Каму “БЕЛКА”, каму – “БЕЛСАТ”
Ці ўдасца прарубіць новае “акно ў Эўропу”?
Адзін, два, тры, чатыры, пяць… Усё, беларускія тэлеканалы скончыліся. Застаўся толькі тэлеканал “Мір” (пра яго будзе асобная гаворка) ды расейскія каналы, пісаць пра якія не выпадае. Але ёсьць яшчэ надзея ў беларускага гледача! Увосень абяцае пачаць трансьляцыі з Польшчы спадарожнікавы канал “БЕЛСАТ”.
Газэта “Салідарнасьць” (www.gazetaby.com) нядаўна паведаміла некаторыя падрабязнасьці. Канал будзе вяшчаць 15 гадзінаў у суткі. Абяцаюць паказваць і “Навіны дня”, і ўласныя праграмы – у тым ліку “Беларусь, Беларусь” з удзелам палітычных экспэртаў, “Пад знакам Пагоні” (гістарычная), “Хто ёсьць хто ў Беларусі”, “Студэнцкая думка”, “Незалежная сцэна”, “Агляд незалежнай прэсы”. Усяго ажно 17 праграм. Ёсьць ад чаго прыйсьці ў захапленьне. Тым больш, мяркуецца, што праграмы будуць весьці беларускія журналісты па-беларуску. А навіны будуць рабіцца на відэаматэрыялах, атрыманых зь Беларусі. Галоўная задача канала – забясьпечваць жыхароў нашай краіны аб’ектыўнай інфармацыяй.
Чаго яшчэ больш жадаць? Вось толькі пытаньняў узнікае шмат. І галоўныя зь іх – два.
Па-першае, якім чынам будуць здымацца ў Беларусі тыя самыя відэаматэрыялы? Няўжо, на канале разьлічваюць атрымаць афіцыйную акрэдытацыю ў беларускім МЗС? Нешта ня верыцца, калі ўспомніць пра выпадкі дэпартацыі польскіх ды й расейскіх тэлежурналістаў, якія здымалі ня тое, што хацелася ўладам (пазачарговы Зьезд Саюзу палякаў, да прыкладу). А што будзе зь беларускімі грамадзянамі, заўважанымі ў незаконных з гледзічша ўладаў відэаздымках?
Ёсьць прыклад перадачы “Акно ў Эўропу” на канале RTVI, таксама створанай дзеля вяшчаньня на Беларусь. Ніхто зь беларускіх карэспандэнтаў дагэтуль не адважыўся зьявіцца ў кадры – ні ў Менску, ні ў маскоўскай студыі канала. І гэта цалкам зразумела.
Не зразумела іншае. На каго разьлічана вяшчаньне новага спадарожнікавага канала? На ўладальнікаў спадарожнікавых “талерак”, якія ў Беларусі маюць каля 7% аўдыторыі? Дык і тут улады ў выпадку патрэбы дадуць сабе рады. Магчыма, да татальнай канфіскацыі прыватных спадарожнікавых антэнаў, як у Іране, і ня дойдзе. Але ў Беларусі напэўна абавяжуць уладальнікаў талерак узгадняць іх усталяваньне зь мясцовымі чыноўнікамі (а раптам тыя антэны псуюць выгляд фасадаў, ці парушаюць тэхніку бясьпекі, ці яшчэ нешта). Такія захады пачаліся ўжо ў Горадні, іншых гарадах. Дастаткова будзе аштрафаваць аднаго-двух “парушальнікаў”, і астатнія законапаслухмяныя грамадзяне РБ здымуць свае талеркі добраахвотна.
І, нарэшце, самае важнае. Ці ўладальнікі спадарожнікавых антэнаў – гэта менавіта тая аўдыторыя, якая найбольш патрабуе аб’ектыўнай інфармацыі й ведаў пра Беларусь? Дарэчы, цікава было б ведаць, чым так радыкальна будуць адрозьнівацца перадачы па гісторыі Беларусі на “БЕЛСАЦЕ” ад неблагіх перадач на дзяржаўным тэлебачаньні – такіх, як “Новае падарожжа дылетанта”, напрыклад, ці дакумэнтальны сэрыял пра Касьцюшку? Нехта можа сказаць – ня трэба бурчэць да пары. Вось выйдзе новы канал у этэр, тады й паглядзім. Але, на жаль, мы ўжо маем даволі сумны досьвед пашырэньня радыёвяшчаньня на Беларусь з-за мяжы – на “Дойчэ вэле”, напрыклад, ад якога ўсім мірам давялося дамагацца, каб яно загаварыла хоць троху па-беларуску. Потым зьявіліся польскія радыёстанцыі на дыяпазоне ФМ. Кожнага разу на вяшчаньне з-за мяжы ўскладаліся вялікія спадзевы. Але колькасьць слухачоў незалежных радыёстанцыяў заўважна, у разы, не павялічылася.
Яно зразумела – чым болей будзе незалежных каналаў, харошых і розных, тым лепей. Але яшчэ лепей было б, каб незалежная прэса захавалася ў самой Беларусі. Магчыма, на “БЕЛСАЦЕ” зараз проста куюцца журналісцкія кадры для будучай вольнай беларускай прэсы. Што ж, і на тым, як кажуць, дзякуй.