Кампэнсацыі за дзядоў

У суседняй Літве ўпершыню будзе разгледжана грамадзянская справа, па якой трое грамадзян гэтай краіны патрабуюць, каб Расея кампэнсавала ім нематэрыяльныя страты ў памеры паўмільёна эўра.

На такую суму Зоф’я Ліпейкене, Бенедыктас Пускунігіс і Аўксе Пашкувене ацаніцілі маральныя страты, панесеныя іх ужо нябожчыцай маці й бабуляй, якую ў 1951 годзе прысудзілі да 25 гадоў канцэнтрацыйных лягераў у Сыбіры. У 1956 годзе Она Пускунігене была вызвалена, вярнулася ў Літву і да самай сваёй сьмерці ў 1976 годзе дамагалася аднаўленьня справядлівасьці. Яна была рэабілітаваная ўжо пасьля аднаўленьня незалежнасьці краіны. Надуманыя абвінавачаньні зь яе былі зьнятыя.

Сёньняшні судовы працэс можа стаць прэцэдэнтам, які выкліча абвал падобных справаў па ўсім былым Савецкім Саюзе. Адвакат хадайнікаў Кастуціс Чылінскас сьцьвярджае, што калі дзяржавы ня здольныя дамовіцца між сабой аб кампэнсацыі стратаў, прэцэдэнт могуць стварыць шараговыя грамадзяне.

“Патрэбныя канкрэтныя дзеяньні ў судах, ініцыятыва, — кажа Чылінскас. – Нямеччына таксама пачала выплаты кампэнсацыяў за вываз людзей у гады другой сусьветнай вайны на прымусовыя працы толькі пад ціскам патрабаваньняў грамадзян праз суды. Толькі пасьля таго, як быў створаны прэцэдэнт, урад заснаваў спэцыяльны фонд фінансавых кампэнсацыяў. Цалкам можа быць, што і Расея створыць такі фонд”.

Як і ў справе з кампэнсацыямі ад Нямеччыны, могуць разьлічваць на такія кампэнсацыі ад Расеі – правапераемніцы СССР — і грамадзяне незалежнай Беларусі. Усяго ў нашай краіне ў часы сталіншчыны толькі паводле афіцыйных зьвестак было незаконна рэпрэсавана 600 тысяч чалавек. Ці атрымаюць іх нашчадкі кампэнсацыі за пакуты дзядоў – пакажа час.

Аглядальнік

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.