Пешкі гуляюць дошкамі

Чаму Расея ў згортваньні дэмакратыі паўтарае шлях Беларусі? Зразумела, прырода аўтарытарызму ў розных краінах падобная. Нават калі ў гэтых краін настолькі розныя вага і аб’ём, гістарычны шлях і мэнталітэт, эканоміка і рэсурсная база, як у Беларусі й Расеі. Калі пачынаецца “закручваньне гаек”, нас не зьдзіўляе, што Пуцін сьледам за Лукашэнкам стварае ўладную “вэртыкаль”, ператварае выбары ў прафанацыю, выганяе апазыцыю з парлямэнту і свабоду слова – з тэлеканалаў. Не зьдзіўляе, бо гэта ўнівэрсальныя захады аўтарытарнага кіраўніка. Зьдзіўляе іншае – нейкія, на першы погляд, дробязі.

Як падобныя пуцінскія “Нашы” да “нашых” БРСМаўцаў – выразамі твараў, тым, як выкрыкваюць свае лёзунгі каля замежных пасольстваў і самімі гэтымі лёзунгамі. А вось ахоўнікі адбіваюць Касьянава ад амонаўцаў – штосьці ў ягонай постаці нагадала Казуліна на дэманстрацыі 25 сакавіка летась. Калі ўдумацца, Касьянаў – гэта і ёсьць расейскі Казулін. А вось да болю знаёмыя кадры “пасадкі” дэманстрантаў у міліцэйскі аўтобус. А вось людзі, дакладна як у нас у 1996-м, крычаць амону: “Фашысты”…

Мноства такіх вось “дробязяў” пасяляе ў душы неспакой – чаму гэта аж настолькі падобна? Між тым, менавіта па дробязях звычайна й пазнаецца почырк рэжысэра. Няўжо гэты рэжысэр і ў нас і ў іх – адзін?

Асноўным матывам у ацэнках лібэральнымі аналітыкамі “маршу нязгодных” было неразуменьне: навошта жменьку пратэстоўцаў разганяць у такой грубай форме, маўляў, у выніку прайгралі ўсе, і ў першую чаргу — улады. Калі б тыя некалькі соцень нязгодных спакойна прайшлі маршам, Расея б лішні раз намякнула на свой дэмакратычны характар, а нязгодныя б выпусьцілі пару і – яшчэ больш маргіналізаваліся. А так… Увесь сьвет гудзе пра пуцінскі рэжым, які ўжо многія называюць дыктатурай. Маўляў, дзе ж ваша хвалёная прагматыка, спадар Пуцін? Вы дзейнічаеце дакладна так, як гэта робіць ваш калега Лукашэнка. Але той і не прэтэндуе на прагматызм, ягоная ўлада — эмацыйная і абсалютна аўтарытарная. А нашто гэта вам, для каго інвэстыцыйны клімат, па ідэі, мусіць быць важней за вашу асабістую нелюбоў да “здрадніка” Касьянава? На міжнародных самітах вы пазыцыянуеце сябе прыстойным шахматыстам, а тут ізноў “згулялі” дошкай. Ну, рыхтык беларускі дыктатар Лукашэнка.

Мала хто сумняваецца, што з прыходам Пуціна Расеяй непадзельна завалодалі “чэкісты” (і Пуцін – толькі пешка ў гэтай гульні). Калі ж рэжысэр адзін, тады трэба прызнаць, што Беларусь насамрэч – толькі палігон цынічнай адпрацоўкі тых мэтадаў, што паступова ўводзяцца і ў Расеі. Навошта? Каб паглядзець, што будзе пасьля разгонаў і арыштаў, як будзе паводзіць сябе апазыцыйная публіка, як адрэагуе міжнародная думка, а самае галоўнае – чаго гэта будзе каштаваць?

Уявім сабе гэты чэкісцкі клан новай фармацыі, які фактычна кіруе Расеяй. Натуральна, ні гуманістычных, ні эканамічных мэтаў у іх быць ня можа, галоўная мэта – захаваць уладу свайго клана. Мэтады дзейнасьці такога кшталту ўлады зводзяцца да сілавога і кансьпірацыйнага – іншым іх не вучылі. Пры гэтым чым больш простая і прымітыўная сыстэма ўлады, тым лягчэй кіраваць. Зараз у іх стаіць задача забясьпечыць пераемнасьць сваёй сыстэмы ўлады на этапе перавыбараў думы і прэзыдэнта. Таму цалкам лягічна папалохаць “дарагіх расіян” амонаўскімі дубінкамі й выклікаць хвалю нянавісьці да апазыцыянэраў. Што з гэтага атрымаецца – яны ведаюць зь менскага досьведу. Каго хвалюе, што жменька нязгодных крычыць “Расея бяз Пуціна”? Многія Пуціна, наадварот, любяць. Хоць хто такі Пуцін? Такіх Пуціных у чэкісцкага клана шмат. Пры гэтым крычаць “Расея без ФСБ” ніхто ня стане, бо ўсе разумеюць, што без інстытуцыі бясьпекі ніводная краіна, а тым больш Расея, існаваць ня можа.

Усё гэта выглядае праўдападобна, адно, што звычайная чалавечая цікаўнасьць патрабуе паказаць тых, хто за ўсім гэтым стаіць, назваць пайменна. А вось жа і не атрымаецца. Бо гэта не якісь там генэрал і ня Патрушаў, а “аналітычны цэнтар”, цалкам закрыты й дэпэрсаніфікаваны. Тут няма публічных асобаў, а магчыма, што й асобаў няма ўвогуле. Калі вам даводзілася глядзець у тэлевізары рэпартаж пра адкрыцьцё Пуціным новага памяшканьня гэтага цэнтру, абсталяванага супэрсучаснымі сродкамі аховы, сувязі і ўсяго астатняга, дык гэта і ўсё, што можна пра гэты цэнтар уведаць. Калі-небудзь з мэмуараў мы даведаемся, хто там канкрэтна працаваў у гэтай “шабашцы”, але раскрыцьця тайны ня будзе, бо самая схаваная тайна заўсёды тая, якой няма. Дастаткова толькі прызнаць, што Расеяй кіруе пэўнае аналітычна-сілавое прадпрыемства пад умоўнай назвай ФСБ.

І вось тут трэба ўспомніць шматлікія артыкулы й нават кнігі пра тое, што і Лукашэнка – прадукт гэтага самага цэнтру, які прасунуў нашага “ўсенароднаабранага” да ўлады. Адно што “на пэрыфэрыі” быў пасаджаны ня Пуцін-пешка, а тыпаж накшталт Туркменбашы – нібыта яркі дыктатар, пажыцьцёвы князёк, харызматычны, задзірасты, страшэнна ганарлівы й “вельмі самастойны” ў сваіх словах і рашэньнях, але па сутнасьці – тая ж пешка. Бо ўсё гэта – толькі вобраз для публікі. Вядома, што з прыходам Лукашэнкі беларускі КГБ быў пераўкамплектаваны кіраўнічымі кадрамі з Масквы. І ня толькі КГБ.

І цяпер – найважнейшая выснова, якую даводзіцца зрабіць з усяго вышэйсказанага. Нягледзячы на свой “самастойны вобраз”, Лукашэнка нічога ня кажа, ня робіць і не вырашае “сам”. Можа быць, акрамя ўдзелу ў хакейных турнірах – там ён сапраўды мусіць рэальна сам махаць клюшкай. Што да незалежнасьці Беларусі, дык яна цалкам у руках расейскай “шабашкі”. Сёньня яе спатрэбілася ўзмацніць, каб лішні раз адвесьці ад “шабашкі” ўвагу і паказаць самастойнасьць Пуціна і Лукашэнкі. Так быў прыдуманы нафта-газавы “канфлікт”. Мы наіўна пытаемся, ці пойдзе на беларусізацыю Лукашэнка – а мусім пытацца: ці пойдзе на беларусізацыю ФСБ? Абсурд, праўда? Толькі ў першым выпадку ён так ярка не відзён і застаюцца ілюзіі. Як застаюцца яны і ў выпадку з “дыялёгам Лукашэнкі і апазыцыі”, з эвалюцыйным шляхам пераходу да дэмакратыі.

Пасля прыходу першага прэзыдэнта да ўлады незалежнае беларускае грамадзтва зьвяртала ўвагу на хвалю расейскіх функцыянэраў, якія раптам занялі ў Беларусі вырашальныя наменклятурныя пасады. Пра гэтых “варагаў” пісала тады і газэта “Свабода”. Была зробленая выснова пра тое, што Лукашэнка прыцэльваецца да крамлёўскага пасаду. Зьнешне яно так і выглядала. Ды й сёння гэты ягоны намер часьцяком згадваецца ў друку. На што сам фігурант толькі разводзіць рукамі. Уся справа ў тым, што прыцэльвацца то прыцэльваецца, але ня сам. Бо сам ён – пэрсанаж чужой гульні, распрацоўка згаданага “аналітычнага цэнтру”, дзе дасьведчаныя лялькаводы ў інтарэсах захаваньня ўлады свайго клану пры пэўных абставінах цалкам могуць перасадзіць яго ў крэсла першага чыноўніка Расеі. А могуць і не пасадзіць.

Апошнія расейскія падзеі, якія так моцна нагадалі Менскую вясну 1996 году, амаль супалі ў часе з дэклярацыямі пра “збліжэньне” Лукашэнкі і апазыцыі. Прэзыдэнта запрасілі разам сьвяткаваць Дзень Волі 25 сакавіка, ён нібыта згадзіўся, але, у сваю чаргу, перазапрасіў апазыцыю на свае канцэрты. А пасьля яшчэ заявіў, што ён ня супраць, каб апазыцыянэры ўдзельнічалі ў вырашэньні агульных эканамічных праблем. Па выніку словы засталіся словамі, у шахматнай гульні зноў была ўжытая дошка, абодва бакі адчулі некаторае замяшаньне. Апазыцыя азіраецца на Ван дэр Ліндэна, Лукашэнка – на “шабашку”. Усе разумеюць, што нешта ў звыклых адносінах быццам бы зьмяняецца, але каманды — няма. Верагодна, і ў Эўропе і ў “аналітычным цэнтры”, дзе, зразумела, найперш заклапочаныя падзеямі ў Расеі, “нашым” сказалі крыху пачакаць. Вось і выйшла замяшаньне.

Выглядае, што, аналізуючы беларускую сытуацыю, нам трэба замест Лукашэнкі ўжываць праверачнае слова – ФСБ. Тады мы атрымаем рэалістычную карціну таго, што адбываецца. Праўда, ад гэтага ня стане ясьней наша ўласная будучыня. Адно што лішні раз пацьвердзіцца выснова: толькі ўзгадаваньне нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў, толькі ператварэньне бязвольнага насельніцтва ў нацыю прывядзе да вызваленьня з учэпістых лап чужой “шабашкі”.

Алесь Кебік

Водгукаў на публікацыю “Пешкі гуляюць дошкамі”: 56

  1. Нетитульный кажа:

    Паранойя

  2. Aлесь кажа:

    А па-мойму ўсё слушна. Толькі хацелася б пачуць і пачытаць пра тое, што рабіць. Агульны вектар ясны - будуем нацыю, але як? З чаго пачаць ці як працягнуць распачатае папярэднікамі? Як спрычыніцца да гэтага паспалітаму чалавеку? Як заангажавацца пакуль незаангажаваных, але здольных і прагных да стваральнай працы людзей? Аднымі хаджэньнямі на мітынгі нічога ня зьменіцца (сёняшнія хаджэньні-туляньні гэта як мінімум выпусканьне пары, якая яшчэ і не назапасілася да крытычнай масы, а як максымум - успрыск атруты безнадзейнасьці ў кроў тых, хто яшчэ мае надзею). Пазытыву няма, вось што кепска. А трэба паказаць пазытыў, каб імпэт зьявіўся ў людзей, каб пабачыць нарэшце сьвятло ў канцы тунэлю.
    А пакуль толькі надзею маем, кволую як вагонь лампадкі. І праз кволасьць гэтую хаваем яе ў далёкіх закутках сэрца.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.