Агент 25-03 на экране
Ці варта апраўдваць “сэксотаў”?
Падрабязна апісваць, як беларускія дзяржаўныя каналы падавалі дэманстрацыю 25 сакавіка, дальбог, ня варта. Калі паказвалі саміх дэманстрантаў, дык такім чынам, каб у кадры было відаць чалавек пяць-дзесяць, ня больш, і каб ніводнага сьцяга ці транспаранта. Калі паказвалі замежнага фотакарэспандэнта, дык акурат у той момант, калі той пазяхаў (маўляў, вось як сумна было). Калі гаварылі пра мітынг ля Акадэміі навук, дык паказвалі адно толькі пустыя пляшкі з-пад мінэралкі ды недакуркі.
Дарэчы, дагэтуль так і невядома – а што стала са сьмецьцем, якое так старанна здымала БТ летась, пасьля разгону намётавага лягера на Кастрычніцкай плошчы.
Праўда, захаваліся і зусім іншыя кадры, якія ўвайшлі ў дакумэнтальны фільм “Плошча”: там супрацоўнікі міліцыі ў пагонах ды камунальшчыкі забіраюць сабе “на памяць” хто мікшэрскі пульт, хто цёплую куртку, хто прадукты. Нічым ня грэбавалі марадзёры – нават недаедзенай каўбасой.
На жаль, і ў гэтым сумленным фільме ёсьць адступленьне ад праўды. Рэжысэр кажа за кадрам, што галоўнай праблемай насельнікаў лягера была гарачая ежа й пітво. Насамрэч, галоўнай была зусім іншая праблема, больш далікатнага характару. Тыя, хто сапраўды быў там, ведаюць, чаму людзі стараліся як мага меней есьці й піць. Ад таго, што героі Плошчы былі й ёсьць нармальнымі, жывымі людзьмі, іхны грамадзкі ўчынак не становіцца менш мужным.
І вось для таго, каб чарговы раз прынізіць іх гонар, паспрабаваць абліць брудам усіх, хто выходзіў на Плошчу летась, БТ прыдумала чарговае спэцшоў.
Акурат напярэдадні 25 сакавіка выйшла ў этэр сэнсацыйнае інтэрвію зь нейкім Уладзіславам Міхайлавым. Гэты тэлегерой распавёў, як ён вучыўся ў Польшчы паводле праграмы Каліноўскага, як там кепска й сумна жыць і як яго, небараку, польскія ўлады прымушалі адпрацоўваць стыпэндыю акцыямі супраць кіраўніцтва РБ.
Уладзіслаў Міхайлаў некалькі месяцаў назад у Польшчы публічна прызнаўся ў тым, што яго завэрбаваў КГБ. Колькі было шуму ў прэсе вакол гэтага! Нікому не вядомы датуль студэнт зрабіўся героем незалежнай прэсы й замежных радыёстанцыяў. У яго бралі інтэрвію, пра яго гаварылі, пісалі. Адна праваабаронца дагаварылася да таго, што да такіх, як Міхайлаў, трэба ставіцца далікатна, клапаціцца пра іх унутраны сьвет, каб не параніць душу.
Душэўны хлопчык Міхайлаў нечакана вярнуўся ў Беларусь, у родны Гомель. І плюнуў у твар сваім сябрам, усёй апазыцыі ды яшчэ палякам з тэлеэкрану. Ну, а БТ размазала гэты плявок, што называецца, па поўнай праграме. Смурод ад усяе гэтай гісторыі пайшоў моцны. Чаго й дамагаліся спэцслужбы. Да іх пытаньняў няма.
Засталіся іншыя пытаньні. Ці варта было незалежнай прэсе важдацца зь яўным правакатарам? І ці не пасьпяшаліся назваць праграму навучаньня ў Польшчы рэпрэсаваных у Беларусі студэнтаў гучным імем Каліноўскага? Такія гістарычныя сымбалі шмат да чаго абавязваюць. І ня варта імі раскідвацца, каб потым імёны нацыянальных герояў дэманстраваліся на фоне рознага роду міхайлавых.
March 30, 2007 у 09:40
як карабель назавеш — так ён і патоне
Тэлекрытык газэты “Свабода” Максім Пешка, нарэшце агучыў важую рэч пра падзеі мінулага году
“І ці не пасьпяшаліся назваць прагр…