Тэлебачаньне бязь піва – грошы на вецер
Агляд TV
Пагаворым пра тое, чаго нармальны глядач ня любіць больш за ўсё. Не, не пра праграму “Панарама”, ці “Ў цэнтры ўвагі”. Пра тэлерэкляму. Канечне, і мне, і вам даводзілася бачыць, як пэнсіянэры, гледзячы на рэкляму якіх-небудзь тампонаў з крылцамі падчас любімага сэрыялу, плююцца, але ж канал не пераключаюць. Бо ведаюць, што ўбачаць на іншых нешта падобнае. Ёсьць нават адмысловы кліп, дзе гледачам тлумачаць – чаму ім проста неабходная рэкляма. А таму што безь яе беднаму тэлебачаньню ня будзе чым плаціць за трансьляцыю матчаў Лігі чэмпіёнаў альбо тых самых “мыльных опэраў”. (Мыльнымі іх некалі назвалі з-за таго, што трансьляцыя першых тэлесэрыялаў у Амэрыцы перапынялася рэклямай пральнага парашку).
Пра рэкляму і яе ўзровень сказана ўжо шмат усяго. Але ёсьць падстава вярнуцца да размовы. Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытаньні “Закон аб рэкляме”. Пачынаючы з 1 студзеня 2008 году будзе прыпыненая рэкляма тытунёвых вырабаў. Таксама забараняецца рэкляма піва ад 7-й раніцы да 20-й гадзіны вечара.
Мяне, як чалавека, які ня курыць, забарона рэклямы цыгарэт павінна толькі цешыць. А што тычыцца піва, дык рэкляма “Крыніцы” (гэта калі мужыкі плешчуцца ў джакузі, а адтуль, з каламутнай вады, вынырвае раптам дзяўчына з куфлямі на падносе), на мой погляд, здольная выклікаць у гледача ваніты. Так што чым меней такой рэклямы – тым лепей.
Аматараў “Панарамы” ды іншых грамадзка-палітычных перадач павінен ўзрадаваць сьпіс радыё- і тэлетрансьляцыяў, якія забаронена перапыняць рэклямай. Гэта выступы прэзыдэнта, прэм’ер‑міністра, кіраўнікоў абедзьвюх палат, трансьляцыі сэсіі Нацыянальнага сходу, дзяржаўныя мерапрыемствы, (далей – увага! М.П.) жалобныя ды іншыя афіцыйныя цырымоніі, а таксама рэлігійныя і некаторыя дзіцячыя перадачы. Пра выступы кандыдатаў у прэзыдэнты ці ў дэпутаты падчас выбарчых кампаніяў – ані слова.
Рэкляма не павінна будзе перавышаць 20% агульнага вяшчаньня на радыё і тэлебачаньні цягам сутак і 30% у так званы прайм-тайм – ад 18-й да 22-й гадзіны. Гэта значыць – агулам ня больш за 20 хвілінаў на гадзіну. Працягласць жа рэклямных ролікаў не павінна быць больш за 4 хвіліны.
А цяпер падлічым. Рэкляму, зразумела, будуць імкнуцца выкарыстаць па поўнай праграме. Гэта значыць, цягам гадзіны яе нам пакажуць мінімум пяць разоў па чатыры хвіліны, альбо дваццаць разоў па адной. Што пнём аб саву, што савой аб пень. Нават калі мы будзем глядзець мастацкі шэдэўр Хічкока, нам усё адно будуць пэрыядычна паказваць крылцы ў самыя напружаныя моманты сюжэту.
Могуць запярэчыць – ня хочаш, не глядзі. Глядзі спадарожнікавае TV, альбо кабэльнае. Але ж адна справа, калі зь цябе бяруць абанэнцкую плату. І зусім іншая — калі ў цябе дома стандартны набор пяці беларускіх і двух-трох расейскіх тэлеканалаў (насамрэч, сумесных, кшталту НТВ-Беларусь). І што самае цікавае – усе гэтыя каналы, як быццам, дзяржаўныя. А значыць, існуюць, у першую чаргу, за кошт дзяржаўнага бюджэту – то бок, на нашы з вамі падаткі. А потым ужо – за кошт камэрцыйнай рэклямы. Хаця, калі падумаць, такога на дзяржаўным тэлебачаньні ўвогуле не павінна быць, каб не было спакусы зарабляць “левыя грошы” ад рэклямадаўцаў – за права паказу ў прайм-тайм, напрыклад.
Ну, а пакуль клопат дзяржавы, за кошт якой існуе беларускае тэлебачаньне, праяўляецца ў тым, што ў вялікім законапраекце няма ні слова пра беларускую мову. Пра ахову грамадзкай маралі ад парнаграфіі ёсьць. А пра абарону нацыі і яе культуры ад гвалту – анічога.
Так што львіная доля рэклямы па-ранейшаму будзе выходзіць па-расейску.
На беларускай пакуль адважваюцца рэклямаваць сваю прадукцыю толькі сусьветна вядомыя замежныя фірмы – такія, як “Самсунг” альбо “Тэфаль”. І рэкляма ў іх найбольш прыстойная. Дык можа, яно й добра?
Максім Пешка
April 12, 2007 у 01:11
Удакладненьне. Гэта была рэкляма “Алыварыі”, а не “Крыніцы”.