Супрацьмясная абарона
На Вялікдзень Аляксандар Лукашэнка зладзіў уласную пропаведзь у Сьвята-Духавым саборы. Падчас сьвяточнага багаслужэньня ён ізноў заклікаў мацаваць шматвяковае братэрства беларускага і расейскага народаў. Забытыя былі ўласныя заявы двухмесяцовай даўнасьці пра “дахляціну, якой патыхае з Усходу”, пра “Крэмль, што зьдзекуецца зь беларусаў”. Цяпер нас ізноў заклікаюць разам з расейцамі супрацьстаяць нейкім невядомым пагрозам.
Аднак сяброўства сяброўствам, а мяса, як высьвятляецца, паасобку. І рыба таксама. Прадуктам зь Менску і Баранавічаў, Берасьця і Полацку ўсё цяжэй трапіць на расейскія рынкі.
Цяпер, каб гандляваць беларускімі прадуктамі ў Расеі, трэба атрымаць дазвол ад Россельгаснагляду. Нагадаем, што гэтае правіла пачало дзейнічаць з 2 красавіка. Так бы мовіць, падарунак на дзень народзінаў “саюзнай дзяржавы”.
Хаця беларускія мясакамбінаты загадзя паклапаціліся пра адпаведны дазвол, сёньня яго маюць толькі 3 з 23 буйных мясакамбінатаў. Астатнія вымушаныя чакаць ласкі ад расейцаў. У тым ліку і вядомы беларускі вытворца рыбнай прадукцыі “Санта Брэмар”. Гэтае прадпрыемства прайшло інспэкцыю, якая пастанавіла, што прадукцыя кампаніі цалкам адпавядае расейскім патрабаваньням, але… Паперы з дазволам “Санта Брэмар” не мае й сёньня, таму вымушаны спыніць пастаўкі ў Расею. Калі гэтая сытуацыя будзе доўжыцца яшчэ пару тыдняў, яна пагражае стратай рынкаў, якія беларусы заваявалі з такой цяжкасьцю.
А беларускія чыноўнікі тым часам маўчаць, як рыбы. Такое ўражаньне, што іх гэтая сытуацыя ня тычыцца.
Але, можа, расейцы гэтаксама прыдзірліва ставяцца да сваіх прадпрыемстваў? Вось толькі апошні прыклад: спэцыялісты расейскай Агульнанацыянальнай асацыяцыі генэтычнай бясьпекі дасьледавалі ў незалежных лябараторыях згушчанае малако айчынных вытворцаў. Вынік атрымаўся катастрафічны. З 12 тыпаў згушчонкі, дадзеных на аналіз, 8 не адпавядаюць заяўленай якасьці, а 5 утрымліваюць бактэрыі, што здольныя прывесьці да інваліднасьці й нават сьмерці, асабліва дзяцей.
Вы думаеце, гэтыя прадпрыемствы неадкладна зачынілі, а іхную прадукцыю сканфіскавалі з крамаў? Не, усе па-ранейшаму спакойна. А малако “Главпродукт”, якое апынулася сярод некандыцыйных (там знайшлі бактэрыі групы кішэчных палачак і ўзбуджальнікаў батулізму), свабодна прадаецца і ў Беларусі.
Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка, вядомы сваім прынцыповым стаўленьнем да малдаўскіх вінаў ды грузінскай мінэралкі, з гэтай нагоды спакойна так заявіў: “Штосьці там цалкам маглі знайсьці. Таму што, агітуючы за ўжываньне малака, я добра ўяўляю, што гэта надта ненадзейны прадукт”.
Да прадуктаў беларускіх мясакамбінатаў ці “Санта Брэмара” такіх прэтэнзіяў няма. Але ім на шляху ў Расею ствараюць штучныя перашкоды. Такім чынам, эканамічная дыскрымінацыя беларускіх вытворцаў відавочная.
Што мусіла б рабіць у такім выпадку адказная ўлада? Па-першае, спрабаваць дамовіцца з суседзямі. Аляксандар Лукашэнка не аднойчы пахваляўся сваімі сяброўскімі дачыненьнямі з Уладзімерам Пуціным. Дык, калі расейскія чыноўнікі прыніжаюць беларусаў, чаму б не зьвярнуцца наўпрост у Крэмль?
Калі ж высьветліцца, што і Пуцін у гэтай сытуацыі ня здольны або не жадае дапамагчы, можна было б прыняць адпаведныя захады датычна расейскай прадукцыі. У ёй, падобна, пры жаданьні нават чорта можна знайсьці. Хай нашыя санітарныя лекары таксама наладзяць прыдзірлівую інспэкцыю, прыкладам, расейскага мяса, якое ў вялікай колькасьці трапляе на паліцы нашых крамаў.
Яшчэ колькі год таму Пуцін казаў пра неабходнасьць аддзяліць катлеты ад мух. Сумесную супрацьпаветраную абарону расейцы з намі гатовыя стварыць хоць сёньня. І адначасова ладзяць абарону свайго рынку ад беларускіх прадуктаў.
Такі вось дзіўны атрымліваецца саюз у Менска з Масквой. Праўда, я ведаю пару сем’яў, дзе муж з жонкай маюць у лядоўні асобныя паліцы. І на чужую – ні-ні. Шчасьлівымі ці проста нармальнымі тыя шлюбы назваць цяжка. Але неяк жывуць. Ні міру, ні вайны. Выглядае, што нешта падобнае атрымліваецца і ў беларуска-расейскіх дачыненьнях.