Люблю я Радыё Свабода
Агляд радыё
1 красавіка адзначылі мы любімае сьвята – Дзень Сьмеху. Хаця ў нашым палітычным жыцьці кожны дзень здараюцца сьмешныя выпадкі: то прэзыдэнт павесяліць якім мудраслоўем пра Скарыну ў Піцеры, то апазыцыянэры пачнуць лаяцца матам, але добрага гумару ўсё ж такі не хапае. І ўспомнілася мне добрая перадачка – “Квадракола”, якая колісь выходзіла на Радыё Рацыя. Які фантан ідэй пырскаў з радыёпрыймача, якія мілагучныя галасы лашчылі наш слых, якія драматычныя гісторыі разгортваліся перад намі… Сумна без Даздрапермы Віленаўны, Ангеліны Нябёснай і іншых вясёлых пэрсанажаў гэтай праграмы. От было б добра, каб “Квадракола” зноў загучала на нашых хвалях. Ёсьць жа нямала сатырычных і гумарыстычных літаратурных твораў, якія варта агучыць сёньня. Напэўна, знойдзецца нямала аўтараў, якія захочуць напісаць новыя творы. Адзін такі неўміручы шэдэўр аўтарства віленскага літаратара Сьцяпана Дзінь-Дзілевіча я й хацеў бы прапанаваць у сёньняшнім аглядзе. Хоць у песьні згадваецца толькі адна радыёстанцыя, але яе можна сьмела адрасаваць усім нашым незалежным радзівам.
Люблю я Радыё Свабода,
Зь ім нарадзіўся я і рос,
Зь яго пазнаў нямала шчасьця,
Зь яго пазнаў нямала сьлёз.
Люблю нашых карэспандэнтаў,
Яны паўсюль усунуць нос,
Яны ўсё так жывапісуюць,
Што ледзяніць душу мароз.
Люблю свабодну экспэртызу,
Там як шампан ідэі пруць,
Там Лукашэнку праклінаюць,
А Пазьняку паклоны б’юць.
Люблю навіны і старыны,
Паэзья грэе мне душу,
Люблю агляд лістоў паслухаць,
Бо кожны дзень і сам пішу.
Усё ў тым радыю мне міла,
Люблю Свабоду я сваю,
Як з калыханкай засынаю,
Як зь першым пеўнем устаю.
April 9, 2007 у 11:43
Гэта ня толькі радыё тычыцца…
Цікава, а на “Белсаце” сьмешнае будзе?