Хто зьеў радыё?

Агляд велікодных праграм

Можна бясконца наракаць на Лукашэнку, што адмяніў другі сьвяточны дзень Вялікадня. Можна бясконца з зайздрасьцю ківаць на Літву, маўляў, у іх не адзін, а тры дні выходныя. Але што забараняе нам самім зрабіць сабе сьвята? Я ўважліва слухаў беларускія незалежныя радыёстанцыі. На пачатку вядучыя параю словаў згадалі пра сьвята, прагучаў віншавальны зварот айца Аляксандра Надсана. І ўсё. Далей – звычайныя перадачкі, звычайныя тэмы, звычайныя сюжэты – палітыка, эканоміка, зьняволеныя…

Я думаю, тым самым зьняволеным, хто сядзіць за кратамі й мае магчымасьць слухаць радыё, у сьвяточны велікодны дзень было б прыемна пачуць не пра свае беды, а пра тое, як на волі іхныя родныя нармальна сьвяткуюць. І толькі некаторыя аўтары ў сваіх аўтарскіх перадачах па-сапраўднаму адзначылі сьвята. На Радыё Свабода Міхась Скобла ў “Вольнай Студыі” запрасіў вельмі цікавую госьцю – Галіну Пілецкую-Дамашэвіч, якая намалявала незьлічоныя тысячы велікодных яек-пісанак. На Радыё Палёнія Чэслаў Сэнюх хораша перакладаў вершы-малітвы беларускіх паэтаў, а беластоцкі карэспандэнт У.Праховіч запісаў успаміны вясковай бабулі, а бабуля гаманіла жывой сакавітай беларускай мовай. Я б не адмовіўся, каб з такіх сюжэтаў складаліся ўсе праграмы ў сьвяточны дзень. Калі сьвята, гаспадар выстаўляе на стол найлепшыя, незвычайныя пачастункі, апранае чыстае, небудзённае адзеньне, сьпявае адмысловыя сьвяточныя песьні. Дык ці ж мы не гаспадары на сваіх радыёстанцыях?

Моўны жарт. 9 красавіка на Эўрарадыё вядучая Мара Нальшанская жыцьцярадасна пажадала “сонечнага настрою тым, хто зь Еўрарадыё”. А я ў гэты час сяджу, ем свой сьняданак і пачулася мне зусім па-іншаму: “… сонечнага настрою тым, хто зьеў радыё…” Смачна есьці!

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.