БССР замест БНР

альбо Ня трэба дудукаць

25 сакавіка адзначылі Дзень Волі. На Радыё Свабода адзін з арганізатараў сьвята, Віктар Івашкевіч, заўважыў: “Адсьвяткавалі па поўнай праграме: хто хацеў мірнага шэсьця – прайшоўся, хто хацеў мітынгу й канцэрту – пагаварыў, пасьпяваў, хто хацеў паштурхацца зь міліцыяй – атрымаў сваё”. Шкада, што адказ Віктара быў вельмі кароткі. Добра было б, калі б рэдакцыі радыёстанцыяў запрасілі да сябе ў госьці іншых арганізатараў Дня Волі й падрабязна распыталі ў іх, ці задаволеныя яны й ці ня варта пашукаць чаго-небудзь новенькага.

Калі была створана Беларуская Народная Рэспубліка, камуністы вырашылі перахапіць ініцыятыву й абвесьцілі сваю БССР. І калі аб’ектыўна ацаніць, дык някепская дзяржава атрымалася. Гісторыя паўтараецца: насуперак Дню Волі ўлады прыдумалі свой канцэрт “За независимую Беларусь”. На “Свабодзе” Севярын Квяткоўскі ў двух словах расказаў пра гэтыя канцэрты. А я, дальбог, зь цікавасьцю б паслухаў больш падрабязны рэпартаж і аналіз гэтых канцэртаў.

Моўная спрэчка. На Эўрапейскім Радыё для Беларусі ёсьць добрая перадача – “Рэдкія словы”. Усім, хто любіць нашу беларускую мову й хоча ведаць яе лепей, настойліва рэкамэндую яе слухаць. Але адзін з выпускаў прымусіў мяне ўсумніцца. 21 сакавіка йшла гаворка пра слоўца “шушукаць”. Вядучы Павал Кміціч вырашыў, што гэта русізм, і прапанаваў замест яго слова “дудукаць”. А на мой погляд, і адно й другое слоўцы – беларускія. Шушукаць – гэта значыць, гаварыць нешта шэптам. Дудукаць – гаварыць занудна, манатонна. А яшчэ ёсьць падобныя словы – цыкаць, сыкаць, гыркаць, сакатаць, – яны азначаюць розныя спосабы гаварэньня. Можа хто-небудзь ведае іншыя гэткія словы – падкажыце.

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.