МІРНЫЯ ЛЮДЗІ
АЛЬБО АБ РОЗНЫМ – ПА-РОЗНАМУ
Нягледзячы на шматлікія заявы аб тым, што СНД вось-вось разваліцца, міждзяржаўная тэлерадыёкампанія “Мір” працягвае існаваньне. І выглядае, вялікіх праблем “Міру” ў бліжэйшай будучыні чакаць не даводзіцца. Таксама, як і штаб-кватэры СНД у Менску. Ніхто дзейнасьцю чыноўнікаў, якія там працуюць, асабліва не цікавіцца. Таму, відаць, і сур’ёзных канфліктаў у выканаўчых органаў Садружнасьці з органамі ўлады Беларусі пакуль не ўзьнікала.
Чымсьці надзвычайным гэты тэлеканал ніколі не зьдзіўляў. Але калі ў беларускага гледача са стандартным наборам каналаў ёсьць магчымасьць націснуць, умоўна кажучы, 7-ю кнопку – гэта, дальбог, зусім ня горшы выбар.
Аблічча любога тэлеканалу вызначаюць, у першую чаргу, інфармацыйныя праграмы. У навінах на канале “Мір” можна, у кожным выпадку, убачыць тое, чаго ня ўбачыш на дзяржаўных беларускіх ці расейскіх каналах. Узяць, напрыклад, апошні выпуск за панядзелак. Дзе, на якім яшчэ канале навіны маглі пачацца сюжэтам пра візыт прэзыдэнта Польшчы Качыньскага ў Тбілісі, дзе ён сустрэўся з прэзыдэнтам Саакашвілі ды яшчэ абяцаў Грузіі падтрымку на яе шляху ў НАТО?
Трэба зазначыць, што нават падчас актыўнай фазы антыгрузінскай кампаніі ў Расеі, “Мір” паказваў і Міхаіла Саакашвілі, і Ніно Бурджанадзе і іншых грузінскіх палітыкаў, якія, натуральна, давалі сваю ацэнку дэпартацыі грузін ды іншым дзеяньням расейскіх уладаў, мякка кажучы, адрозную ад крамлёўскай.
Тое ж тычыцца Малдовы і Ўкраіны. Зразумела, кіраўніцтва “Міра” цяжка западозрыць у сымпатыях, скажам, да “аранжавай рэвалюцыі”. Тым ня менш, і Януковіч, і Цімашэнка, і Мароз, і, зразумела, Юшчанка для гэтага каналу ёсьць раўнапраўнымі суб’ектамі ўкраінскай дзяржаўнай палітыкі. Той, хто сёньня ў апазыцыі, заўтра можа ўзначаліць урад, і наадварот. Не лічыцца з гэтым фактам міждзяржаўная тэлекампанія ня можа паводле вызначэньня.
Таму, пакуль расейскія каналы спаборнічаюць у тым, хто зь іх мацней “укусіць” Юшчанку разам з “аранжавымі” і больш падтрымае рэгіяналаў на чале зь Януковічам, “Мір” паказвае мірную карцінку з вуліц Кіева, дэманструючы, што ва Ўкраіне ідзе нармальны дэмакратычны працэс. І што грамадзянскай вайны ў блізкай пэрспэктыве там не прадбачыцца.
Яшчэ што цікава – у тым самым выпуску навінаў кадры з Уладзімерам Пуціным, які прымае ў Крамлі міністра Зурабава зьявіліся недзе ў сярэдзіне праграмы, усяго на некалькі сэкунд! Вось, праўда, кадраў разгону ў Маскве антыпуцінскага Маршу нязгодных, якія абышлі напярэдадні ўсе незалежныя тэлеканалы, на “Міры” таксама не было.
Зразумела, на гэтым канале ёсьць свае зоны замоўчваньня. Іх ня можа ня быць, калі размова тычыцца аўтарытарнай палітыкі ўладаў Беларусі, Расеі, Азэрбайджана, Таджыкістана з Туркменістанам. Стваральнікі навінаў Садружнасьці выходзяць са становішча вельмі проста – сюжэты з гэтых краінаў зьяўляюцца, як правіла, у другой частцы выпуску, дзе палітыка саступае месца “рознаму”. Беларусі, напрыклад, быў прысьвечаны сюжэт аб пасьпяховых гастролях артыстаў Белдзяржцырка ў Сынгапуры.
Але ж і “рознае” бывае розным. Сюжэт з Арменіі ў тым самым выпуску быў прысьвечаны рок-канцэрту ў Ерэване ў падтрымку нацыянальнай армянскай валюты “драм”. Ці можаце ўявіць сабе падобны сюжэт на БТ?