Сыс, або стыхія

Што адчувае дрот, па якім ідзе ток?

Зусім нядаўна мне патрапіўся зборнік паэзіі Анатоля Сыса “Лён”. Там сярод іншых ёсьць і здымкі паэта апошніх гадоў, твар, ужо зьнявечаны павольнай дэградацыяй, самагубствам “у крэдыт”.

Добра, што я яго ня бачыў – такім.

Наша адзіная сустрэча адбылася ў канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў Вільні. Тады толькі-толькі будзіўся адраджэнскі рух, і моладзь, даведаўшыся, што Вільнюс – гэта Вільня, рынулася ў гэты горад, – і  каб пакланіцца сівой даўніне, і – каб заявіць свае правы на сталіцу былой супольнай дзяржавы.

Памятаю, адзін юнак напісаў на заінелай званіцы, што на Катэдральнай плошчы, “Жыве Беларусь!”. Іншы патрыёт, мясцовы, ня вытрымаў – “Ти ехай к сибе в Минск и там писай!”

Вось і Анатоль Сыс зь Сержуком Вітушкам завіталі ў сваю-чужую Вільню.

“Стыхійнасьць” і неўтаймаванасьць Сыса была бачная “няўзброеным вокам”. Ён крочыў па вуліцах, як гаспадар, да ўсіх гаварыў па-беларуску, не зьвяртаючы ўвагі, ці яго разумеюць, ці не. “Ну Анатоль, ну ня трэба…” – ціха спрабаваў яго супакоіць сьціплы Вітушка, але – дзе там.

Аднак ён зьвяртаў на сябе ўвагу не аднымі паводзінамі. Матухна-прырода надзяліла яго ня толькі баявым духам, але й адпаведнай зьнешнасьцю.

Нядаўна бачыў у тэлевізары маладзёна, які ўдзельнічае ад Літвы ў сусьветным конкурсе “Містэр Сусьвет” (адпаведнік жаночых конкурсаў прыгажосьці). Куды яму да Анатоля!

А потым быў “пікнічок” на прыродзе, і Сыс чытаў свае вершы. І я адчуў, як бывае, калі “мурашкі па сьпіне бягуць”… Да гэтага я зьведаў штось падобнае на канцэрце Андрэя Вазьнясенскага ў Менскай філярмоніі – але то ж вядомы паэт, амаль клясык, жыхар Парнаса, — а  тут, побач, – нікому невядомы хлапец…

Найбольш уразіў славуты цяпер “Пацір”…

Калі ўжо добра “пасядзелі”, Анатоль раптоўна ўтаропіўся ў мяне неміргаючым сваім сталёва-пяшчотным позіркам: “Пачытай мне свае вершы!”

Вялікіх намаганьняў каштавала мне пераканаць яго, што я не пішу вершаў. І – не пераканаў, бо ўжо зусім у канцы ён наблізіўся да мяне, і з націскам сказаў: “Ты! Пішаш! Вершы!” Памаўчаў і дадаў – “Я ведаю…”

Мабыць, яму ня верылася, што нармальны беларус можа не пісаць вершаў!

(І праўда, празь некалькі гадоў напісалася мне пару рыфмаваных тэкстаў – але, вядома, я ні за што б ня стаў іх чытаць Сысу…)

Паводле тэорыі Вярнадзкага, усе нашы думкі й ідэі не зьнікаюць, а застаюцца ў ноасфэры вакол Зямлі. А дзе зараджаецца паэзія? У якіх сфэрах, у якіх энэргетычных палях?

І ці можам мы адчуць, усьвядоміць, што адчувае асоба, празь якую прыходзіць да нас паэзія?

Што адчувае дрот, па якім ідзе ток?

Пэгас Анатоля Сыса “хадзіў пад вольтавай дугой”, — напісаў Міхась Скобла. А іншы чалавек увогуле падзяліў усіх людзей на “высокавольтных” і “нізкавольтных”.

Мы ніколі не даведаемся, якое было напружаньне.

Але мы ведаем, якая засталася паэзія.

Калі дапусьціць (і ці такая ўжо гэта фантастыка?), што беларуская мова зьнікне, але хтось з нашчадкаў знойдзе хоць некалькі вершаў Сыса – ён захоча адрадзіць мову, на якой напісаныя такія творы.

Алег Аблажэй

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.