ПАДПОЛЬНЫ АБКАМ ДЗЕЙНІЧАЕ

На якой вуліцы мы жывем?

Нядаўна Таварыства Беларускай мовы запрапанавала пераназваць вуліцу Камуністычную ў Менску ў вуліцу Напалеона Орды – у гонар беларускага кампазытара і мастака, 200-годзьдзе з дня нараджэньня якога адзначаецца сёлета. У Менскім гарвыканкаме ўлады абяцалі просьбу разгледзець. Але наўрад ці вуліца Камуністычная хутка зьменіць сваю назву. Улады дбаюць аб захаваньні гістарычнай спадчыны, асабліва савецкага пэрыяду. Вуліцы Камуністычная, Рэвалюцыйная, Інтэрнацыянальная, відаць, яшчэ доўга будуць захоўваць свае назвы – таксама, як вуліцы Леніна, Дзяржынскага, Калініна, Куйбышава, Мясьнікова, Сьвярдлова, іншых расейскіх рэвалюцыянэраў і партдзеячоў.

Праўда, тут нядаўна здарыўся казус. Пётр Машэраў, як вядома, быў ня толькі партызанам, але й буйным партыйным кіраўніком – першым сакратаром ЦК КПБ, членам ЦК КПСС. Ды вось загінуў ня так, як належала за брэжнеўскім часам партыйнаму бонзу – не ў крамлёўскай лякарні, а ў бязглуздай аўтакатастрофе пад Менскам. Гэта ж выклік сыстэме! А ў яго гонар назвалі цэлы праспэкт у беларускай сталіцы. І па тым праспэкце езьдзіў да нядаўняга часу… страшна сказаць хто.

Карацей кажучы, у мэтах аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці імем Машэрава назвалі іншы праспэкт, менш высокага рангу. Не праспэкт нават, а так – вуліцу. Якая датуль насіла імя іншага беларускага партызана й партдзеяча Івана Варвашэні. У гады вайны ён быў сакратаром падпольнага Менскага абкама, потым – Слуцкага міжпартыйнага райкама, потым камісарам Слуцкай партызанскай брыгады. Давялося цяпер Варвашэню пасунуцца далей ад цэнтра Менска, саступіўшы месца Машэраву. А што? Імя Скарыны, вунь, і тое прыбралі з галоўнага праспэкту, каб пераназваць яго ў гонар Незалежнасьці.

Ад гэтых усіх пэртурбацыяў, відаць, ня толькі ў сталічных чыноўнікаў, але ў саміх менчукоў, насельнікаў тых пераназваных вуліц пачаў ехаць дах. Пытаесься, напрыклад, у аднаго знаёмага, у якога офіс быў на Варвашэні – у вас цяпер, спадар, новы адрас? Вам на Машэрава цяпер трэба дасылаць карэспандэнцыю?

А той з гонарам і годнасьцю адказвае – адрас новы, але свой стары мы нікому не саступім. Нам і на ранейшы адрас пішуць. Таму гэта, маўляў, наш сьцяг, і мы яго нікому не аддамо!

Пры чым тут, скажаце, газэта “Свабода” і навошта мы вам расказалі гэтую гісторыю? Ды, у прынцыпе, ні пры чым.

Проста, у рэдакцыі ёсьць свае праблемы з адрасам. Цяжка знайсьці такі, каб і ўладу ён задаволіў, і суседзяў, і чытачоў, і лістаношаў. А бяз адрасу ў наш час – ну ніяк нельга. І паскардзіцца няма каму. Не Івану ж Варвашэню зь Пятром Машэравым.

Так што самі будзем шукаць лепшага варыянту.

А пакуль вяртаемся да ранейшага адрасу. Просьба дараваць за клопат.

Максім Пешка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.