“Харошае пагадненьне” з Расеяй

Падзеі 25 сакавіка адсунулі на другі плян новае пагадненьне аб разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларусяй і Расеяй, падпісанае напярэдадні ў Менску.

Афіцыйныя ўлады падаюць гэты дакумэнт як узаемакарысны. Абодва бакі зноў загаварылі аб разьвіцьці беларуска-расейскай інтэграцыі й стварэньні “мытнага саюзу”.

На БТ й беларускае радыё зноў пачала вяртацца саюзьніцкая рыторыка. А 2 красавіка ў Менску адзначылі Дзень яднаньня Беларусі й Расеі. Паведамлялася, што Пуцін нават павіншаваў з гэтым сьвятам Лукашэнку праз тэлефон. А нязьменны сакратар так званай саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі Павел Барадзін заявіў, што кіраўнікі дзяржаваў даўно памірыліся й гутараць між сабой праз тэлефон ледзь не штовечар. Праўда, чамусьці гэты факт захоўваецца ў глыбокім сакрэце.

Аднак, калі гаварыць сур’ёзна, названы дакумэнт заслугоўвае ўвагі. Бо  прааналізаваўшы яго, можна зрабіць выснову: ці сапраўды гэтае пагадненьне карыснае для абодвух бакоў? Ці Беларусь усё-ткі засталася ў пройгрышы?

Паводле заяваў расейскага прэм’ера Міхаіла Фрадкова і кіраўніка беларускага ўраду Сяргея Сідорскага, новае пагадненьне «дазволіць зьняць абмежаваньні ва ўзаемным гандлі для больш свабоднага доступу тавараў дзьвюх краінаў на рынкі адна адной”. Фрадкоў выказаў аптымізм што да пэрспэктываў далейшых інтэграцыйных зносінаў Расеі й Беларусі. А Сідорскі назваў дакумэнт рэальным выхадам на “адзіны мытны саюз”.

Здавалася б, падпісаньне гэтага пагадненьня павінна было зьняць напружанасьць у тых самых гандлёва-эканамічных стасунках, якая ўзьнікла ў апошнія месяцы.

Але насамрэч праблемы паўсталі яшчэ падчас падрыхтоўкі пагадненьня. І яны нікуды ня зьніклі пасьля. Бо гэты дакумэнт адназначна не нясе выгады для Беларусі.

Аб намеры падпісаць двухбаковае міжурадавае пагадненьне стала вядома яшчэ на самым пачатку вясны. Тады Сяргей Сідорскі заявіў , што гэта можа быць зроблена на пасяджэньні саюзнага Савету міністраў 23 сакавіка ў Менску. «Сёньня пытаньне стаіць аб тым, каб падпісаць харошае пагадненьне, якое зьняло б усе праблемы беларуска-расейскіх эканамічных адносінаў”, — заявіў тады прэм’ер РБ.

Для Беларусі такое пагадненьне сапраўды было скрайне неабходным – пасьля напружанай зімы колькасьць праблем у адносінах з Расеяй ня зьменшылася. Напрыклад, у Беларусі з-за абмежаваньняў на ўвоз цукру ў Расею спыніліся ўсе цукровыя заводы. А Расея так і не спыніла квотаў на пастаўкі цукру.

Беларуская дэлегацыя выправілася ў Маскву дзеля вырашэньня гэтага ды іншых, ня менш казытлівых пытаньняў. Плянавалася, што ўсе праблемы будуць урэгуляваныя да 23 сакавіка.

І раптам 21 сакавіка стала вядома, што падпісаньне пагадненьня сарванае. Адказнасьць за зрыў Масква ўсклала на Беларусь. Міністар эканамічнага разьвіцьця РФ Герман Грэф і віцэ-прэм’ер РБ Андрэй Кабякоў адклалі падпісаньне міжурадавага пагадненьня пасьля таго, як беларускі бок прапанаваў унесьці ва ўжо ўзгоднены праект шэраг сур’ёзных зьменаў.

Але 23-га дакумэнт усё ж быў падпісаны. Выглядае, што Расея ўлучыла некаторыя дадатковыя рычагі ўплыву і за два дні “праціснула” падпісаньне дакумэнта. Толькі ніякіх саступак урад РБ не дамогся. Хутчэй, наадварот, – пагадненьне для нашай краіны можна лічыць пройгрышным.

Калі вывучаць яго ўважліва, узьнікае вельмі шмат пытаньняў. Беларусь саступіла Расеі такія прывабныя кавалкі рынку, як піўны, пагадзіўшыся зьняць абмежаваньні на ўвоз расейскага піва з 1 сакавіка, альбо тытунёвы, зьняўшы квоты на ўвоз расейскіх цыгарэт. Акрамя таго, Беларусь пагадзілася да 1 ліпеня скасаваць таксама абмежаваньні на ўвоз рыбы і морапрадуктаў з Расеі.

У той самы час Беларусь добраахвотна абмежавала сама сябе ў пастаўках у Расею свайго цукру, адмовілася ад патрабаваньня захоўваць расейскія тавары на складах часовага захаваньня і ад патрабаваньня да беларускіх прадпрыемстваў купляць сельгастэхніку толькі ў беларускіх вытворцаў.

Нарэшце, беларускі бок пайшоў на скасаваньне дадатковага збору за праезд па тэрыторыі Беларусі грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў, якія належаць расейскім фірмам.

Падараваць расейцам фактычна цэлы рынак піва й тытуню – гэта вельмі значная саступка. А што ж Беларусь атрымала ўзамен?

Ды амаль нічога. Расейскі бок пагадзіўся скасаваць ад 15 траўня 2007 году плату за рэгістрацыю беларускіх транспартных сродкаў пры ўезьдзе на тэрыторыю РФ. А таксама на ўзгадненьне (!) умоваў зьбіраньня ўскосных падаткаў пры экспарце й імпарце тавараў паміж дзьвюма краінамі.

І гэта ўсё. Беларускія спажыўцы ад гэтага пагадненьня, мабыць, і выйгралі. (Змогуць піць больш таннае расейскае піва, напрыклад.) Але беларускія вытворцы – прайгралі.

Але ж і пасьля падпісаньня пагадненьня іншыя праблемы засталіся. Днямі кіраўнік Россельгаснагляду Сяргей Данкверт заявіў аб рашэньні расейскага боку дазволіць пастаўкі мяса й мясных прадуктаў толькі з тых прадпрыемстваў, якія атэстуюць расейскія вэтэрынары. Не пасьпелі ачомацца пасьля цукрова-цукерачнай вайны, як чарга дайшла да мяса. І гэта Сяргей Сідорскі называе “харошым пагадненьнем”?

У выніку, як бачым, нягледзячы на бадзёрыя заявы чыноўнікаў і клятвы кіраўніцтва ў братэрскай дружбе народаў, улады РБ адступаюць у дачыненьнях з РФ па ўсіх накірунках.

Алег Ман

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.