Без чарнавіка

Нядаўна прапанавалі мне сустрэцца з маладымі літаратарамі. Вельмі не хацеў у гэтым удзельнічаць. Бо чым мой уласны досьвед можа быць карысны ім, дзецям зусім іншай эпохі? Яны – дзеці асфальту, а маё дзяцінства было “каўбойскае”. Cowboy – гэта й ёсьць “хлопчык пры каровах”. І што ім да таго, як правільна хадзіць па іржышчы басанож, каб не пакалоць пяткі? (А ў нас казалі РЫЖЫШЧА і БАСЯКОМ.) Ставіш нагу ня зьверху, а “валачэш ногі” за сабой. І ня колка, толькі сьцяблінкі, выпростваючыся, страляюць табе ў твар драбнюткімі кропелькамі расы.

Яны, седзячы ў Берасьці або ў Баранавічах, могуць мець лучнасьць зь сябрамі, што жывуць у Мэльбурне ці Рэйк’явіку. А я нават па тэлефоне-аўтамаце ўпершыню пазваніў у 17 гадоў, калі прыехаў у вялікі горад паступаць у інстытут. Доўга шукаў – куды ж гэта кідаць тыя дзьве капейкі. (Не адзін я такі быў: бачыў, як вясковая цётка дзерлася на ўсю моц у будцы, прыклаўшы трубку мікрафонам да вуха, а слухаўкаю да рота.)

З інтэрнэту можна даведацца ўсё – ды няма ў гэтым сеціве павучынай сеткі ў дыямэнціках расы. І ніколі ніхто адтуль не даведаецца, як пахне хлеб, толькі што выбраны зь печы. Які водар маюць антонаўкі, пакладзеныя ў склепе на паліцы, засланыя саломай. Які смак кілбасы, што доўга-доўга сохла на ражне, падвешаным пад печкай. Які няўлоўны пах ільнянога палатна, разасланага на зялёнай траве, каб адбельвалася на сонцы.

Хто скажа штось кепскае пра каньяк “Хенэсі”, віскі “Белы конь” ці гарэлку “Абсалют”? Але ці я калі забудуся пра смак “першака”, які мне, малому, даваў пакаштаваць у лыжцы мой дзед, калі ноччу, у цішыні й цемры – каб, крый божа, ня ўнюхаў участковы – гнаў самагонку з сапраўднай брагі?

А навошта каму патрэбен цяпер мой студэнцкі досьвед – як пасьля экзамэнаў па гісторыі КПСС ці якой “палітэканоміі сацыялізму” мы набіралі цэлыя “батарэі” “вермуту” па рубель дваццаць і вымывалі ім усю завучаную каламуць са сваіх мазгоў. Адзін мой сябар для большага эфэкту яшчэ высоўваў галаву ў фортку й крычаў дзікім голасам. Але мэтад быў пасьпяховы й бяз гэтага – я нічагусенькі ня памятаю з тых “навукаў”.

Мала таго, што мае веды непрыдатныя для новых часоў. Да ўсяго я й сам не хачу і не імкнуся быць для кагосьці “гуру”, “настаўнікам” ці нават дарадцам. Сам я меў у юнацтве такіх, якім верыў і якіх любіў, і то былі сьветлыя й сумленныя людзі. Толькі вось той шлях, па якім я спрабаваў ісьці за імі, скончыўся ў наш час тупіком – а яны пра гэта ў тыя часы ня ведалі й ведаць не маглі.

А мяне не адзін дзясятак гадоў мучыла пачуцьцё віны, што я павярнуў, быў змушаны пайсьці зусім у іншым кірунку. Цяпер то разумею – ніякай здрады не было. Але гэта – цяпер.

Таму нікога ня клічу ісьці за сабой – як і сам не люблю хадзіць “у нагу”.

Нядаўна перабіраў сваю фанатэку, і сярод тысячы свайго “вінілу” знайшоў дыск “Бітлоў”. І стаў узгадваць – чаму я прайшоў міма гэтай музыкі. Бо пік іх росквіту прыйшоўся якраз на часы маёй маладосьці.

Безумоўна, мне ўжо тады адкрыліся і Бах, і Моцарт, і Рахманінаў – а што “Бітлы” ў параўнаньні з гэтым?

Але ж не, я зусім не належу да тых, што сядзяць на выключна “высокадухоўнай” дыеце, дзе Дастаеўскі закусваецца Джойсам, запіваецца Сартрам з К’еркеграм на дэсэрт.

Бадай што “адбіла” мяне ад “Бітлоў” – бітламанія. Быць фанам, аддана глядзець у вочы і ў рот куміру, маліцца на яго партрэты – не для мяне. Там, дзе прасьмярдзелы потам і захапленьнем натоўп – там мяне няма. І ніколі ня будзе.

Але гэта мая й толькі мая справа.

Сярод творцаў былі самыя розныя людзі – добрыя й злыя, вясёлыя й панурыя, шчодрыя й скупыя, пэдэрасты й “натуралы”, славутыя й забытыя.

Ды кожны быў змушаны пісаць кнігу свайго жыцьця сам. Старонка за старонкай.

І – без чарнавіка.

Алег Аблажэй

Водгукаў на публікацыю “Без чарнавіка”: 64

  1. Miron кажа:

    ,…Zdarou,Aleg!Kali vyhodzish da lidzej z tekstami,to ne pishy “geta maja i tolki maja sprava”.Ne pishy getyh ilzhyvyh fraz! Ci geta ty prosta na zhyccio zarabliaesh,jak nashy apazicijnyja “paliciki”.
    dalej.Pra “starasc”…Tabe kstolki gadou,nakolki ty siabe adchuvaesh.Ja vos,byvae,siarod nekatoryh 20-gadovyh adchyvae siabe na 10-c))))))).I mne ih shkada,bo jany u 20 uzho staryja ((((((((.Pryvitanne Hrysci!

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.