За якую Беларусь змагаецца сёньня апазыцыя?
Тацяна, настаўніца:
“ПРА ГЭТА МАЛА ХТО ДУМАЕ”
Мне здаецца, пра нейкі зразумелы вобраз Беларусі мала хто думае. Адны мараць пра недасягальны ідэал, у галовах другіх – суцэльны нэгатыў. Калі б нашы апазыцыйныя палітыкі ведалі, за якую Беларусь ідзе іхнае змаганьне, дык мы, напэўна, даўно жылі б у зусім іншай краіне.
Аляксандар Фядута, публіцыст:
“ГЭТА БЕЛАРУСЬ ДЭМАКРАТЫЧНАЯ, НЕЗАЛЕЖНАЯ”
На мой погляд, адзіны вобраз Беларусі ў апазыцыі існуе. Гэта Беларусь дэмакратычная, незалежная. Рынкавая – для той часткі апазыцыі, якая трымаецца правых эканамічных поглядаў. І, на мой погляд, культурная. Таму што большая частка нашай апазыцыі ўсё ж людзі культурныя, у адрозьненьне ад улады. Гэта дастаткова разумны вобраз Беларусі. Зараз існуе пэўнае чаканьне ад лідэраў, перш за ўсё ад Мілінкевіча. Ён, нарэшце, перастаў адчуваць сябе адзіным кандыдатам невядома якіх дэмакратычных сілаў. Ён адчувае сябе чалавекам адказным. І палітыкам адказным. Ён павінен прапанаваць грамадзтву вось гэты самы вобраз Беларусі, за якую ён будзе змагацца сам і будзе весьці за сабой, перш за ўсё, маладую генэрацыю беларускай апазыцыі. Пакуль што вядома галоўнае – ён не павядзе яе на Бангалор.
Васіль, студэнт:
“ЗА САВЕЦКУЮ РЭСПУБЛІКУ ЗМАГАЦЦА НЯМА ПАТРЭБЫ”
Апазыцыя змагаецца за нацыянальную, беларускамоўную, праэўрапейскую краіну пад бел-чырвона-белым сьцягам. Прынамсі, я так разумею гэтае змаганьне. Бо якое можа быць яшчэ? За савецкую, рускаязычную рэспубліку змагацца ўжо няма патрэбы. Яна ў нас ёсьць. І хочацца, каб змаганьне за сапраўдную Беларусь было больш гучным і разнастайным. Не абмяжоўвалася б адно толькі мітынгамі на Дзень Волі.
Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“ПЫТАНЬНЕ ПАКУЛЬ НЯ МАЕ АДКАЗУ”
Апазыцыя ў нас неаднародная. Яна складаецца з розных партый, якія па вызначэньні супрацьлеглыя ў сваіх праграмах. Акрамя партыйнай, ёсьць яшчэ грамадзянская апазыцыя, у якой безьліч розных бачаньняў. І казаць пра нейкае адзінае бачаньне Беларусі ў нашай сытуацыі аніяк не выпадае. Апазыцыя змагаецца пакуль не за нейкую Беларусь. Яна змагаецца супраць рэжыму. І, калі ўявіць сабе, што з рэжымам нешта станецца, вось тады мы зможам сказаць – гэтая частка апазыцыі змагаецца за Беларусь у складзе Эўропы, другая частка змагаецца за сацыяльную Беларусь, а гэтая частка – за поўную лібэралізацыю. А пакуль пытаньне ня мае адказу.
Найбольш пасьлядоўны ў гэтым пляне БНФ Пазьняка. Таму яны ні з кім не яднаюцца. І плён гэтага змаганьня мы таксама бачым. І ці ня сьведчыць гэты прыклад з КХП БНФ аб тым, што беларускае грамадзтва не гатовае прыняць нейкую адзіную ідэю Беларусі? Беларусь ніколі ня будзе толькі савецкай, як і толькі капіталістычнай, выключна празаходняй ці цалкам праўсходняй. Магчыма, праблема апазыцыі, што яна ня можа сфармуляваць нейкую канцэпцыю Беларусі, дзе б усе складовыя часткі фармаваліся ў агульнае цэлае. Беларусь – гэта ня шкло, гэта вітраж. І скласьці палітычны малюнак гэтага вітража апазыцыя пакуль ня ў стане.
Кірыла, прадпрымальнік:
“АПАЗЫЦЫЯ ЗМАГАЕЦЦА САМА З САБОЙ”
Бяда нашай апазыцыі ў тым, што яна змагаецца не “за” нешта, а “супраць” чагосьці. І гэта тая бяда, якая ад яе шмат людзей адштурхоўвае. А яшчэ яна змагаецца паміж сабой. У апазыцыі няма самага галоўнага – міту “за што змагаемся”. Трэба стварыць міт. Тут можа прыдасца нават проста ўдалы слоган. А паколькі нашая апазыцыя ня ведае, за што яна змагаецца, дык яна ўвесь час гуляе на адбіваньне. Лукашэнка робіць ход, а апазыцыя адказвае. І яна не зрабіла пакуль ніводнага апераджальнага кроку, акрамя неразумнага запрашэньня Лукашэнкі на Дзень Волі.
Аляксандар Мілінкевіч, палітык:
“ПАЧАКАЙЦЕ МЕСЯЦ”
Мы якраз працуем над мэмарандумам, дзе будзе падрабязны адказ на гэтае пытаньне: за якую Беларусь варта змагацца? Па-другое, там будуць закранутыя адносіны з братамі па кааліцыі. Па-трэцяе, там будзе стратэгія, як дайсьці да гэтай Беларусі. Тое, чаго не хапае сапраўды. Таму што ясны вобраз трэба мець. Мы зараз над гэтым працуем. Пачакайце месяц.
Крысьціна Вітушка, стваральніца сайта “Нашы дзеткі”:
АПАЗЫЦЫЯ – ЗАГАДКАВАЕ СЛОВА
За беларускую, напэўна. За Беларусь, дзе яны будуць адчуваць сябе патрэбнымі і ўплывовымі. За Беларусь для сваіх дзяцей. За Беларусь утульную, надзейную. Падобную на ўласную хату. Тую, якой можна ганарыцца, і якая ня будзе асацыявацца ў іншаземцаў з дыктатурай. Прынамсі я змагаюся ўсімі сіламі за такую Беларусь. І людзі вакол мяне таксама. А ўся апазыцыя – што гэта такое? Гэта загадкавае слова.
April 11, 2007 у 12:39
“Калі б нашы апазыцыйныя палітыкі ведалі, за якую Беларусь ідзе іхнае змаганьне, дык мы, напэўна, даўно жылі б у зусім іншай краіне.”
Не сумняюся, што лідэры апазыцыі ўсьведамляюць і досыць канкрэтна свае мэты. Але маўчаць і не выказваюцца. Каб не спалохаць бараноў.
А рэальна нам пагражае прыход да ўлады новай хвалі тыранаў. якія скарыстаюцца з відавочнай грамадзянскай наіўнасьці а пасыўнасьці насельніцтва і ўсталююць працяг ужо існуючага раскраданьня нацыянальнай уласнасьці, а дыктатуры фінансавай мафіі з татальнай дыскрымінацыяй сацыяльна-палітычных,рэлігійных і эканамічных правоў і свабодаў. І нічога іншага. Гамана па (бела)-руску заахвочваецца.
June 14, 2007 у 19:11
…apazicyja zmagaeccca?Fraza vyklikaja u sapraudnaga belarusa gneu,u voraga - zadavolenuju usmeshku.Zmagaecca hiba Shacikava z synami, moladz z MF(jakoj,prauda,paryc mozgi hryscijanski Seviarynec),dy use tyja,hto jashe j za kaval hleba vajue…
July 1, 2007 у 08:12
Пакуль у Беларусі не відаць ніякай апазыцыі, а толькі шайка здрайцаў, якія на замежныя грошы зноў спрабуюць прарвацца да карыта улады ад якога іх сапхнулі убок. Цяперашнія лідары грызуцца паміж сабою насмерць то за расейскія, то за нямецкія, то за амэрыканскія, то за польскія грошы. Але ж паночкі вы праігралі выбары на ўсіх узроўнях і дарога вам адна - браць у рукі рыдлёўку і капаць траншэі на будоўлях, каб зарабіць на хлеб, бо у палітыцы ваш уплыў на электарат роўны нулю. Пакуль саўковы электарат так кахае Аляксандра Рыгоравіча проста няма аб чым размаўляць - С.Калякін тупа будуе камунізм, А. Лябедзька нейкую вэрсію расейскага лібералізма, А. Мілінкевіч узмацняе калгасы, В. Вячорка не ведае куды падацца, так уся Беларусь і будзе сядзець па вушы у калгасна прыгоннай грамадскай сістэме і назіраць як іншыя краіны Усходняй Эўропы рвуцца наперад.
За мяжой Беларусі пэўна ёсць нацыянальны лідэр Беларусі, але чамусці саўковаму электарату пакуль ад яго толку мала. А самаму Зянону сапраўды лепш быць жывым за мяжой, чым гніць у Беларусі за кратамі ці у зямлі.