Мех праблем

Цікава! Высьвятляецца, што Беларусь пакуль што фактычна плаціць за газ 55 даляраў за тысячу кубоў. А праблемы ў эканоміцы – нібыта кошт “блакітнага паліва” ў тры разы вышэйшы.

Днямі міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц паведаміў, што ў першым паўгодзьдзі Беларусь аплочвае толькі 55% ад агульнага аб’ёму газу, які купляе. Каб спрасьціць сытуацыю, можна палічыць наступным чынам: цана на газ (100 даляраў за тысячу кубоў) перамнажаецца на 0,55. Атрымліваецца 55 даляраў.

Але ж рост цэнаў у прамысловасьці толькі ў студзені склаў 12,6%. Прадукты сталі даражэйшыя, паводле афіцыйнай статыстыкі, на 6,4%. Пра жыльлё я ўжо не кажу.

Адначасова ўрад бадзёра рапартуе пра рост вытворчасьці. Прыкладам, аб’ём прамысловай прадукцыі ў студзені вырас на 8,5%. Аднак, як адзначае намесьнік дырэктара навукова-дасьледчага інстытуту Міністэрства эканомікі Віктар Пінігін у інтэрвію “Эканамічнай газэце”, з гэтых 8,5% каля 7% пайшло на склад. Праз гэта толькі павялічыліся запасы прадукцыі – вось і ўсё дасягненьне.

Канечне, урэшце за газ давядзецца разьлічвацца па 100 даляраў. Аднак з улікам таго, што ўрад РБ патрабуе (і, хутчэй за ўсё, атрымае) ад Расеі крэдыт на 1,5 мільярды даляраў, падвышэньне кошту на газ будзе перакрытае з запасам. А ёсьць жа яшчэ 625 мільёнаў, якія сёлета абавязаны аддаць нам “Газпром” за долю ў “Белтрансгазе”. З улікам усяго гэтага ў бюджэце Беларусі грошай у гэтым годзе будзе на мільярд даляраў больш, чым у мінулым. Чаму ж пачаліся праблемы?

Доктар эканамічных навук, былы кіраўнік Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч тлумачыць гэта неэфэктыўнай эканомікай, якая пабудавана за гады праўленьня Лукашэнкі. Праблемы зь фінансамі няма, кажа ён у “Эканамічнай газэце”. Падобна, што ўлады ўзьнялі лямант пра мітычныя 5 мільярдаў даляраў, якія нібыта страціла Беларусь ад падвышэньня цаны на газ (насамрэч, мы заплацім Расеі прыкладна мільярд болей, чым у мінулым годзе – як ужо казалася вышэй, крэдыт і грошы за “Белтрансгаз” з гакам перакрыюць гэтую суму), каб сьпісаць на іншых уласныя эканамічныя пралікі.

“Шматмільярдныя расейскія субсыдыі ў форме ільготных цэнаў на энэрганосьбіты (між іншым, Беларусь і цяпер плаціць значна меней, чым Літва і Ўкраіна, ня кажучы ўжо пра Нямеччыну) і выключна спрыяльная кан’юнктура на экспартаваныя нафтапрадукты, калійныя солі, чорныя мэталы ды шэраг іншых тавараў не прывялі да стварэньня эфэктыўнай збалянсаванай эканомікі, — адзначае Станіслаў Багданкевіч. – Пра гэта сьведчу ня я, а паказчыкі дзяржаўнай статыстыкі. Дэфіцыт зьнешнегандлёвага балянсу краіны за 2006 г. перавысіў 1,5 мільярда даляраў. Сукупны зьнешні доўг павялічыўся болей чым на 1 мільярд даляраў, агулам наблізіўшыся да 7 мільярдаў. Унутраная запазычанасьць банкам павялічылася на 52,7%. Больш за палову суб’ектаў гаспадараньня або стратныя, або нізкарэнтабэльныя. Канкурэнтаздольнасьць прадпрыемстваў зьніжаецца – каля 50% балянсуюць на мяжы банкруцтва”.

Так што, мех праблем беларуская эканоміка мела яшчэ да падвышэньня цаны на газ. А яго мы пакуль што нават не адчулі.

Цяпер улады спрабуюць адсунуць справакаваны імі эканамічны крызыс пры дапамозе зьнешніх пазыкаў і крэдытаў. Інакш абвал можа здарыцца ў любы момант. А так Лукашэнка возьме толькі ў Расеі і толькі за адзін раз 1,5 мільярда даляраў, каб далей распавядаць пра посьпех сваёй эканамічнай мадэлі, а вяртаць грошыкі, хутчэй за ўсё, давядзецца ўжо наступнаму прэзыдэнту.

Пры тым улада нават цяпер, калі хібы эканомікі сталі відавочныя, не сьпяшаецца іх выпраўляць. Сытуацыя яшчэ больш заганяецца ў тупік. Канечне, можна праіснаваць яшчэ некалькі год, распрадаючы найлепшыя прадпрыемствы краіны (як той жа “Белтрансгаз”). Але атрыманыя даляры часткова скрадуць, часткова праядуць, і на выхадзе мы апынемся і без даляраў, і без маёмасьці.

Валеры Філін

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.