Як вы ацэньваеце пэрспэктывы спадарожнікавага вяшчаньня на Беларусь?
Андрэй Дынько, “Наша Ніва”:
“ЗАЛЕЖЫЦЬ АД АРГАНІЗАЦЫІ ПРАЦЫ”
Думаю, што пэрспэктывы канала залежаць ад арганізацыі працы на ім. Ад таго, наколькі праграмы будуць зарыентаваныя на публіку, якая будзе гэта глядзець. Па-другое, наколькі арганізатарам удасца вырашыць тэхнічнае пытаньне. Мы маем прыклад, калі чатыры радыёстанцыі канкуруюць адна з адной на кароткіх хвалях. Пры тым, што ніводную зь іх добра не чуваць у Беларусі. Калі б у нас была адна радыёстанцыя, але якая б мела грошы на сярэднехвалевы перадатчык, гэта было б больш эфэктыўна. Так і з тэлеканалам. Ацэньваць яго працу трэба будзе па тым, наколькі ён зьменіць сытуацыю. Калі гэты канал будзе створаны дзеля таго, каб перацягваць туды работнікаў зь іншых культурных сфэраў, то тады што зьменіцца? Нічога. А калі канал стварыць так, каб навучыць новых людзей, каб далучыліся новыя работнікі да культурнай беларускай працы, то тады, безумоўна, гэта будзе плюс. У цэлым, мне падаецца, гэта будзе гістарычным дасягненьнем беларускага нацыянальнага руху, калі мы створым свой незалежны тэлеканал.
Эдуард, прадпрымальнік:
“ПУБЛІКА З КОСМАСУ НЕ ПРЫЛЯЦІЦЬ”
У нас ужо больш за дзесяць гадоў выходзіць легенда беларускай прэсы, газэта “Наша Ніва”. Прычым, у якіх бы фарматах яна ні выходзіла, хоць у выглядзе літаратурнага альманаху, хоць палітычнага тыднёвіка, наклад яе не павялічваецца. Як быў тысяч пяць, такім і застаецца. Такія ж самыя пэрспэктывы чакаюць і гэты тэлеканал. Шырокай аўдыторыі пакуль у яго няма і невядома, калі будзе. Сыгнал з космасу запусьціць можна, але ж нармальная публіка з космасу не прыляціць.
Васіль, сельскі настаўнік:
“Я Б АДРАЗУ КУПІЎ САБЕ “ТАЛЕРКУ”
Самыя вясёлкавыя пэрспэктывы ў такога канала. Бо глядзець па скрыні даўно ўжо няма чаго. І калі б зьявіўся свой, беларускі нармальны канал – з культурнымі праграмамі, з гутаркамі з сапраўднымі пісьменьнікамі, зь беларускай музыкай, дык я б адразу купіў сабе “талерку”. Ды ня толькі я.
Альгерд Невяроўскі, карэспандэнт радыё “Свабода”:
“НАЎРАД ЦІ ДАДУЦЬ НАРМАЛЬНА ПРАЦАВАЦЬ”
Цяжка тут нешта канкрэтнае гаварыць, але, я думаю, што наўрад ці ўлады дадуць нармальна працаваць журналістам. Хутчэй за ўсё, будзе брацца карцінка зь Беларусі, а нейкі камэнтар будзе ісьці з Варшавы. Ну, і будуць, можа, нейкія аналітычныя праграмы, нейкія культурніцкія праекты. Канал будзе выдаваць той прадукт, які лёгка рабіць па-за межамі Беларусі. А працаваць здымачным групам унутры краіны наўрад ці хто-небудзь дасьць. Паўнавартасны канал са штодзённымі рэпартажамі зь месцаў наўрад ці атрымаецца.
Натальля, пэнсіянэрка:
“ДА СУСЕДЗЯЎ ХАДЗІЛІ Б ГЛЯДЗЕЦЬ”
Гэта каб Аляксандар Мілінкевіч ізноў залез у тэлевізар? Мне здаецца, гэта быў бы самы непрыемны сюрпрыз Аляксандру Лукашэнку. І ня так ужо важна, што тых талерак пакуль малавата. Цалкам дастаткова, каб чуткі пайшлі. Да суседзяў бы хадзілі паглядзець. Як я гадоў сорак назад хадзіла да суседзяў “на тэлевізар”.
Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр:
“КАНАЛ ПАВІНЕН ВЫРАЗНА АДРОЗЬНІВАЦЦА АД БТ”
Пэрспэктывы ў спадарожнікавага канала, безумоўна, ёсьць. Але пакуль што пра яго я ўвогуле нічога ня ведаю. І гэта мяне крыху насьцярожвае. Я ня ведаю, якім чынам там будзе ўсё арганізавана. Я па пальцах магу пералічыць людзей, якія ў гэтай краіне могуць стварыць канал. Немагчыма хлопчыку з вуліцы зрабіць тэлебачаньне. Баюся, у чарговы раз узьнікне тэма, што, маўляў, “мы гэтым беларусам далі грошы, а яны іх, як заўжды, выкарысталі не на справу”. Але калі нехта ў чарговы раз такім чынам зьбіраецца фінансаваць “беларускую дэмакратыю”, то гэта ў чарговы раз прывядзе да выкінутых сродкаў. Таму мне цяжка гаварыць пра пэрспэктывы. А незалежны тэлеканал, безумоўна, патрэбны. Але чым ён будзе насычаны – гэта пытаньне. Гэты канал павінен вельмі выразна адрозьнівацца ад таго, што мы бачым на БТ. Каб адразу ж заваяваць свайго гледача. Гэты канал ня можа быць бяззубым, “аб’ектыўным”, калі патрабуюць выдаваць два адрозныя пункты погляду. Таму што людзям, нязгодным з уладай, навязалі сытуацыю, пры якой іхнага голасу зусім не чуваць. Гэты канал павінен быць голасам незадаволенай часткі грамадзтва.
Алена Лукашэвіч, тэлекрытык:
“НЕ ХАЦЕЛАСЯ Б, КАБ КАНАЛ ЗЬБІЎСЯ НА КОНТРПРАПАГАНДУ”
Такі канал патрэбны, безумоўна. Але ўсё залежыць ад таго, на якую мэтавую аўдыторыю разьлічваюць стваральнікі. Складанасьцяў будзе шмат, таму што тэлебачаньне – гэта, у першую чаргу, асобы. У нас шмат цудоўных журналістаў і аналітыкаў. Але ці пагодзяцца яны зьявіцца ў кадры пад сваімі імёнамі? Я ведаю журналістаў з былой Югаславіі, Ірака, якія, нягледзячы на тое, што працавалі па-за кадрам, вымушаныя былі зьехаць на эміграцыю. Як глядач, я вельмі чакаю зьяўленьня гэтага канала, бо мне не хапае інфармацыі аб тым, што адбываецца ў беларускай культуры, у тым ліку па-за межамі Беларусі. Не хацелася б, каб гэты канал зьбіўся на контрпрапаганду. Тым, хто будзе яго глядзець, яна не патрэбная.
Аляксандар Дабравольскі, АГП:
“УСЕ ПАЛІТЫКІ ЗАЦІКАЎЛЕНЫЯ Ў ГЭТЫХ ПЭРСПЭКТЫВАХ”
Пакуль канала няма, то цяжка казаць і пра пэрспэктывы. Хочацца спадзявацца, што не такія, як у беларускай праграмы RTVI, якая наогул ніяк не ўплывае на беларускую сытуацыю. І я баюся, што тыя, хто ствараў “БЕЛСАТ”, ставілі задачу асвоіць грошы, а не зрабіць нейкі эфэкт. Але пакуль усё зацягваецца, дык я баюся гаварыць пра пэрспэктывы. Бо я, як і ўсе дэмакратычныя палітыкі, вельмі зацікаўлены ў гэтых пэрспэктывах.
April 13, 2007 у 02:05
“…ставілі задачу асвоіць грошы”.
З Дабравольскім, пры ўсёй да яго павазе, не зусім згодны. Але, калі ён нават і правы, дык што гэта мяняе? Кожны нармальны тэлеканал робіцца з прыцэлам на бабкі. А незалежны канал сапраўды патрэбны. Толькі вось тэлебачаньне, акрамя інфармацыі, нясе пэўны стыль, прапагандуе нейкую эстэтыку. БТ - мудацкую, яшчэ нейкі там -спажывецкую. Хацелася б, каб БелСат не прапагандаваў эстэтыку калгасную, каб гэта ўсё не выглядала правінцыйна. Таму згодны з Дыньком, які кажа пра падрыхтоўку моладзі. Бо густам былых савецкіх грамадзянаў я нешта не давяраю…
April 16, 2007 у 20:16
Здаецца мне, што i у космасе не будзе нiчога беларускага, як няма яго на звычайных “беларускiх” каналах… Можа, толькi назва… А разважаць аб тым чаго няма - толькi трацiць час.
April 17, 2007 у 22:08
Для успешной работы канала в плане демократизации общества Он должен быть двуязычным