Чаму ўлады працягваюць уціск беларускай мовы?
Уладзімер Някляеў, паэт:
“СЬВЯДОМАСЬЦЬ ЧЫНОЎНІКАЎ АБСАЛЮТНА РАСЕЙСКАЯ”
Таму што ўкладзена ў галаву, перш за ўсё Аляксандру Лукашэнку, што ўсё нацыянальнае толькі замінае крочыць да будучыні. Ён насамрэч так думае і назад вяртацца не зьбіраецца. Гэты працэс пайшоў па ўсёй вэртыкалі. І прычына тут – не пазыцыя аднаго чалавека. Нават у савецкіх чыноўнікаў, якія яшчэ заставаліся ў апараце, калі прыйшоў Лукашэнка, было хаця б фармальнае ўсьведамленьне, што павінна быць нешта нацыянальнае. Тое ж беларускамоўнае БТ, напрыклад. А ў сёньняшняга чынавенства й гэтага няма ў галаве. Традыцыя падтрымліваць дзяржаўную беларушчыну зьнікла, сьвядомасьць іх абсалютна расейская, яны ўжо праз пакаленьне адарваныя ад зямлі і бацькоўскай вёскі. Яны вырасьлі ў горадзе, у якім няма аніякай культуры. За нешта ж трэба зачапіцца. Ня ведаючы ні беларускай гісторыі, ні беларускай літаратуры, ні беларускай музыкі, яны ўяўляюць Беларусь толькі часткай расейскага абсягу. І шчыра працуюць на тое, каб у гэтым маленькім сваім стальцу ўпадобіцца таму вялікаму, які называецца Масквой.
Васіліна, настаўніца:
“ТАМУ ШТО БЕЛАРУСЫ ГЭТА ДАЗВАЛЯЮЦЬ”
А таму што большасьць беларусаў дазваляе ажыцьцяўляць гэты ўціск. Колькім людзям у Беларусі сёньня баліць лёс беларускай мовы? Тысячы, дзесяці тысячам? А астатнія што, цалкам шчасьлівыя й задаволеныя? Ну, дык і навошта дзеля тых дзесяці тысяч нешта мяняць? Мне нават здаецца, што лепш было б, каб улады праводзілі сапраўдную русіфікацыю. Як пры цары. Выкінулі мову са школы, з радыё, з шыльдаў. Можа, тады б у народзе абудзіўся нацыянальны гонар?
Рыгор Сітніца, мастак:
“ЯНЫ НЯ МОГУЦЬ ПАМЯНЯЦЬ СВАЮ ПРЫРОДУ”
Шарыкаў ня можа любіць культуру. А мова – гэта культура, гэта адукацыя. А Шарыкаў ня любіць адукаваных людзей. Ён ненавідзіць носьбітаў гэтай адукацыі й культуры. Таму ў нас іначай і быць не магло. Бо, каб чыноўнікі пачалі шанаваць мову, павінна зьмяніцца прырода гэтай улады. А яны ж ня могуць памяняцца. Як гэта – ціснулі, ненавідзелі, і раптам рабіць нешта адваротнае? Я таксама думаў, што ўжо і палітычная кан’юнктура падказвае – трэба адпускаць лейцы. Але прырода не дазваляе. Прырода гэтай улады – антыкультурная, антыінтэлектуальная, антыдухоўная. Гэта для некага мова – сродак камунікацыі, а ў нас гэта сьветапогляд! І мы настолькі розьнімся ў гэтым светапоглядзе, што яны ня могуць гэтага не адчуваць. Таму няма тут чаго чакаць. Выгляд яны б маглі зрабіць, але ня болей.
Барыс, студэнт:
“ГОРАЙ НЯ СТАНЕ”
Хай лепш працягваюць “разгаварываць” на сваім “языку”. У іх гэта вельмі натуральна атрымліваецца. Бо беларусізацыя зь іхнай ініцыятывы будзе поўнай прафанацыяй. Мова даўно ў заняпадзе, ад 17-га стагодзьдзя, так што пры гэтых горай ня стане. А там прыйдуць іншыя людзі.
Уладзімер Мацкевіч, філёзаф:
“ЯНЫ ІНСТЫНКТЫЎНА ЦУРАЮЦЦА МОВЫ”
Уціск працягваецца зь некалькіх прычынаў. Першая – гэта інэрцыя русіфікатарскай палітыкі, распачатай яшчэ пры Замяталіне. Яна была выгадная рэжыму ў той час, калі існавалі магчымасьці інкарпарацыі Беларусі ў Расею. Пасьля таго, як гэтыя магчымасьці сталі цалкам ілюзорнымі, актуальнасьць уціску беларускай мовы нібыта прапала. Але ж інэрцыя засталася. Другая прычына ў тым, што нацыянальная мова зьяўляецца падставай і для нацыянальнага мысьленьня. Тады як расейская мова тут заражаная скажоным сэнсам – сацыялістычным, які сёньня выкарыстоўваецца ў дзяржаўнай ідэалёгіі. Тая разнавіднасьць расейскай мовы, якой карыстаюцца ў Беларусі, прыстасаваная да таго, каб несьці гэтую ідэалёгію. А на сучаснай беларускай мове яна непрымальная. Сама мова супярэчыць гэтай ідэалёгіі. Напэўна, самі ідэолягі гэтага нават не ўсьведамляюць, але ж яны інстынктыўна цураюцца беларускай мовы, як мовы сапраўднай, існай.
Тацяна, хатняя гаспадыня:
“ТАМУ ШТО ГАЛОЎНЫ КІРАЎНІК НЕ ПАМЫЛЯЕЦЦА”
Таму што галоўны кіраўнік ніколі не памыляецца А каб аслабіць уціск, трэба ж прызнаць сваю памылку. Прычым прызнаць яе публічна. Сказаць, што ня толькі дзьве вялікія мовы – расейская і ангельская – ёсьць у сьвеце. Прызнаць, што ніякага дзьвюхмоўя ў нас няма і на ўспаміне. Самому загаварыць на беларускай мове. Але ж такое пакаяньне ў ягоных вачах, напэўна, было б праяваю слабасьці. Таму, пакуль Лукашэнка будзе наверсе, ня зьменіцца нічога.
Вінцук Вячорка, лідэр БНФ:
“ПРЫНЦЫПОВЫХ ЗЬМЕНАЎ ЯШЧЭ НЕ АДБЫЛОСЯ”
Тут ёсьць дзьве матывацыі. Сам Лукашэнка, маючы комплекс вясковага хлопца, якому трэба было пераадольваць сваю вясковасьць, яго не пераадолеў. Па-другое, уся палітычная схема апошняга дзесяцігодзьдзя будавалася на тым, што Беларусь ёсьць стартавым палігонам Лукашэнкі для далейшай кар’еры ў палітычнай прасторы Расеі. Нягледзячы на шырокае ўжываньне слова “незалежнасьць” цягам апошняга году, у гэтым сэнсе прынцыповых зьменаў яшчэ не адбылося. Ёсьць вельмі інтэнсіўныя кантакты з расейскімі радыкальнымі імпэрыялістамі й шавіністамі. І якая тут беларуская мова? Беларуская мова будзе перашкаджаць гэтым кантактам.
Аляксандар, прадпрымальнік:
“ЯНЫ ХОЧУЦЬ БЫЦЬ ПРЫКЛАДАМ ДЛЯ НАС”
Ня думаю, што яны працуюць паводле графіка – сёньня мы закрываем ліцэй Коласа, а ў наступным месяцы выкідаем мову з канала “Лад”. Бо калі б такі плян існаваў сапраўды, яны б даўно перакрылі кісларод і часопісу “Дзеяслоў”, і газэце “Наша Ніва”, і многім тэлеперадачам. Яны ня з мовай змагаюцца, а рэфлекторна рэагуюць на любыя праявы “некалхознасьці”. А ў Беларусі цудоўным чынам усё, што не “калхознае”, як правіла, беларускае. Ва ўсім сьвеце істэблішмэнт зьяўляецца прыкладам для масаў. У культуры маўленьня, культуры адзеньня, культуры паводзінаў. Яны, напэўна, таксама хочуць быць такім прыкладам для ўсіх нас. Дзякуй Богу, ня ўсе яшчэ гатовыя прымаць такі прыклад.
Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы:
“РАНЕЙШАГА ІМПЭТУ Ў ІХ УЖО НЯМА”
Тут прычына прагматычная. Бо ўлады спадзяюцца на тое, што Расея ім за гэта падкіне пару мільярдаў. А калі ўпэўняцца, што ад Расеі больш нічога ня будзе, тады спыняць уціск. За што давалі расейцы крэдыты гэтыя 12 гадоў? За поўны ўціск беларушчыны. Спадзяваліся, што шасьцю губэрнямі беларусы прыйдуць. А яны ня йдуць. І мову да канца ня зьнішчылі. Але зараз гэты ўціск набывае іншыя формы. Калі нешта людзі папросяць, то яны нешта па-беларуску і зробяць. Нейкія дробныя саступкі. Ім трэба паказваць братняй Расеі, што толькі яны трымаюць тут фронт. Бо калі іх ня будзе, тут будзе, як у Эстоніі. Але такога імпэту, як раней, ужо няма. Бо чыноўнікі ўжо маладыя. Старыя, савецкія, якія ціснулі мову па палітычных перакананьнях, даўно на пэнсіі. Сёньняшняе чынавенства ўсё цудоўна разумее. Гэта дзеці перабудовы, мову яны ведаюць. Таму й ціск аслабеў. Бо яны без загаду нічога ня робяць. Ініцыятывы, як іх папярэднікі, яны не праяўляюць. А дзе могуць, там трохі й дапамагаюць.
April 11, 2007 у 11:40
Праблема Свабоды - ёсьць большае за мову, а не толькі мовы,палягае ў гнілым духу мінскіх “нацыяналістаў” . Бяру сьвядома апошняе слова ў дужкі, каб сьцьвердзіць тэзу, што праўдзівага, разьвітога інтэлектуальнага нацыяналізму ў Мінску няма. Няма філасофіі нацыі,як Бацькаўшчыны.А ёсьць чапляньне за ўладу лукавых інтрыганаў, былых штатных прапагандыстаў КПСС. У свой час быў створаны “Калхоз (таварыства, рэзэрвацыя) беларускай мовы” начале з былым членам ЦК КПБ , а цяпер пераняты былым камуністычным партляйтэрам рэстаўрацыйныых мастэрняў. Усе памятаюем, як ён заляцаўся перад замяталкіным, з чалабітнымі пра адкрыцьцё нейкага “беларускага” ўнівэрсітэту, дзе без сумневу мроіў сябе на пасадзе рэктара.
Вось ягоная логіка:” ўлады спадзяюцца на тое, што Расея ім за гэта (вынішчэньне нацыі - ) падкіне пару мільярдаў. А калі ўпэўняцца, што ад Расеі больш нічога ня будзе, тады спыняць уціск”.
Дык Расея і падкіне.
Чым адкажа тусоўка профі-беларусаў? Вядома. Будуць сядзець у сваіх офісах,зацята змагаючыся з канкурэнтамі за месца пад сонцам,
ездзіць у страбургі і прафэсійна плакаць пра ўціск.