ЗА НАМІ – МАСКВА?
Расейскія ўлады пераймаюць мэтады ўладаў РБ
У суботу міліцыя ў Маскве разагнала “Марш нязгодных”. Нязгодныя з палітыкай Пуціна грамадзяне спрабавалі выкарыстаць сваё канстытуцыйнае права на свабоду выказваньня й свабоду перасоўвання. У выніку былі арыштаваныя каля 200 чалавек – прыкладна, кожны дзясяты ўдзельнік маршу. Амон, сагнаны загадзя ў сталіцу Расеі з усяго Падмаскоўя, пераўзыходзіў сілы “праціўніка” таксама разоў у дзесяць.
Сярод першых затрымалі аднаго з арганізатараў акцыі – лідэра Аб’яднанага грамадзянскага фронту (АГФ), экс-чэмпіёна сьвету па шахматах Гары Каспарава і лідэра апазыцыйнай “Маладой Расеі” Марыю Гайдар. Спрабавалі забраць экс-прэм’ера РФ Міхаіла Касьянава, але дэманстранты яго адбілі.
Амон зьбіваў і затрымліваў усіх, хто трапляў пад руку – ад журналістаў да выпадковых мінакоў, у тым ліку пэнсіянэраў.
Наступным днём, у нядзелю, “нязгодных” зьбівалі ўжо ў другой расейскай сталіцы – Санкт-Пецярбургу. Там сабралася ўсяго паўтары тысячы маніфэстантаў. Сярод іншых быў затрыманы лідэр нацыянал-бальшавікоў, пісьменьнік Эдуард Лімонаў. (НБП разам з АГФ і некаторымі іншымі дробнымі партыямі левага і правага кшталту ўваходзяць у апазыцыйны рух “Іншая Расея”.)
Расейскія тэлеканалы, за рэдкім выключэньнем, факты жорсткасьці й беззкаконьня з боку міліцыі цалкам абышлі. Прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі назваў гэтыя падзеі “нязначнымі”, а рэакцыю на іх замежнай прэсы “перабольшанай”.
Гары Каспараў у інтэрвію заходнім карэспандэнтам параўнаў цяперашнюю сытуацыю ў Расеі з сытуацыяй у Зімбабвэ і Беларусі.
Што ж, параўнаньні напрошваюцца самі сабой.
Нешта падобнае беларускія грамадзяне за апошнія дзесяць гадоў прызвычаіліся бачыць на вуліцах Менску. Праўда, беларускім апазыцыянэрам звычайна ўдавалася выводзіць на акцыі ў некалькі разоў больш маніфэстантаў, чым удалося апазыцыі ў шматмільённай Маскве. Ды яшчэ апошнім часам менскі амон стараецца не зьбіваць дэманстрантаў перад тэлекамэрамі.
Астатняе – прэвэнтыўныя затрыманьні, аўтазакі, хуткія на расправу суды зь міліцыянтамі ў якасьці “сьведкаў”, шальмаваньне апазыцыі ў дзяржаўнай прэсе – сапраўды вельмі падобнае. Усё, як у нас.
Ці амаль усё. А можа, падабенства тут толькі зьнешняе? А калі розьніца ўсё ж ёсьць, у чым яна палягае? Пра гэта – у сёньняшнім нумары.