амаль казачным, былінным. Многія ягоныя выказваньні зрабіліся часткай фальклёру – пра 35 снайпэраў у Чачэніі, пра “ракіровачкі” з “загагулінамі”.
Гэта ня значыць, што рэальны Ельцын быў пазбаўлены недахопаў. Пры ўсёй шырыні й цэласнасьці натуры ён быў сатканы зь недахопаў і супярэчнасьцяў.
Яго ненавідзелі і ненавідзяць ня толькі камуністы, але й мільёны простых грамадзянаў Расеі – тых самых, што за яго галасавалі. Ненавідзяць з-за няспраўджаных надзеяў на лепшае жыцьцё, з-за рэформаў (якія так і не былі завершаныя), з-за сацыяльнай няроўнасьці (як быццам яе не было да Ельцына), з-за алігархаў, з-за злому звыклых устояў, з-за таго, нарэшце, што “разваліў вялікую краіну”.
Ельцын быў рэфарматарам. Але ён ня быў эўрапейскім палітыкам. Чаго варты адзін толькі бессэнсоўны “кідок” расейскіх дэсантнікаў у Косава!
Зь яго маўклівай згоды ў 1996-м годзе Строеў і Чарнамырдзін прыехалі ў Менск падчас канстытуцыйнага крызысу, каб падтрымаць Лукашэнку й ягоны тагачасны курс на інтэграцыю з Расеяй. А чаго вартыя колішнія ельцынскія фаварыты Каржакоў, Барадзін? Былы крамлёўскі заўгас зараз кіруе сакратарыятам Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, дамову аб стварэньні якой з Лукашэнкам падпісаў зноў-такі Ельцын.
І ўрэшце, Ельцын зрабіў сваім пераемнікам кіраўніка ФСБ Пуціна. Цьвярозы й прагматычны Захад менавіта гэты факт лічыць галоўным вынікам праўленьня “цара Барыса”. Менавіта пры Ельцыну закладаўся падмурак цяперашняга рэжыму ў Расеі. Толькі калі для яго вайна ў Чачэніі была, хутчэй, трагічнай памылкай, пры Пуціну тая ж вайна стала і сродкам і сымбалем новай імпэрскай палітыкі Крамля.
Ельцын адмовіўся ад улады не зусім добраахвотна. Ясна, што гэта стала вынікам дамоўленасьці розных кланаў, і Пуцін, у прыватнасьці, даў гарантыі бясьпекі свайго папярэдніка й ягонай сям’і (у шырокім сэнсе). Да апошняга часу Пуцін захоўваў вернасьць нейкім абавязацельствам, у тым ліку маральным. Пахаваньне Ельцына на вышэйшым дзяржаўным узроўні – таксама аб гэтым сьведчыць. Пуцін, аднак, застаўся адзіным дзяржаўным чыноўнікам, які публічна выказаў прызнаньне заслуг першага прэзыдэнта.
Што будзе цяпер, калі ня стала Ельцына – “бацькі-заснавальніка”, стваральніка расейскай канстытуцыі – той самай канстытуцыі, якая абмяжоўвае прэзыдэнцтва двума тэрмінамі? Мы ня ведаем. Але, думаецца, што нашчадкі ельцынскай палітычнай сыстэмы, крамлёўскія ўладалюбцы могуць сьмела зьняць маскі дэмакратаў. І адкінуць апошнія рэшткі сораму й сумленьня.
Эпоха Ельцына ў Расеі скончылася. Пачынаецца новая, яшчэ больш жорсткая эра.
Падчас яго пахаваньня ўжо былі бачныя яе сполыскі над Крамлём.